Вы тут

Лекавыя расліны Беларусі


 

Лекавыя расліны Беларусі

Распрацоўка вучэбнага занятку Пагост-Загародскай сярэдняй школы прызваная пазнаёміць дзяцей са светам лекавых раслін.

Урок рэкамендаваны для правядзення ў другім класе па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”.

Мэта: спрыяць фарміраванню канкрэтных уяўленняў аб лекавых раслінах, іх значэнні ў прыродзе і жыцці чалавека.

Задачы: пазнаёміць з лекавымі раслінамі; фарміраваць уменне распазнаваць лекавыя расліны Беларусі; спрыяць выхаванню экалагічна правільнага стаўлення да раслін, захаванню правілаў збору лекавых раслін.

Тып урока: урок новых ведаў.

Абсталяванне: гербарыі лекавых раслін, малюнкі лекавых раслін, выява Лесавічка, карткі з назвамі раслін, падручнік “Чалавек і свет” (2 клас).

  1. . Арганізацыйна-матывацыйны этап

Настаўнік.

Зачытванне прыказкі: “Да работы не пускаюць ляноты. Як вы разумееце яе сэнс? Спадзяюся, што ляноты не прыйдуць у наш клас, таму што вы ўсе хочаце вучыцца, пазнаваць новае. Але на ўсялякі выпадак вымавім народную замову.

Лянота, лянота,

ідзі ў балота,

у лесе схавайся,

да нас не чапляйся.

Лянота сышла. У вас працоўны настрой. Я ўпэўнена ў нас усё атрымаецца”.

  1. . Этап актуалізацыі ведаў

1. Інсцэніроўка “Пазнай мяне”.

– А зараз давайце паслухаем загадкавую размову. Перад вамі стаіць задача: уважліва слухаць і назваць тых, хто прыняў удзел у размове.

Сустрэліся аднаго разу на ўзлеску расліны і пачалі выхваляцца, хто з іх выглядае прыгажэй.

– Цёмны лес – месца майго пражывання. Іголкі ў мяне кароткія, размешчаны па адной на галінцы. Шышкі доўгія, звісаюць уніз. Крона мае форму піраміды. Мая драўніна самая звонкая і пявучая, – сказала першая. (Елка)

– Гляньце, гляньце, якія мае лісточкі. Яны акруглыя, пакрытыя шорсткімі валаскамі. Кветкі жаўтавата-зялёныя. Увосень на мне выспяваюць смачныя арэшкі, – не вытрымала другая расліна. (Арэшнік)

– Каб вы ведалі, як я люблю святло! Мае іголкі доўгія, размешчаны па дзве. Шышкі маюць трохвугольную форму. Галінкі размешчаны высока над зямлёй, – выкрыкнула трэцяя расліна. (Сасна)

– А паглядзіце, якая я прыгожая. Лісты мае нагадваюць пяро птушкі. Ягады сакавітыя, чырвонага колеру, але горкія, – адазвалася наступная расліна. (Рабіна)

Настаўнік:

Здагадаліся?

* Па якіх характэрных прыкметах вы іх распазналі? (Карыстаемся зводнымі табліцамі для развіцця крытычнага мыслення)

* Як адным словам можна назваць усе аб’екты? (Расліны)

* На якія тры групы можна раздзяліць расліны? (Дрэвы, кусты, травы)

* Якая з гэтых раслін лішняя і чаму? (Ляшчына або арэшнік, бо гэта куст). Дакажыце.

* А на якія дзве групы іх можна раздзяліць? (Дзікарослыя і культурныя)

2. Састаўленне кластара.

– Прывядзіце прыклад культурных раслін. (Адказы навучэнцаў)

– Чаму дзікарослыя расліны маюць такую назву? (Дзікарослыя расліны, у адрозненне ад культурных, могуць жыць у прыродзе без дапамогі чалавека)

– Назавіце дзікарослыя кусты і іх адметныя рысы. (Выказванні навучэнцаў)

– Якую карысць дзікарослыя кусты прыносяць людзям і жывёлам?

3.Работа ў парах. Гульнявое практыкаванне “Лішняя расліна”.

Дадатак 1.

Ваша задача: закрэсліць у радзе лішнюю расліну.

Ажына, брызгліна, бэз, клён.

Ядловец, глог, каліна, крушына.

Шыпшына, парэчкі, ляшчына, маліна.

(Праверка па ключы, размешчаным на дошцы)

– Дзе могуць расці названыя кусты? (Адказы вучняў.)

– А вы любіце бываць у лесе? За што вы яго любіце?

