Вы тут

Багаслоўе ў камені


Прапануем чытачам невялічкае практыкаванне — так бы мовіць, размінку для мозгу. Наступную сітуацыю вам, думаецца, уявіць будзе няцяжка: на дварэ спякота, працаваць не хочацца і ў душы непрыемна… І вось у пошуках заспакаення і душэўнай раўнавагі вы наведваецеся ў храм (у нашых шыротах гэта звычайна будзе царква або касцёл). Памяшканне прахалоднае, паветра ўнутры насычана пахамі ладану і воску (даруйце такі «свецкі» падыход). Вы набліжаецеся да іконы і паглыбляецеся ў сябе, але… нешта замінае! Здавалася б, усё на месцы: вера, крыж, абразы — а таінства не адбываецца.


Праект храма ў гонар свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску.

Што ж здарылася? Асмелімся дапусціць, што пры іншых роўных умовах адказ хаваецца ў самой царкве. Чагосьці мо не хапіла гэтаму памяшканню, каб падарыць вам рэлігійнае перажыванне. Не змагла, відаць, «культавая пабудова» пераадолець свой наменклатурны статус і ператварыцца ў паўнавартасны храм, умяшчальню Духа Божага. Гэткая праблема вельмі актуальная для сучаснай сакральнай архітэктуры і асабліва архітэктуры праваслаўных цэркваў. Здаецца, і купалы залацяцца, і крыжы ўстаноўлены, і алтарная апсіда там, дзе трэба, а назваць будынак храмам усё адно язык не паварочваецца.

Такія непрыгожыя «гістарычныя» цэрквы, зробленыя з кідкіх сучасных матэрыялаў ды яшчэ і з невытлумачальнымі прапорцыямі, сёння можна ўбачыць часта. Супрацоўнікі архітэктурнай майстэрні «Прохрам» таксама стаміліся глядзець на тое і вырашылі ўзяць лейцы ў свае рукі. На працягу каля дзесяці гадоў творчы калектыў на чале з архітэктарам Дзмітрыем Астравумавым займаецца праектаваннем новых праваслаўных храмаў і царкоўных будынкаў, а таксама рэканструкцыяй старых. Тое, што пачыналася як звычайная захопленасць, ператварылася ў паспяховае і дастаткова буйное прадпрыемства.

Дзеля справядлівасці адзначым, што дастаткова буйным гэтае прадпрыемства можна назваць толькі ў апошнія чатыры-пяць гадоў. Раней жа калектыў бюро складаўся, уласна, з кіраўніка і некалькіх памочнікаў. Адпаведна, і заказаў было няшмат. Але апошнім часам прапановы здараюцца ўсё часцей, і на майстэрню пачынаюць звяртаць увагу. Гэта звязана, апрача іншага, з шырокім профілем работ і комплексным падыходам, што гарантуецца супрацоўнікамі. «Прохрам» займаецца як праектаваннем будынкаў, так і вытворчасцю прадметаў храмавага ўбрання, іканапісам, рэстаўрацыяй старых абразоў і нават навукова-асветніцкай дзейнасцю.

Праект храма ў гонар Святой Троіцы ў Барысаве.

Нас жа цяпер цікавіць менавіта архітэктурная творчасць незвычайнага калектыву. Яго прадстаўнікі спецыялізуюцца ў асноўным на праваслаўных пабудовах, але, са слоў Дзмітрыя Астравумава, не супраць узяцца і за іншыя хрысціянскія храмы. Творчы кіраўнік нагадвае, што аснова для ўсёй хрысціянскай архітэктуры была закладзена даўно. Яе традыцыі бяруць пачатак у пазамінулым тысячагоддзі — ад візантыйскага перыяду і нават ад давізантыйскіх раннехрысціянскіх практык. Нягледзячы на гэта, кожны кірунак хрысціянскага дойлідства за час свайго «незалежнага» існавання значна ўзбагаціўся новымі спецыфічнымі традыцыямі.

Менавіта падрабязнаму вывучэнню і даследаванню гэткіх традыцый і канонаў сусветнай і айчыннай храмавай архітэктуры супрацоўнікі майстэрні прысвячаюць шмат часу. Яны з вялікай павагай ставяцца да гісторыі і, так бы мовіць, экалогіі храмавага дойлідства. Рэгулярнае чытанне тэкстаў вялікай унутранай бібліятэкі, як сцвярджае Дзмітрый Астравумаў, уваходзіць у працоўныя абавязкі. Перад тым, як узяцца за новы праект, аўтарамі разглядаецца багаслоўскі бок пытання, гістарычны і культуралагічны кантэксты і, само сабой, падрабязна вывучаюцца прапановы заказчыка.

Заказчыкам часцей за ўсё выступае свяшчэннік якога-небудзь мясцовага прыхода. Калі колькасць прыхаджан павялічваецца так, што немагчыма далей заставацца ў непрыстасаваным памяшканні і пастве патрэбны паўнавартасны храм, святар звяртаецца ў майстэрню па дапамогу. Тут пачынаецца ўсё самае цікавае. Свяшчэннікі пераважна не разумеюць асаблівасцей храмавага дойлідства (яны і не павінны) і звычайна просяць проста паўтарыць што-небудзь убачанае імі асабіста. А цяпер здагадайцеся, што бачыць свяшчэннік навокал? Што, напрыклад, бачыце вы?

