Вы тут

Інтэлектуальныя квэсты ў тэлеэфіры


Праверыць удачу і ўласным розумам здабыць перамогу над сапернікамі — аснова разнастайных праграм, якія дазваляюць выпрабаваць сябе ў інтэлектуальным плане, а магчыма, яшчэ і атрымаць узнагароду. Такія праграмы — «даўнія знаёмыя» ў тэлеэфіры: «Што? Дзе? Калі?», «Поле цудаў», «Слабае звяно», «Хто хоча стаць мільянерам» і іншыя. Калі ж звярнуцца да праектаў вытворчасці айчыннага тэлебачання, то і тут знойдуцца цікавыя нагоды праверыць уласную эрудыцыю і пахварэць за любімыя каманды на экране.


На «Беларусь 2» штонядзелю можна пабудаваць «Вежу» ў інтэлектуальна-разважальным праекце, дзе спаборнічаюць яркія і эрудзіраваныя беларусы. Па правілах праекта, у кожным выпуску ўдзел бяруць дзве каманды ў складзе трох чалавек. І ў ходзе гульні правільныя адказы ў трох бліц-апытаннях даюць балы, а калі каманда памыляецца, то будуе «вежу» са спецыяльных элементаў. І калі канструкцыя акажацца нетрывалая — можна страціць усе заробленыя балы. У выпадку ж перамогі каманда атрымлівае вандроўку да адной са знакамітых вежаў у Еўропе. Нядрэнны стымул прадэманстраваць уласныя веды, пагадзіцеся.

Шоу «Я ведаю!» на «Беларусь 1» з'яўляецца сумесным праектам Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яго мэта — знайсці і даць магчымасць заявіць пра сябе разумным, смелым і кемлівым школьнікам. Праграма дазваляе прадэманстраваць кожнаму ўдзельніку свае веды і раскрывае вучнёўскія таленты, што нярэдка хаваюцца за вялікай колькасцю прачытаных кніг, а гэта, у сваю чаргу, часам здзіўляе не толькі іх аднагодак, але і дарослых, якія не заўсёды могуць даць адказы на пастаўленыя пытанні. Каманды ўдзельнікаў фарміруюцца ў выніку папярэдніх адбораў вучняў у школах, раёнах. Аднак тут для вырашэння крэатыўных заданняў мала ведаць толькі школьную праграму — патрэбныя агульная дасведчанасць і ўменне арыентавацца ў розных навуках. Дарэчы, праект дае магчымасць раскрыцца не толькі вучням, але і іх настаўнікам, якія рыхтуюць дзяцей да ўдзелу ў шоу. Педагогі разам з бацькамі і «групамі падтрымкі» бяруць удзел у здымках праекта.

А вось на тэлеканале «Беларусь 3» ёсць тэлевіктарына «Сваімі словамі», якая запрашае тэлегледачоў праверыць свае веды па роднай мове, культуры і гісторыі. Удзельнікі адказваюць на цікавыя пытанні, дэманструючы веданне мовы, літаратуры, этнаграфіі, мастацтва. Пры гэтым яны праяўляюць не толькі свой розум, але і вытрымку, рашучасць, уменне дзейнічаць у камандзе і будаваць стратэгіі.

Як бачым, ёсць выбар для тых, хто любіць веды і назапашваць, і дэманстраваць іншым, каб у тэлеаўдыторыі быў стымул самаўдасканальвацца.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.