Вы тут

Мядзведзь і яго нашчадкі


Не раз і не два ў жыцці даводзілася яму чуць старую прыказку «Цярпі, казак, атаманам будзеш» і пераконвацца ў яе вечнай мудрасці. Самы, напэўна, славуты беларускі спартсмен Аляксандр Мядзведзь выходзіў на кожны бой, як на апошні, і сышоў з дывана непераможаным на Алімпіядзе-1972. Там, у Мюнхене, вялікаму атлету, афіцыйна прызнанаму найлепшым «вольнікам» XX стагоддзя, удалося зрабіць тое, што да яго не ўдавалася ніводнаму барцу — стаць трохразовым алімпійскім чэмпіёнам.


З ім з задавальненнем знаёміліся і, што называецца, на роўных кантактавалі шматлікія выдатныя сучаснікі, уключаючы Пятра Машэрава, Юрыя Гагарына, Роберта Раждзественскага, Ігара Лучанка, Аляксандру Пахмутаву, Ігара Дабранравава, Фідэля Кастра і іншых знакамітых людзей. Уладальнік трох залатых алімпійскіх медалёў, шматразовы чэмпіён Еўропы і свету, ардэнаносец, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Аляксандр Мядзведзь многага дасягнуў на трэнерскай ніве, быў у свой час віцэ-прэзідэнтам НАК і старшынёй федэрацыі барацьбы Рэспублікі Беларусь.

Паказальна, што на час правядзення летняй Алімпіяды-2012 у Лондане адну са станцый падземкі ў метрапалітэне англійскай сталіцы перайменавалі ў гонар Аляксандра Васілевіча. У сваю чаргу, у Мінску, ганаровым грамадзянінам якога шмат гадоў з’яўляецца славуты атлет, на вуліцы Каліноўскага адкрыта барцоўская школа імя А. В. Мядзведзя, рэгулярна праводзіцца ўжо міжнародны турнір серыі Гран-пры на прызы нашага славутага суайчынніка.

Праўда, летась у сувязі са складаным эпідэмічным становішчам гэтыя найцікавейшыя спаборніцтвы было вырашана перанесці. Затое чарговы турнір сёлета абавязкова адбудзецца ў верасні — на «Чыжоўка-Арэне». А ва ўзнагароджанні прызёраў па традыцыі будзе браць удзел сын вялікага атлета Аляксей Аляксандравіч, «вольнік», які, дарэчы, у мінулым падаваў вялікія надзеі, папрацаваў разам з бацькам на кафедры фізвыхавання БДУІР, а цяпер узначальвае тую самую школу барацьбы на вуліцы Каліноўскага.

Галоўнымі «сакрэтамі» неверагодных поспехаў вялікага бацькі ён лічыць безумоўны талент, мэтанакіраванасць, гіганцкую працавітасць і веру ў свае сілы. І, вядома ж, сям’ю, якая дапамагала яму цалкам засяродзіцца на галоўнай справе свайго жыцця.

— Аляксей, калі вы самі выступалі на міжнародных спаборніцтвах, вам дапамагалі нейкім чынам знакамітае прозвішча бацькі і яго бясспрэчны аўтарытэт у барцоўскім свеце?

— Бацьку, вядома, усе ведалі, ведаюць і паважаюць аматары спорту ва ўсіх кутках планеты да гэтага дня. Але бароцца ўсё роўна даводзіцца табе самому, ніхто за цябе, калі сам не ўмееш, не зробіць прыём, не заробіць патрэбныя балы. Стаўшы трэнерам, ён дапамагаў мне парадамі, нешта паказваў.

— І быў, як даводзілася чуць, досыць патрабавальным настаўнікам, часам «прэсаваў» вас на трэніроўках, спадзеючыся, верагодна, што ў вас атрымаецца паўтарыць яго слаўны шлях?

— Такое, вядома, бывала, ён часам на трэніроўках дастаткова жорстка да мяне ставіўся. Бацька, думаю, сапраўды праецыраваў на мяне свае дасягненні, спадзяваўся, напэўна, што я магу паўтарыць іх. Вядома, і мне хацелася таго ж, але...

— Вам не хапіла славалюбства ці вы падспудна разумелі, што паўтарыць фенаменальную спартыўную кар’еру Аляксандра Васілевіча ўсё роўна нерэальна, а апускаць планку ніжэй таксама не зусім правільна і не хацелася б? У вас жа быў такі шматабяцальны старт, вы паспелі стаць чэмпіёнам планеты сярод моладзі, выйграць Кубак свету....

— Ну так, здаецца, пачаў я добра, але ў нейкі момант адчуў: не атрымліваецца тое, чаго б хацелася. Жаданне было, але аднаго жадання мала, трэба яшчэ нейкія якасці мець для дасягнення сур’ёзнага выніку. Тысячы людзей трэніруюцца, а перамагаюць адзінкі...

— Да таго ж варта ўспомніць, што ваш бацька з дзяцінства быў прывучаны да цяжкай працы, дапамагаў вашаму дзеду-лесніку і па гаспадарцы, і па рабоце, быў ад прыроды шчодра фізічна адораны, рана стаў самастойным, як той казаў, сапраўдным мужыком, і гэта выдатна дапамагала яму ў спорце.

— Так, безумоўна. Бацька нарадзіўся ў 1937 годзе, дзяцінства прыйшлося на ваенную і пасляваенную пару. Час быў вельмі цяжкі, і гэта, натуральна, наклала адбітак на яго характар. Сённяшняе пакаленне, як мне ўяўляецца, куды больш інфантыльнае, ледзь не ўсе запар захапляюцца камп’ютарамі, а тымі ж адзінаборствамі або іншымі відамі — больш для сябе, вельмі нешматлікія імкнуцца займацца імі прафесійна. Таму што вялікі спорт — гэта велізарныя нагрузкі, самааддача, дысцыпліна плюс талент і працавітасць. Вельмі шмат што павінна сысціся, каб чалавеку пашчасціла стаць вялікім чэмпіёнам.