– А хто з’яўляецца гаспадаром лесу? Помніце яго? (Лесавічок. Паказ выявы Лесавічка.) Дадатак 2.

– Бачыце, які ён сур’ёзны. На самай справе ён вельмі добры, гасцінны і мудры. У лес ён пускае толькі тых, хто ведае правілы паводзін у лесе. Давайце ўспомнім і паабяцаем Лесавічку, што:

а) хадзіць будзем па сцяжынках, каб не патаптаць расліны;

б) не будзем крычаць, каб не парушаць пакой лясных жыхароў;

в) не будзем крыўдзіць у лесе нікога: ні жукоў, ні жаб, ні мурашак, ні птушак, пры сустрэчы з імі асцярожна праходзіць міма, уступаць дарогу;

г) смецце з лесу будзем забіраць з сабой.

д) не будзем рваць без патрэбы расліны, жывымі яны будуць доўга радаваць і нас, і лес.

– Запомніце яшчэ адно правіла: не трэба хадзіць у лес без дарослых, а дарослым таксама пажадана не хадзіць у лес па аднаму, каб не здарылася бяды… А зараз закрываем вочкі далонямі і паўтараем за мной:

Тары-бары, бягуць хмары,

Шуры-муры, ходзяць буры.

Дзень прыдзі, а ноч сыдзі.

Дзіўны дзед Лесавічок,

Перанясі нас у лясок.

Вось мы і ў лесе. Вашай увазе пісьмы-падказкі ад Лесавічка. Прыгожы лес? (Навучэнцы разглядваюць і называюць дрэвы.) У лесе цудоўна. Ідзем, прыслухоўваемся.

– Ой, ой, дзеці, у мяне праблема. Вельмі забалела нага. Я яе нацерла? Што рабіць? Як ісці далей? А вам без дарослых нельга ў лес. Вы ж далі абяцанне Лесавічку.

* Можа, хто з вас падкажа, што мне рабіць, калі мазоль на назе?

* А дзе вашы мамы бяруць лекі? (У аптэцы)

* А што такое аптэка? (Установа, дзе прадаюць лекавыя сродкі)

* А ці ведаеце вы, што лес таксама лічаць аптэкай? Яго называюць прыроднай або зялёнай аптэкай. А лекі ў ім – расліны.

  1. . Этап паведамлення тэмы і пастаноўкі мэты ўрока.
  2.  

– Сёння мы з вамі пазнаёмімся з лекавымі раслінамі, іх значэннем у жыцці чалавека, будзем вучыцца знаходзіць іх у прыродзе, адрозніваць ад іншых раслін.

  1. . Этап засваення новых ведаў.

1. Гісторыя ўзнікнення лекавых раслін.

– А як жа людзі даведаліся пра лекавыя расліны? Яшчэ першабытны чалавек зразумеў, што прырода не толькі крыніца харчавання, але і доктар. Людзі заўважылі, што хворыя жывёлы шукаюць траву і смакуюць, пасля чаго яны пазбаўляюцца хваробы. Так і чалавек пачаў шукаць дапамогі ў раслін. Але перш, чым знайсці карысную расліну, трэба было яе доўга і асцярожна правяраць. Людзей, якія збіралі травы, сушылі і выкарыстоўвалі пры лячэнні хваробы, называлі траўнікамі. Іх лічылі мудрымі, а яшчэ называлі знахарамі. Не адзін раз памыляліся траўнікі, а людзі паміралі.

Можа і мне звярнуцца ў зялёную аптэку? Але якія лекі шукаць і дзе? Можа вы мне падкажаце? (Меркаванні вучняў.) Тады давайце папросім дапамогі ў Лесавічка?

Доўга чакаць не прыйшлося. Вось што параіў гаспадар лесу: “Калі хто натрэ нагу або парэжацца, шукайце “зялёны бінт. У яго шырокія авальныя лісты з трывалымі жылкамі. Такімі трывалымі, што ліст цяжка адарваць. Кветкі расліны дробныя-дробныя, сабраны ў вузкі каласок на верхняй частцы стрэлачкі-сцяблінкі”.

Што ж гэта за “зялёны бінт?” Дапамог дык дапамог Лесавічок.

2. Работа з падручнікам (с. 52).

