Вы тут

Пошукавікі з Іркуцка прыехалі ў Магілёў, каб ушанаваць памяць сваіх землякоў


Таццяна Улыбіна і Любоў Сахацкая— настаўніцы, кіраўніцы пошукавых атрадаў «Сібір» і «Вернасць». Разам са сваімі выхаванцамі — школьнікамі і студэнтамі, якім ўсяго па 16-18 гадоў, яны пераадолелі некалькі тысяч кіламетраў, каб пабываць у тых мясцінах, дзе ваявалі ўраджэнцы іх краю. Дывізія, дарэчы, брала ўдзел і ў абароне, і ў вызваленні Беларусі.


— Мы тут дзякуючы вашаму пошукавіку Сяргею Тагаеву, з якім два гады таму завязалася наша перапіска ў інтэрнэце, — расказала кіраўнік атрада «Сібір» з сяла Алха Іркуцкай вобласці Таццяна Улыбіна. — Пачалі абменьвацца інфармацыяй, а потым ён прапанаваў прыехаць у госці. Нашы маладыя людзі з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне. Мы з імі разам пабывалі не ў адной пошукавай экспедыцыі і ведаем, што самыя моцныя пачуцці перажываеш менавіта на месцы колішніх падзей. 42-я стралковая дывізія прайшла праз усю Беларусь, і Магілёў стаў першым горадам на шляху сібіракоў.

Пошукавікі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» арганізавалі для гасцей пазнавальную экскурсію. Расіянам паказалі невялічкі фільм пра дзейнасць клуба, які сёння налічвае каля 150 чалавек. Кіраўнік «Віккру» Мікалай Барысенка пазнаёміў з прадметамі, знойдзенымі на месцах раскопак, расказаў, як захоўваецца памяць пра герояў вайны ў Беларусі. У тым ліку і байцоў узвода 42-й стралковай дывізіі пад камандаваннем Трафіма Яскіна, які першы фарсіраваў Дняпро і ўзяў плацдарм каля вёскі Дабрэйка Шклоўскага раёна.

Сам камандзір пры гэтым быў цяжка паранены, а ўвесь узвод цалкам загінуў. Трафім Яскін усё жыццё перажываў, што для яго байцоў, якія былі яшчэ зусім маладыя хлопцы, гэты рубеж стаў апошнім. Ён аб'ездзіў усе архівы, сабраў па кожным з іх поўную інфармацыю. А яшчэ зрабіў памятную пліту, якую у канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя прывёз у Шклоўскі раён і паклапаціўся, каб яна была ўстаноўлена на месцы кровапралітных баёў. Сібіракі перадалі сваім калегам з Магілёва дакументальны фільм, дзе Яскін успамінае ваенныя падзеі і расказвае пра сваіх «хлопчыкаў». Ён перажываў, што не ім, а іншым, якія ішлі па іх слядах, дасталася слава герояў. Атрымалася як у той песні: «Погибает у болота первый взвод вторая рота, ордена получит кто-то...» Узвод Яскіна загінуў да таго, як паспеў замацавацца на адваяваным рубяжы, і подзвіг яму не залічылі.

— Трэба аднавіць справядлівасць, — перакананая Таццяна Улыбіна. — Мы маем усе доказы таго, што ўзвод Яскіна быў першы. Ён сам пакінуў нам усе дакументы, якія гэта пацвярджаюць. А яшчэ прасіў свайго сына Аляксандра, які стаў гісторыкам, каб той таксама нешта зрабіў для памяці герояў вайны. Аляксандр звярнуўся да нас, сваіх калег, і было прынята рашэнне аб'яднацца ў пошукавую арганізацыю «Даніна памяці». Для нас вельмі важна, каб нашчадкі ведалі сваіх сапраўдных герояў. Сёння ў нас шмат паслядоўнікаў з ліку моладзі, мы разам ездзім па месцах былых баёў і дзеці выхоўваюцца на рэальных прыкладах.

