Вы тут

Вольга Лаўранюк: Спорт мяне загартаваў


У якасці паштальёна Вольга Лаўранюк працуе ўсяго сем месяцаў. Але за гэты адносна невялікі тэрмін яна заслужыла сапраўдны аўтарытэт і павагу сярод работнікаў аддзялення паштовай сувязі «Бальшавік» у аднайменным аграгарадку Мінскага раёна. Яна не толькі паспяхова выконвае свае службовыя абавязкі, але і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці калектыву. Прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, рэгулярна выступае ў спартыўных спаборніцтвах. А яшчэ Вольга Мікалаеўна шматдзетная маці, выхоўвае траіх дзяцей.


З дзяцінства спорт стаў галоўным захапленнем Вольгі. Асабліва прыцягвалі дзяўчынку лёгкая атлетыка і лыжныя гонкі. Імі яна актыўна займалася ў школьныя гады. Але, калі надышоў час паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, перавагу Вольга аддала лёгкай атлетыцы. Па яе словах, спартыўная база ўніверсітэта дала цудоўную магчымасць актыўна трэніравацца, выступаць на розных спаборніцтвах. Атрымаўшы ў 2006 годзе дыплом выкладчыка фізічнай культуры, Вольга ўладкавалася па гэтай спецыяльнасці ў сярэднюю школу ў родным Бальшавіку. І працавала там на працягу дзесяці гадоў.

— Спытаеце, як я апынулася на пошце? Нічога дзіўнага, — расказвае суразмоўніца. — Справа ў тым, што паштальёнам доўгі час працавала мая маці. А я, калі яшчэ вучылася ў школе, па меры магчымасці ёй дапамагала. Дапамагала матулі і тады, калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. Потым я проста пайшла працаваць на яе месца. Дарэчы, калі ўжо заставалася нядоўга да пенсіі, бабулі дапамагаў і мой старэйшы сын Аляксандр. Зараз яму споўнілася 17 гадоў, хлопчык навучаецца ў паліграфічным каледжы. Сярэдняму — Максіму — пяць, і ён марыць стаць аўтагоншчыкам. Але замест ганачнага баліда ён зараз ганяе па родным Бальшавіку на веласіпедзе. Малодшая дачка Вікторыя нарадзілася ў 2018 годзе, у яе, як вы разумееце, пакуль ніякіх захапленняў няма.

Чэсна скажу, на пошце працаваць значна лягчэй у параўнанні са школай. Там, бывала, даводзілася праводзіць па 6-8 урокаў у дзень, ды яшчэ і пазакласная работа. А гэта, паверце, даволі цяжка, нават для такога натрэніраванага чалавека, як я. Але з улікам таго, што спорт мяне сапраўды загартаваў, працаваць паштальёнам зусім не цяжка. Нават цікава, паколькі гэтая прафесія дае мне магчымасць зносін з вялікай колькасцю людзей.

Па словах Вольгі Мікалаеўны, амаль з усімі сваімі калегамі па паштовым аддзяленні яна была знаёма даўно. З імі раней працавала яе маці. У большасці сваёй гэта людзі немаладыя, з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам. Сустрэлі яе ў калектыве вельмі цёпла, адносіны паміж людзьмі ў АПС «Бальшавік» вельмі добрыя. Калектыў — як адна сям’я. З улікам таго, што Вольга Лаўранюк працавала тут у час дэкрэтнага адпачынку, як той казаў, на добраахвотных пачатках, ніякіх прафесійных сакрэтаў на пошце для яе не было.

— Работа на пошце мяне вельмі радуе, — адзначыла Вольга Мікалаеўна. — Я заўсёды ў руху. Кожны дзень, пры любым надвор’і абыходжу свой участак. Там і прыватны сектар, і шматкватэрныя дамы. З многімі жыхарамі пазнаёмілася, наладзіла добрыя зносіны. Людзі сустракаюць ветліва, ставяцца з павагай. Тым больш што многія мяне ведаюць яшчэ з таго часу, калі я працавала ў школе.

На мой погляд, галоўнае ў жыцці — гэта сямейны дабрабыт. Па сябе ведаю, як цяжка выхоўваць траіх дзяцей. А ёсць нямала сямей, у якіх дзетак яшчэ больш. І жанчынам, як захавальніцам сямейнага ачага, там значна цяжэй. І трэба заўжды такіх жанчын паважаць. Ёсць у мяне і асабістае жаданне. Калі скончыцца пандэмія, у час адпачынку ўзяць дзяцей і паехаць з імі на мора. Даўно там не была...

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з архіва Мінскага абласнога філіяла РУП «Белпошта»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.