– Давайце звернемся да нашага сябра падручніка. Што гэта за расліна? (Распазнаванне расліны па апісанні Лесавічка). Знайдзіце расліну ў гербарыях. Так. Глянем на падказку Лесавічка. Гэта трыпутнік. (Назва расліны і выява дэманструюцца на дошцы). Вы не адзін раз з ім сустракаліся. На рускай мове гучыць “подорожник”. (Дзеці працуюць у парах)

– Стаіць як салдацік ля дарогі і быццам гаворыць: “Сарві мой лісток, спаласні ў чыстай вадзе і прыкладзі да ранкі. Я суцішу боль, дапамагу ранцы хутчэй зацягнуцца. А каб лекавыя якасці больш праявіліся, патры лісток або падрапай, каб з’явіўся сок”. Трыпутнік называюць сябрам турыстаў.

Фізкультхвілінка. (Гучыць спакойная музыка, якая перадае гукі лесу)

Крочым, крочым і прыйшлі на лясную палянку. Які цуд! Колькі тут кветачак – прысядаем і нюхаем кветачкі.

Прыгожа кружацца рознакаляровыя матылёчкі – узмахі рукамі.

То тут, то там чуваць гукі птушак – павароты ўправа, улева.

І злева, і справа патрэскваюць галінкі – спыніліся і прыслухаліся.

Якая прыгажосць! Паднімаем рукі ўверх і кружымся.

– А калі трыпутніка не аказалася побач, якая расліна можа нам дапамагчы? (Звяртаемся за падказкай да Лесавічка). Лесавічок падказвае, што такая расліна ёсць. На старонцы 52 падручніка зачытайце яе назву. (Крываўнік) Так. Гэта крываўнік. Ён добра зацягвае раны і спыняе крывацёк. Адсюль яго назва.

– Зараз мы з вамі правядзём даследаванне. А ці ведаеце вы, хто такія даследчыкі? (Адказы вучняў). Даследчыкі – гэта людзі, якія займаюцца навуковай дзейнасцю. (На дошцы размяшчаецца картка). Што будзе прадметам даследавання?

Работа ў парах. Вучні працуюць з гербарыем.

Па якіх прыкметах яго можна пазнаць?

Адказы дзяцей:

Сцябло: высокае. Кветкі: белыя або ружаватыя, сабраныя ў суквецці, нагадваюць шапку.

– Давайце праверым, ці правільна вылучылі адрозненні крываўніка ад іншых раслін. (Зачытванне апісання на картках і параўнанне з тым, што даследавалі)

– Дзе расце расліна?​

– Да якой групы аднясём лекавыя расліны? Гляньце на кластар. Ёсць два варыянты: дзікарослыя і культурныя. (Адказы навучэнцаў) Дакажыце чаму?

 

6. Выступленні вучняў.

Настаўнік.

– Чаму адсутнічаюць вашы аднакласнікі? (Адказы дзяцей: прастудзіліся, кашляюць, насмарк, баліць горла). На мінулым уроку перад вамі была пастаўлена задача: спытаць у бабуль, чым яны лячылі сваіх дзяцей. Па магчымасці знайсці малюнкі з выявамі лекавых раслін, можна прынесці самі ягадкі, варэнне з іх.

– Якімі травамі і ягадамі лечаць прастуду? Выступленне дзяўчынкі, якая дэманструе ліпавы цвет (малюнак). Выступленне хлопчыка. У яго руках маленькі слоік з малінавым варэннем. А таксама галінкі маліны, адлюстраваныя на паперы.

Наступны расказ ад хлопчыка, які дэманструе аптэчны рамонак з гербарыя і расказвае, як яго бабуля паласкала яму горла адварам рамонку.

Далей дзяўчынка паказвае засушаны букецік зверабою, нарыхтаваны бабуляй для таго, каб лячыць моцны кашаль. І не толькі: зверабой дапамагае пры болях у жываце і пры галаўных болях.

Настаўнік:

Малайцы. Пастараліся. Падзяліліся рэцэптамі бабуль.

 

7. Дэманстрацыя лекавых раслін настаўнікам.

Навучэнцы называюць знаёмыя расліны.

Чарніцы: рэкамендуюць сокам чарніц прамываць вочы; калі баліць жывот вельмі карысна есці сухія чарніцы.

Лісточкі і суквецці падбелу выкарыстоўваюць пры захворваннях верхніх дыхальных шляхоў і лёгкіх. А таксама пры хваробах страўніка. Свежыя лісточкі прыкладаюць да ран, фурункулаў, нарываў, каб паскорыць зажыўленне.

Маліна – гарачкапаніжальная расліна. Выкарыстоўваюць ягадкі, лісточкі, з якіх гатуюць гаючыя настоі і чаі пры прастудзе і лячэнні страўніка, а з карэння гатуюць адвар, які карысны дзецям пры алергіі.

