Падчас адкрыцця экспазіцыі прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван Янушэвіч выказаў удзячнасць арганізатарам за магчымасць нагадаць аб агульначалавечых каштоўнасцях, спагадзе і бескарыслівасці. Дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажэнка падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ўніверсітэта са Свята-Елісавецінскім манастыром у пытаннях духоўнага выхавання моладзі. У сваю чаргу старшая сястра Зінаіда Лобасава адзначыла, што з дапамогай такіх мерапрыемстваў у маладога пакалення ёсць магчымасць даведацца аб унікальных гісторыях міласэрнасці, чалавекалюбства і клопату аб блізкіх.
У экспазіцыі прадстаўлены больш за 100 фатаграфій і гісторый добрых і гераічных учынкаў людзей. «Калі ў мяне ёсць магчымасць выратаваць яшчэ адно дзіця, — я зраблю ўсё, каб яго выратаваць...», — гэтай фразай пачынаецца аповед пра Лізавету Глінку, вядомую як доктар Ліза. Урач-рэаніматолаг вяла актыўную праваабарончую і дабрачынную дзейнасць. На яе рахунку сотні выратаваных жыццяў, дапамога невылечным пацыентам у хоспісах, лячэнне бяздомных, збор сродкаў для пацярпелых ад пажараў і паводак... Доктар Ліза загінула ў авіякатастрофе ў канцы снежня 2016 года, калі ляцела ў Сірыю ў складзе борта Мінабароны, каб перадаць мясцовым жыхарам медыкаменты.
Сярод герояў выставы таксама амерыканка Ліліян Вэбер. У сваім паважаным 100-гадовым узросце яна пашыла 1000 сукенак для афрыканскіх дзяўчынак. Жанчына штодня майстравала па адным дзіцячым уборы і ўпрыгожвала іх эксклюзіўнай вышыўкай або карункамі.
Наведвальнікі экспазіцыі таксама змогуць даведацца пра гісторыі настаўніка фізкультуры Івана Канідзі, які ратаваў дзяцей падчас тэракту ў Беслане, марпеха Андрэя Цімашэнкава, які загінуў, спыніўшы начынены выбухоўкай аўтамабіль у Сірыі і пра іншых людзей з вялікім сэрцам.
Выстава будзе працаваць ў холе першага паверха факультэта міжнародных адносін (вуліца Ленінградская, 20) на працягу месяца.
Арганізатарамі экспазіцыі выступаюць Фундаментальная бібліятэка БДУ і Свята-Елісавецінскі манастыр горада Мінска.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота прэс-службы БДУ
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.