Вы тут

Дзе ён, беларускі Манмартр?


На Манмартры, як даводзіць вядомая песня, «позняй ноччу не змаўкае гул». Думаецца, многія чулі, а можа, нават добра ведаюць прыведзеныя словы. Затое наўрад ці задумваліся, што іх змест вельмі стасуецца не толькі з парыжскім, але і з усімі астатнімі Манмартрамі свету. Бо, як вядома, найменне гэтае значна шырэйшае за адзін толькі раён, што распасцёрся ў межах 18-й парыжскай акругі, — яно даўно стала «хадзячай» назвай. Манмартрам называюць любую ажыўленую вуліцу ў любым вялікім горадзе, менавіта Манмартрам заўсёды мераюць новыя публічныя прасторы. Нездарма ж кажуць: кіеўскі Манмартр, літоўскі Манмартр і г. д.


Афіша да выступлення трупы мадэмуазэль Эгланцін, 1897 г

Натуральна, і ў беларускай сталіцы хапае адмысловых месцаў, дзе, працягваючы цытату з песні, «бяссоннае вяселле да раніцы». У розныя гады гордае званне «мінскага (або ўсяго беларускага) Манмартра» насілі розныя раёны горада. Часцей за ўсё гэтае імя звязваюць з Ракаўскім прадмесцем, але прымервалі яго на сябе і вуліца Карла Маркса, і ваколіцы плошчы Свабоды, і адноўленая Зыбіцкая ды нават кварталы вакол універсама «Рыга»… У кожным з гэтых раёнаў знойдуцца свае Мулен Руж, свае Элізэ-Манмартр, чые выфранчаныя наведвальнікі ночы напралёт танцуюць канкан рознай ступені непрыстойнасці, пакуль прадстаўнікі творчай багемы аціраюцца побач у пошуках натхнення.

І ўсё ж такі каму трэба дзякаваць за тое, што некалькі ўскраінных (цяпер ужо не зусім) парыжскіх кварталаў са звычайнымі харчэўнямі і танным рабочым жыллём здабылі такую сусветную славу? Канешне ж, творчым асобам, якія сталі заўсёднікамі мясцовых вечарын, а з іх у першую чаргу — мастакам. Не апошнюю ролю ў справе ўвекавечання парыжскіх слабод сыграў знакаміты графік, плакатыст і мастакпостімпрэсіяніст Анры дэ Тулуз-Латрэк. Адораны незвычайным талентам, але разам з тым абдзелены здароўем, сярод гэтай распусты ён знайшоў сапраўдны прытулак, аддушыну, адшукаў аднадумцаў.

Якраз творчасці знакамітага французскага мастака і прысвечана новая выстаўка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага «Тулуз-Латрэк. Страсці ў Мулен Руж». Створаная пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінска і выставачнай прасторы «LIBRA», яна прапануе наведвальнікам больш ад 50 літаграфій са спіса найвялікшых плакатаў, а таксама некамерцыйных работ вядомага аўтара. Урачыстае адкрыццё выстаўкі адбылося 1 кастрычніка. У галерэі гучала жывая музыка ў выкананні акустычнага трыа «Ангажэмент», а прысутным прапанавалі прайсці адмысловы квэст ад куратараў «LIBRA».

Афіша да выступлення Арысціда Бруана, 1892 г.

Тулуз-Латрэка небеспадстаўна лічаць галоўным летапісцам Манмартра эпохі яго росквіту (канца XIX стагоддзя). У прыватнасці, мастак відавочна абяссмерціў адну з самых значных (зноў-такі дзякуючы творцы) славутасцей раёна — кабарэ «Мулен Руж». Рэстаран, што месціцца ў квартале чырвоных ліхтароў на бульвары Клішы, амаль адразу пасля свайго адкрыцця ў 1889 годзе стаў папулярным сярод тутэйшых гуляк. Тым не менш вечную славу і месца ў гісторыі яму забяспечылі мастакі, а па большай частцы — менавіта Тулуз-Латрэк. Літаральна з першых дзён дзейнасці кабарэ Анры стаў галоўным яго кліентам.

Вось і ў новай экспазіцыі, што складаецца пераважна з літаграфій з прыватных еўрапейскіх калекцый, асноўны акцэнт робіцца на афішах і плакатах, створаных пачынальнікам камерцыйнага мастацтва да мерапрыемстваў, якія праходзілі ў памяшканнях пад культавым чырвоным млыном. Тут вам і рэклама выступленняў своеасаблівых «хэдлайнераў» пляцоўкі — танцоўшчыц Ла Гулю і Жанны Аўрыль, спявачкі Іветы Гільбер, і замалёўкі з жыцця галоўнага клоўна ўстановы — парадаксальнай Ша-Ю-Каа. Зразумела, не адзін толькі «Мулен руж» з усіх навакольных бараў мог пахваліцца такой дзіўнай і каларытнай аўдыторыяй.