Дапаўненне пра зверабой. Яго называюць травой ад 99 хвароб. Адвар травы зверабою выкарыстоўваюць, калі баляць ныркі. Яго масла дапамагае пры хваробах страўніка і кішэчніка, яго таксама выкарыстоўваюць пры захворваннях скуры, праціраюць твар пры вугрыстым сыпу.

А хто з вас прымаў ванны з дабаўленнем лекавых траў?

Чулі пра такое захворванне, як рахіт? У дзяцей бледная скура, адсутнічае апетыт, мышцы вялыя, з-пад скуры прасвечваюцца вены. Вельмі карысныя ванны з аіру (паказ расліны). Ванны з пупышак сасны, у якіх утрымліваюцца эфірныя маслы, супакойваюць, умацоўваюць сэрца і нервовую сістэму, паляпшаюць сон, вельмі карысныя пры хваробе лёгкіх. Што вельмі актуальна ў наш час.

 

8. Работа з падручнікам (с. 52).

Разгледзьце малюнкі. Якія з раслін дапамогуць у адлюстраваных выпадках?

Зачытванне інфармацыі аб лекавых раслінах і іх уласцівасцях.

 

9. Правілы збору лекавых раслін.

Настаўнік.

– Яшчэ раз давайце назавём лекавыя расліны, якія не пераблытаеце ні з якімі другімі. (Адказы вучняў). Малайцы. Іх трэба добра ведаць, а калі ўзнікае сумненне, то лепш расліны не збіраць. А вам прыходзілася збіраць лекавыя расліны? Дзе сушаць іх бабулі?

* Збіраюць травы ў сухое надвор’е. Большасць траў сушаць у цяньку з пастаянным праветрываннем. Пры зборы кветак частку з іх пакідаюць на расліне. Як вы думаеце, чаму?

* Забараняецца збіраць расліны каля дарог. Падумайце, чаму?

* Забараняецца збіраць рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Чаму?

* Захоўваць высушаныя травы трэба ў пакетах з паперы, у шкляных слоіках. Абавязкова трэба падпісваць траву і дату яе збору.

* Вось некаторыя тэрміны захоўвання лекаў: травы, кветкі, пупышкі – два гады; плады – 3 гады; карані, кара – да пяці гадоў.

 

  1. . Этап замацавання новых ведаў

– Дзякуй Лесавічку за дапамогу. А цяпер пара вяртацца ў наш клас. У гэтым нам дапаможа Лесавічок. Закрываем вочкі далонямі і паўтараем за мной:

Тары-бары, бягуць хмары,

Шуры-муры, ходзяць буры.

Дзень прыдзі, а ноч сыдзі.

Дзіўны дзед Лесавічок,

Перанясі нас у наш клас.

І зноў мы ў цёплым і ўтульным класе. Зараз праверым, чым вы падзеліцеся дома ад пачутага на ўроку, назвы якіх раслін засталіся ў вашай памяці.

Работа ў парах.

1 заданне: сабраць выяву расліны з пазлаў, суаднесці з назвай на картцы; назваць хваробу або сімптомы захворванняў, пры якіх дапаможа гэтая расліна.

2 заданне: прадоўжыце фразу “Збірай расліны ў …”.

3 заданне: закрэсліце няправільнае “Зрывай усе расліны на палянцы”.

 

  1. . Этап падвядзення вынікаў урока. Рэфлексія

Падвядзём вынікі ўрока. Успомнім, чаму быў прысвечаны ўрок.

Сумеснае састаўленне сінквейна.

1. Аб’ект вывучэння (расліны).

2. Прыметы аб’екта (лекавыя, карысныя).

3. Што даюць, робяць лекавыя расліны (зажыўляюць, змагаюцца, ратуюць).

4. Адносіны да аб’екта вывучэння (лекавыя расліны – дапамога ад хваробы).

5. Сэнс вывучэння аб’екта (здароўе або выратаванне).

Расліны.

Лекавыя. Карысныя.

Зажыўляюць. Змагаюцца. Ратуюць.

Лекавыя расліны – дапамога ад хваробы.

Здароўе.

  1. . Этап інфармавання аб дамашнім заданні

Прачытаць тэксты на с. 51-52, падрыхтаваць расказ аб адной з лекавых раслін, падабраць загадкі-апісанні пра лекавыя расліны (заданні на выбар).

Дзякуй за работу! Ваша работа варта высокай адзнакі. Малайцы!

Таццяна ПАШАЛЮК, настаўніца пачатковых класаў

Пагост-Загародскай сярэдняй школы імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія,

Пінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.