Сённяшнія цэрквы — гэта пераважна «копіі копій», паводле выразу самога Дзмітрыя. Гэта бясконцае і бяздумнае паўтарэнне «традыцыйных» элементаў, якое не мае пад сабой ніякай падставы. Здавалася б, за спінамі цэлае ХХ стагоддзе… Ды што казаць! Ужо амаль мінула чвэрць стагоддзя ХХІ. Архітэктура не стаіць на месцы, у тым ліку і сакральная. І «класічны» «рускі» храм на фоне сучаснага гарадскога пейзажу прыцягвае ўвагу хіба што сваёй недарэчнасцю (вядома, мы не кажам цяпер пра гісторыка-культурныя помнікі, якія з’яўляюцца адбіткамі пэўнага часу). Чаму ж тады настолькі распаўсюджаны на нашых землях гэтыя формы?

Архітэктар прапануе такі адказ на пытанне: «Свядомасць рэлігійных людзей вельмі традыцыяналісцкая. А чаму яна традыцыяналісцкая? Таму што сфармуляваныя дагматы нашай веры нязменныя». Такім чынам, па логіцы людзей, калі дагматыка змяняцца не можа, то, адпаведна, не можа змяняцца і светаўспрыманне. Горкая ж праўда заключаецца ў тым, што новыя формы ўжо даўно вынайдзены і дагматызм ніякім чынам не перашкаджае руху думкі. Напрыклад, архітэктурнае бюро «Прохрам» актыўна працуе са спадчынай эпохі мадэрн, спалучаючы яе з прыёмамі старадаўняй візантыйскай архітэктуры. Атрымліваецца вельмі цікава!

Вось і даводзіцца кожны раз пераконваць заказчыка ў правамернасці свайго бачання, абараняць важкасць творчага пачатку. Як ні круці, а Прыгажосць — адно з імён Божых, і яна цесна звязана з паняццямі творчага працэсу і творчага пошуку. Новы храм будуецца ласкай Гасподняй, і праз сумесную творчасць архітэктара, заказчыка і Святога Духа рэалізоўваецца важны прынцып сінергіі. Але тут галоўнае — вытрымаць баланс. Храмавая архітэктура за такую доўгую гісторыю, натуральна, паспела спарадзіць велічэзную колькасць дадатковых сэнсаў і выпрацаваць цэлую сімвалічную сістэму. Скажам, паўкруглыя скляпенні разумеюць як нябесную сферу, а квадратную падлогу — як зямную цвярдыню.

Акрамя мовы сімвалаў, ёсць і іншыя, больш далікатныя рэчы. Тут мы вяртаемся да пытання адрознення ўсходняй і заходняй традыцый. Дзмітрый у сваіх інтэрв’ю і лекцыях неаднаразова паўтарае загадкавую фармулёўку: «На Захадзе ў царкоўнай архітэктуры страчана асабістая прысутнасць слова божага на Зямлі». Тут маецца на ўвазе наступнае. У Сярэднявеччы падчас так званых «паламіцкіх спрэчак» каталіцкая царква на ўзроўні дагматаў фактычна адмовілася ад ідэі прысутнасці Бога ў энергіях. Чалавек, такім чынам, згодна з гэтым разуменнем, не можа наўпрост прычыніцца да боскай сутнасці. Гэты момант аказаў вялікі (можна сказаць, вызначальны) уплыў на далейшае развіццё заходняга багаслоўя і царкоўнага мастацтва.

 Эскіз капліцы ў Мінску.

«Адсутнасць» Святога Духа на Зямлі, па меркаванні Дзмітрыя, добра адчуваецца ў хрысціянскай архітэктуры заходніх узораў (касцёл тое або кірха — няважна). Цэнтрам такіх храмаў з’яўляецца чалавек і з гэтага вынікаюць усе іх асаблівасці. Готыка — спроба людзей дацягнуцца да нябёсаў, дацягнуцца туды, дзе прысутнічае Святы Дух (цалкам «зямная» логіка, пагадзіцеся). Барочныя ўпрыгожванні і аздоба — таксама чыста чалавечы падыход. У той жа час праваслаўная архітэктура — гэта нішто іншае як памкненне стварыць божы дом на Зямлі. Праваслаўныя цэрквы ўзнікаюць, як лічыцца, непасрэдна дзякуючы Гасподняй ласцы.

Супрацоўнікі архітэктурнай майстэрні імкнуцца ўлічваць усе пералічаныя нюансы пры рабоце над будынкам. Сярод рэалізаваных праектаў выдзяляюцца, напрыклад, храм Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Мінску ці драўляная царква Купяціцкай іконы Божай Маці ў Калодзішчах. Акрамя таго, у скарбонцы творчага аб’яднання — праектныя рашэнні для многіх яшчэ непабудаваных храмаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Балансуючы на грані паміж традыцыйным і сучасным, усходнім і заходнім, зямным і нябесным, каманда архітэктараў «Прохрам» ператварае багаслоўскія ідэі ў жыццё.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота з сайта prohram.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.