— Напэўна, вельмі важна мець і надзейны тыл?

— Безумоўна. Наша мама (на жаль, яе ўжо няма з намі) яго і забяспечвала. Захоўвала сям’ю, выхоўвала дзяцей, смачна гатавала, стварала ўтульнасць у доме. Як яна расказвала, бацька цалкам прысвячаў сябе трэніроўкам, не адцягваючы ўвагі на іншыя справы. Маме вельмі імпанавалі яго мэтанакіраванасць і непрыхаванае жаданне дамагчыся чагосьці значнага ў спорце. Хоць, калі бацькі пажаніліся, ён быў звычайны салдат, небагаты, які нічым яшчэ не праславіўся, ніхто тады не мог уявіць, якая яго чакае будучыня.

— А як Аляксандр і Таццяна пазнаёміліся?

— На танцавальнай вечарыне, па-мойму, у Доме прафсаюзаў, што на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Мама казала, што разгледзела ў ім па-сапраўднаму мэтанакіраванага чалавека. Сустракаліся, потым ажаніліся, усё як звычайна. І больш чым паўстагоддзя пражылі разам...

Як чалавек назіральны, які многае на сваім вяку ўбачыў, Аляксандр Васілевіч — сапраўдная скарбніца займальных гісторый і баек, многія з якіх давялося чуць аўтару гэтых радкоў. Вось што расказваў вялікі атлет, напрыклад, пра сваю спартыўную загартоўку з дзяцінства:

— Я рос хлапчуком высокім і худым, але трывалым, няўрымслівым і шустрым. Работы па гаспадарцы хапала: пасвіў кароў, дапамагаў бацьку расчышчаць лес і абыходзіць участак — за дзень кіламетраў 20–25 адмахвалі. Сек дровы. Узімку бацькі не адпускалі катацца на лыжах або санках да той пары, пакуль не разаб’ю кубаметр, а то і паўтара дубовых пнёў. Я ўмеў нядрэнна біцца і ў вулічных хлапечых сутычках нікому не саступаў, «трымаў» усю вуліцу.

У школе спрабаваў займацца, і не без поспеху, практычна ўсімі відамі спорту, якімі было магчыма. Выдатна скакаў, бегаў, вельмі падабаўся баскетбол. Пайшоў нават на гімнастыку, але мяне хутка развярнулі назад: «Ідзі, гусь, адсюль, а то з-за цябе перакладзіну ўвесь час узнімать трэба!»

Родам Мядзведзь з Белай Царквы, што ва Украіне, хоць сапраўдным барцом стаў ужо ў Беларусі. З гумарам успамінае пра свае карані:

— Дзед, думаю, быў рускі, інакш прозвішча гучала б на маларасійскі лад — Вядмідзь. Мужык здаравенны быў, бабка — Мядзведзіха — яму да пары, пад метр дзевяноста ростам, мела пашытыя на заказ чаравікі вялізнага памеру, якія абувала толькі ў царкву...

А чаго вартыя яго «прыгоды» на дыване! У 1968-м на Алімпіядзе ў Мехіка, напрыклад, у фінальнай схватцы Мядзведзь змагаўся з немцам Вільфрыдам Дзітрыхам і ўжо ў пачатку паядынку... вывіхнуў вялікі палец на руцэ. Фініш? Зусім не! Беларускі атлет-цяжкавагавік сам управіў палец на месца і... прапанаваў арбітру працягнуць барацьбу. Дзітрых быў літаральна дэмаралізаваны гераізмам саперніка і прайграў, не здолеўшы аказаць дастойнае супраціўленне.

Заўзяты рыбалоў і паляўнічы, Аляксандр Васілевіч, па ўласным прызнанні, не прымяняе зброі супраць свайго «цёзкі»-мядзведзя:

— Адзіны толькі раз у жыцці я паляваў на Гаспадара лесу — у Бураціі, ва Улан-Удэ. Зіма, дабіраліся да месца на верталётах, потым на ўсюдыходах. Паднялі мядзведзя з бярлогі, забілі, знялі шкуру — а ён так на чалавека падобны, нават жудасна стала. Страляць у мядзведзяў з тых часоў зарокся — шкада.

А шкура так да гэтага часу і вісіць на сцяне ў кватэры Мядзведзя непадалёк ад плошчы Перамогі ў Мінску. Той самай, якая была выдзелена вялікаму чэмпіёну за спартыўныя дасягненні па асабістым распараджэнні Пятра Міронавіча Машэрава.

...Восем барцоў Беларусі, прычым сямёра з іх — «вольнікі», чацвёра мужчын і тры прадстаўніцы прыгожага полу, здабылі алімпійскія ліцэнзіі для ўдзелу ў летніх Гульнях — 2020 у Токіа. Заключны збор у іх праходзіў у загарадным спарткомплексе «Стайкі» — і, вядома ж, з задавальненнем дапамагаў ім у апошнія дні перад адлётам у Краіну Узыходзячага сонца найлепшы з «вольнікаў» ХХ стагоддзя Аляксандр Васілевіч Мядзведзь. Уважліва прыслухоўваліся спартсмены да інструкцый і парад «патрыярха». І, вядома ж,
паабяцалі яму вярнуцца дадому з медалямі — а як інакш?!

Уладзімір ПАНОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.