Невялікія бістро і шынкі па ўсёй акрузе літаральна стракацілі эксцэнтрычнымі персонамі, кожная з якіх так і прасілася быць выяўленай на карціне. Анры дэ Тулуз-Латрэк ніколі не адмаўляў ім у гонары стаць увекавечанымі ў мастацтве. На выстаўку ў галерэі Савіцкага трапілі і малюнкі з альбома, прысвечанага быццю парыжскіх куртызанак, і эпізоды з «цыркавой» серыі… Захапленне «адваротным» бокам жыцця, усім нефасадным, кулуарным, непрывабным (на першы погляд) і «нізкім» мастак пранёс праз усю біяграфію. Відаць, таму, што нярэдка сам у вачах людзей паўставаў пачварай.

Нарадзіўшыся ў арыстакратычнай сям’і ў горадзе Альбі, масье Тулуз-Латрэк атрымаў дрэнную спадчыннасць, якая стала вынікам кровазмяшальных сувязей яго продкаў (бабулі былі сёстрамі). У дзяцінстве Анры двойчы давялося няўдачна ўпасці: адну за адной ён зламаў шыйкі абодвух бёдраў. Косці пасля пераломаў дрэнна зрасліся, у выніку чаго ногі больш не развіваліся. Ростам мастак быў усяго 152 сантыметры. З-за гэтай знешняй асаблівасці людзі часта ставіліся да яго зняважліва, многія шляхі былі назаўсёды закрыты. Магчыма, таму ён і шукаў прытулку сярод такіх жа непрыкаяных і непрызнаных.

Анры дэ Тулуз-Латрэк цікавіўся сучасным мастацтвам, творчасцю імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў, японскай графікай. Сярод творчых арыенціраў аўтара называюцца Эдуард Манэ, Анарэ Дам’е, Франсіска Гоя, Эдгар Дэга, Вінсент Ван Гог, Поль Сезан, японцы Кацусіка Хакусай, Кітагава Утамара, Судзукі Харунобу і іншыя. З некаторымі з пералічаных аўтараў мастак быў знаёмы асабіста. Напрыклад, ён сябраваў з Вінсентам Ван Гогам, нават захаваліся партрэты апошняга, зробленыя рукой Тулуз-Латрэка. Зрэшты, каго толькі не маляваў заўсёднік шумных парыжскіх вечарынак…

На пачатку мы згадвалі Мінск і галоўныя яго, як кажуць, «пажыўныя месцы». Наспеў час раскрыць карты! Рэч у тым, што на выстаўцы работам французскага класіка кампанію складаюць творы сучасных беларускіх мастакоў і скульптараў. Вядома, такія, якія канцэптуальна найбліжэй (па меркаванні куратараў) падбіраюцца да творчасці француза або, напрыклад, натхняюцца ёю (ці яшчэ варыянт — папросту прысвячаюцца знакамітаму мастаку). Трэба адразу папярэдзіць: збольшага гэта ўсё ж перакліканні зместу і сюжэтныя запазычанні, а не паўнавартаснае наследаванне стылістыцы і духу.

Афіша да выступлення Мэй Бэлфарт, 1895 г.

Творчая інтэлігенцыя цяпер ужо новага пакалення спрабуе сучаснымі мастацкімі сродкамі асэнсаваць сучасны ж уклад жыцця. У гэтых людзей, як правіла, свае Манмартры, свае Мулен Руж і свае Ла Гулю. Камусьці даспадобы сталічныя бары (скажам, на модных Зыбіцкай ці Кастрычніцкай вуліцах), а камусьці напаўаголеныя натуршчыцы ў доме — ужо Манмартр. Гэта да таго, што, на вялікі жаль, па большай частцы атрымалася даволі прахадная падборка. Некаторыя работы ну зусім не ўпісваюцца ў канцэпцыю «Тулуз-Латрэк. Страсці ў Мулен Руж», некаторыя трактуюць яе занадта літаральна.

Што асабліва бянтэжыць, дык гэта нейкая бездапаможнасць многіх маладых (і не надта) аўтараў перад пануючым сёння візуальным стылем — сацыяльных сетак, стужак навін, рэтушаванай фатаграфіі… Хапае ў экспазіцыі бляклых, цалкам другасных і зусім нецікавых твораў. На фоне іх прыемна выдзяляюцца адзінкавыя работы, што прапануюць мінімальна нестандартныя рашэнні. Прыкладам можа стаць канцэптуальны цыкл «Лінія кахання» мастака, які падпісваецца H. Stoner. Некалькі простых малюнкаў выяўляюць дзве лініі (ружовую і блакітную), што паўтараюць сілуэты партнёраў падчас блізкасці.

Лаканічная, крышачку дзёрзкая і, ва ўсякім разе, небезнадзейная работа прыемна разбаўляе гэты псеўдаінстарэалістычны карнавал. Сапраўды, на выстаўцы столькі гламурных (у самым дрэнным сэнсе гэтага слова) рэчаў, столькі «папсы»! Здаецца, ТулузЛатрэк усё ж быў крышку іншым…

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.