Вы тут

Студэнцкая гумарына


Раней студэнты, якія ехалі на вучобу з вёскі, цягнулі ў горад поўныя чамаданы ды сумкі. У іх былі напакаваны слоікі з варэннем, з тушонкай, кавалкі сала, загорнутыя ў паперу…  Ноша — як пад- няць! Вярталіся ж звычайна з пустым багажом. Добра яшчэ, калі везлі назад парожнія слоікі. А часцей за ўсё ў заплечніках ды сумках было пуста…

Неяк адзін студэнт-першакурснік ехаў дадому. У Лунінцы, як звычайна, адбывалася перасадка на іншы цягнік, чакаць доўга… Каб не насіць з сабой чамадан, хлопец пакінуў яго ў камеры захоўвання ды пайшоў гуляць па горадзе. Паспеў нават кіно паглядзець...

Вярнуўся на вакзал. Падышоў да ячэйкі, набраў шыфр. Не адчыняецца! Тузаў, тузаў дзверцы — ніяк. Кінуўся шукаць дзяжурнага…

— Што там у цябе ляжыць? — строга пытаецца той, стоячы каля камеры захоўвання.

— Чамадан.

— А ў ім?

— Вожыкі.

— Дзе браў?

— Купіў.

Цішыня. Мужчына пільна паглядзеў на хлопца.

— Навошта з сабой возіш?

— Гляджу іх. Дзядзечка, адчыніце, калі ласка! Я на цягнік спазнюся!

Між тым, дзяжурнаму даліся ў знакі вожыкі. Ён задуменна прамовіў:

— Як яны там?

— Хто? — не зразумеў студэнт.

— Ды вожыкі твае!

— А што ім зробіцца: ляжаць, — паціснуў плячамі хлопец і зноў пачаў прасіцца. — Дзядзечка, адчыніце, дальбог, спазнюся!

— Яны нежывыя? Навошта яны табе? — не мог супакоіцца той.

— Я ж кажу, гляджу іх!

Мужчына на хвіліну задумаўся.

— А што ў цябе яшчэ ў чамадане? — ужо з яўным падазрэннем спытаў ён. — Кажы праўду!

— Кракадзілы.

— Хто? — аслупянеў дзяжурны. — Я зараз міліцыянера паклічу! Што гэта робіцца!..

Мужчына дрыжачымі рукамі адчыніў ячэйку і загадаў:

— Адкрывай чамадан! Паказвай! І вожыкаў, і кракадзілаў… У цябе там, можа, і змеі якія сядзяць ці іншая трасца? — і адышоўся на два метры. — Адкрывай, кажу!

Студэнт нарэшце зразумеў, чаму так расхваляваўся дзяжурны, і зарагатаў. Той яшчэ больш насцярожыўся.

Але дарма...

— Ну ты і жартаўнік! Напужаў мяне моцна, — круціў ён потым галавою ды пасміхаўся ў вусы. — Вожыкі, кракадзілы… Чаму не сказаў адразу пра часопісы? Я ж іх таксама чытаю, цікавыя…

— Ды не падумаў неяк… Хваляваўся, што на цягнік спазняюся, — апраўдваўся хлопец. — А вы яшчэ міліцыяй прыгразілі…

Ён працягнуў дзяжурнаму некалькі нумароў:

— Чытайце, калі ласка!

— Дзякуй, не адмоўлюся, — заўсміхаўся мужчына. — Можа, таксама жартаўніком стану, як і ты…

Галіна БАБАРЫКА

Столінскі раён, в. Мачуль.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.