Вы тут

Паяднаныя кінаэпохі


Паводле традыцыі, якая бярэ свой пачатак у 1998 годзе, паралельна старэйшаму фестывалю «Лістапад» у мінскіх кінатэатрах праводзіцца яго «мініяцюрная» версія пад назвай «Лістападзік». Адкрыццё сёлетняга конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі прайшло ў кінатэатры «Піянер» раніцай 20 лістапада.


Талісман «Лістападзіка» — Светлячок.

Мерапрыемства праходзіла ў антуражы школьнага свята. Тэатралізаванае дзейства з удзелам дзяцей рознага ўзросту, роставых лялек, якія выяўлялі персанажаў вядомых беларускіх мультфільмаў, нагадвала вераснёўскую лінейку. З затуханнем святла і апусканнем цемры на глядзельную залу цэлая група маленькіх выступоўцаў сцэны перад кінаэкранам абрынула на гледачоў усю моц свайго нястрымнага многагалосся. Шумны і стракаты гурт адзін за адным выканаў некалькі песенна-танцавальных нумароў, якія ілюстрыравалі найбольш яркія моманты з гісторыі анімацыі і кінематографа нашай краіны. Талісманам конкурсу стаў Светлячок са знакамітага мультфільма, выпушчанага кінастудыяй «Беларусьфільм» у 1978 годзе. Хлопчык у адмысловай шапцы і з ліхтаром у руцэ, паўтараючы сюжэт класічнай стужкі, спачатку запальваў сімвалічныя агеньчыкі свята, а потым пры хуткім набліжэнні кінапаказу загасіў іх усе да апошняга. Тым самым гледачам быў дадзены недвухсэнсоўны намёк, чаго чакаць далей.

Аднак спачатку слова ўзялі прысутныя на цырымоніі афіцыйныя асобы. Намеснік міністра культуры Валерый Грамада ў прамове зрабіў акцэнт на значэнні фестывальнага слогана «Кіно — сімфонія адзінства» і яго сувязі з абвяшчэннем 2021 года ў Беларусі Годам народнага адзінства. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран выказаў падзяку стваральнікам ігравых і мультыплікацыйных стужак, прадстаўленых у конкурсе, згадаў уласнае дзяцінства. Дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі на правах арганізатара фестывалю абвясціў «Лістападзік» адкрытым ды пажадаў усім яго гасцям і членам журы прыемнага прагляду.

Пасля некалькіх спецыяльных нумароў і кульмінацыйнага выбуху канфеці святло ў зале згасла і па экране забегалі рознакаляровыя карцінкі — пачаўся фільм адкрыцця «Зоркі сёмага неба». Анімацыйны мюзікл, створаны рэжысёрам Аленай Туравай на студыі «Беларусьфільм», стаў першай поўнаметражнай мультыплікацыйнай стужкай у гісторыі беларускага кіно, яму і адкрываць галоўны дзіцячы кінафестываль краіны. Сюжэт апавядае аб трох героях, якім наканавана выратаваць свет ад хуткай пагібелі і вярнуць зоркі на небасхіл.

Старшынёй журы конкурсу была прызначана Ірына Шаўчук, заслужаная артыстка УССР, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, віцэ-прэзідэнт адкрытага фестывалю кіно краін СНД і Балтыі «Кінашок». У выстаўленні ацэнак ёй дапамагалі Хатуна Хундадзэ, рэжысёр і прадзюсар, заснавальнік і дырэктар Міжнароднага фестывалю кароткаметражнага і горнага кіно ў Местыі, а таксама Аляксандр Ленкін, беларускі рэжысёр анімацыйнага кіно. Акрамя прафесійнага журы, конкурсныя работы ацэньвала яшчэ і другое, не менш аўтарытэтнае, — савет юных кінакрытыкаў. Ды самі гледачы, вядома ж. Сістэму глядацкага галасавання ніхто не адмяняў…

Новая дырэкцыя фестывалю пераставіла акцэнты ў пазіцыянаванні «Лістападзіка». Апошнія гады конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі больш канцэнтраваўся на аўдыторыі менавіта другога ўзроўню або, па меншай меры, сямейнай. Нярэдка здаралася так, што карціны, прадстаўленыя ў рамках конкурсу, хаця і былі прысвечаны праблемам дзяцей, усё ж прызначаліся дарослым і ўяўляліся спробамі сур’ёзна пагутарыць на важныя і складаныя тэмы. Сёлета арганізатары, як відаць, цэлілі ў дзіцячую аўдыторыю, прапануючы стужкі, якія маглі б зацікавіць менавіта маленькага гледача.

Цырымонія закрыцця прайшла таксама ў кінатэатры «Піянер» — 23 лістапада. Падрабязней аб выніках, узнагародах і найбольш прыкметных карцінах пагаворым пазней, у адным з найбліжэйшых нумароў.

Абмяркоўваць ёсць што...

Мікіта КІСЯЛЁЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.