З тым, што баявыя заслугі ўзвода Трафіма Яскіна павінны быць ушанаваныя, згодныя і магілёўскія пошукавікі. Такія спробы рабіліся і раней, але прыезд іркуцкіх калег стаў яшчэ адным штуршком.

— Яскін прывозіў доказы, што яго ўзвод быў першы, вельмі перажываў з-за таго, што заслугі па ўзяцці заваяванага крывёю яго байцоў плацдарма забралі іншыя, — пацвердзіў Мікалай Барысенка. — Але на той момант нічога змяніць не атрымалася. Цяпер зрабіць гэта ў межах былога Савецкага Саюза немагчыма, але можна выправіць несправядлівасць на мясцовым узроўні і абазначыць гэта ў мемарыяльным знаку.

У расіян была магчымасць пабываць на месцы былых баёў і ўшанаваць подзвіг мужных вызваленцаў.

— Мы перажылі ў гэты момант вельмі моцныя пачуцці, — прызналіся іркуцкія пошукавікі. — Мірнае сённяшняе поле, дзе каласіцца жыта і лётаюць птушкі. І сэрца сціскаецца, калі ўспамінаеш, што тут грымела вайна і гінулі зусім маладыя людзі.

На сустрэчы ўспаміналі імя яшчэ аднаго знакамітага сібірака — двойчы Героя Савецкага Саюза, камандзіра двойчы Чырванасцяжнай 43-й арміі Афанасія Белабародава. У Віцебску ёсць музей баявой славы гэтай арміі, якая насіла яго імя, а самому герою прысвоена званне ганаровага грамадзяніна гэтага горада.

— Прадстаўнікам нашага атрада аднойчы пашчасціла прыехаць у Віцебск і наведаць гэты музей, — падзялілася кіраўніца атрада «Вернасць» Любоў Сахацкая. — Там яны сустракаліся з сынам генерала — Уладзімірам. Гэта была вельмі цёплая і плённая сустрэча, у нас з'явіліся новыя звесткі пра героя і шчырыя сябры. Дарэчы, наша школа носіць імя гэтага военачальніка.

Сёння атрад «Вернасць» налічае 32 чалавекі. Некаторыя з тых, хто захапіўся пошукам яшчэ ў школе, ужо студэнты, але па-ранейшаму ў страі. Пошук, як той казаў, зацягвае.

Пасля Магілёва сібіракі адправіліся ў Мінск, а потым у Брэст. Таццяна Улыбіна падзялілася, што калісьці да яе звярнуўся сын чырвона-армейца Кісліцына з просьбай даведацца пра лёс зніклага без вестак бацькі. Мяркуецца, што яго сляды губляюцца дзесьці ў раёне Брэста.

— Сын героя летась памёр, але я абяцала яму, што буду шукаць, — кажа Таццяна Улыбіна і дадае: — Мы і нашу моладзь выхоўваем так, каб помнілі пра кожнага героя. І я ведаю, што яны ніколі не скажуць, як некаторыя: «Ну колькі можна ўспамінаць пра гэтую вайну, столькі гадоў прайшло, каму гэтыя ўспаміны патрэбныя?»

Дарэчы, уражанні ад Магілёва ў гасцей засталіся самыя цёплыя. Тут іх сапраўды прымалі як сваіх. Дырэктар Магілёўскага электратэхнічнага каледжа Віктар Бурака забяспечыў транспартам і пражываннем, «віккруўцы» арганізавалі экскурсіі па мясцінах баявой славы, звазілі на мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».

— Сібіракі пакінулі пасля сябе самыя цёплыя ўражанні, — прызнаўся пошукавік клуба «Віккру» Сяргей Тагаеў. — Гэта ж толькі ўявіць сабе, колькі дзеці праехалі, каб убачыць усё на свае вочы. Толькі да Магілёва дабіраліся чатыры дні. Мне прыемна, што яны не расчараваліся ў нас, бо ўбачылі, што нашы людзі таксама неабыякавыя. І памяць для нас — не пусты гук.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Па слядах 42-й стралковай дывізіі

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках