Вы тут

Расадныя лайфхакі


Вырошчванне расады агародных і кветкавых культур — справа займальная, але вельмі адказная. Калі пачынаюцца пасадкі, важна нічога не ўпусціць і ўсю работу праводзіць своечасова.


Фота: pexels.com

Выбірайце правераныя раяніраваныя сарты

Не імкніцеся кожны год набываць навінкі. Вядома, эксперыменты на ўчастку — гэта заўсёды цікава, але каб атрымаць гарантаваны ўраджай, аддавайце перавагу правераным сартам і гібрыдам, якія падыходзяць для рэгіёна.

Разлічыце дату сяўбы

Перац і баклажаны высяваюць за 65-85 дзён да меркаванай даты «пераезду» на градку, таматы — за 50-60 дзён, капусту — за 35-40 дзён, а расада агуркоў і гарбузоў вырасце за 25-30 дзён.

Вылічваючы тэрміны сяўбы, не забудзьцеся дадаць час на прарастанне насення. Калі ўсходы агуркоў з`яўляюцца на чацвёрты—шосты дзень пасля сяўбы, то парасткі баклажанаў могуць з'явіцца толькі праз 10-12 дзён.

Падрыхтуйце насенне да сяўбы

Насенне, пакрытае пажыўнай абалонкай, апрацоўваць і замочваць не трэба. Але калі на ўпакоўцы не пазначана, што пасяўны матэрыял пратручаны, ці калі вы выкарыстоўваеце сваё насенне, яго варта падрыхтаваць да сяўбы.

Для абеззаражвання насення можна выкарыстоўваць біяфунгіцыды «Фітаспарын», «Спорабактэрын», а таксама 0,5 %-ны раствор марганцоўкі (замачыць на 20 хвілін, прамыць праточнай вадой). Каб палепшыць усходжасць насення, яго можна таксама замачыць у растворы стымулятару росту ці комплекснага мінеральнага ўгнаення.

Угнаенне разводзяць вадой паводле інструкцыі. Загортваюць насенне ў тканіну і апускаюць на 2 гадзіны ў раствор. Затым вымаюць і, не прамываючы, пакідаюць для набракання пры тэмпературы 23-25 °C на суткі. Неабходна сачыць, каб тканіна заставалася вільготнай.

Можна таксама выкарыстоўваць народныя сродкі, якія стымулююць прарастанне насення: настой драўнянага попелу (1 ч. л. на шклянку вады), мёд (1 ч. л. на шклянку вады) або сок алоэ, разведзены талай або пітной вадой у прапорцыі 1:1. У такіх растворах можна вытрымліваць насенне на працягу 5-6 гадзін.

Перш чым замочваць насенне ў соку алоэ, зрэзаныя ніжнія лісты вытрымліваюць у халадзільніку каля двух тыдняў. Да зразання лісця саму расліну не паліваюць мінімум тыдзень, каб канцэнтрацыя карысных рэчываў была максімальнай.

У соку алоэ можна замочваць насенне таматаў, баклажанаў, капусты, радыскі. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць алоэ для апрацоўкі насення перцу, кабачкоў, гарбузоў, агуркоў, цыбулі, сельдэрэю.

Каб падвысіць холадаўстойлівасць і стрэсаўстойлівасць будучай расады, пасяўны матэрыял рэкамендуецца гартаваць. Для гэтага набраклае насенне кладуць на 10-12 гадзін на ніжнюю паліцу халадзільніка. А затым дастаюць і праз 12 гадзін зноў паўтараюць гартаванне. Каб атрымаць патрэбны эфект, дастаткова выканаць такую працэдуру тройчы.

Выкарыстоўвайце якасны пажыўны грунт

Грунт для вырошчвання расады павінен быць пажыўным, рыхлым і вільгацяёмістым, мець нейтральную кіслотнасць (6,5-7 pH). Большасць магазінных грунтоў — гэта раскіслены торф з пяском (або перлітам) і ўгнаеннямі. Такі грунт падыходзіць для вырошчвання расады на пачатковай стадыі, паколькі торф змяшчае фенольныя злучэнні, якія перашкаджаюць развіццю каранёвых і прыкаранёвых гніляў. Але калі вы плануеце вырошчваць расаду без пікіроўкі, варта адразу набываць больш урадлівы грунт, у склад якога ўваходзіць біягумус. Можна таксама купіць біягумус асобна і змяшаць яго з тарфяным субстратам у прапорцыі 1:1.

Дасведчаныя агароднікі часта рыхтуюць грунт самастойна, змешваючы торф, спелы кампост, пясок, перагной і глебу з тых месцаў, дзе раслі шматгадовыя травы, бабовыя, збожжавыя культуры, крапіва. Грунт уласнай падрыхтоўкі перад сяўбой насення трэба абеззаражваць: прапарваць, гартаваць ці паліваць растворам біяфунгіцыду.

Высявайце насенне адразу ў асобныя ёмістасці

Сеянцы многіх культур дрэнна пераносяць перасадку: балюча рэагуюць на пашкоджанні каранёвай сістэмы. Да такіх раслін адносяцца ўсе гарбузовыя, а таксама перац і баклажаны. Насенне гэтых культур пажадана высяваць адразу ў асобныя ёмістасці. Калі вы высяваеце насенне гародніны ў агульны кантэйнер, не загушчайце пасевы, каб усходы менш хварэлі і іх карані не перапляталіся. Пры сяўбе таматаў аптымальная адлегласць паміж насеннем складае 3-4 см.

Забяспечце правільны тэмпературны рэжым

Аптымальная тэмпература для прарастання насення большасці агародных культур складае 23-25 ??°C. Але як толькі з'явяцца першыя парасткі, ёмістасці трэба адразу ж перанесці на 7-10 дзён у больш прахалоднае і добра асветленае месца, інакш сеянцы хутка выцягнуцца.

У дадзены перыяд сярэдняя тэмпература для вырошчвання таматаў — 15—17 °С, перцу, агуркоў, баклажанаў — 16—18 °С. Праз 7—10 дзён тэмпературу трэба на некалькі градусаў павысіць. Для большасці цеплалюбівых культур сярэдняя тэмпература вырошчвання павінна складаць 20—22 °C днём і 16—18 °C уначы. Калі сеянцы пачынаюць выцягвацца, можна зноў панізіць тэмпературу на некалькі градусаў.

Арганізуйце падсвечванне

Святло вельмі важнае для паўнавартаснага развіцця раслін. Пры нізкай асветленасці працэсы фотасінтэзу запавольваюцца, расада выцягваецца. Ні надземная частка, ні каранёвая сістэма не могуць паўнавартасна развівацца.

Для паўнацэннага развіцця сеянцам трэба за суткі мінімум 12-14 гадзін інтэнсіўнага асвятлення. Таму ў лютым, калі светлавы дзень яшчэ недастаткова доўгі, трэба арганізаваць падсвечванне ў ранішнія і вячэрнія гадзіны, а таксама ў пахмурнае надвор'е. Для гэтага можна выкарыстоўваць бытавыя люмінесцэнтныя лямпы або спецыяльныя фіталямпы: фіталюмінесцэнтныя, святлодыёдныя, натрыевыя, індукцыйныя. Яны спажываюць няшмат электраэнергіі і выпраменьваюць святло ў тым дыяпазоне, які неабходны раслінам. Для большай эфектыўнасці работы лямпаў можна ўстанавіць святлоадбівальны экран з фольгі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.