Вы тут

Раім схадзіць


«Музыка перш за ўсё…», выстава «FASHION-ілюстрацыя», «Гарошакмаркет», выстава жывапісу «Вернісаж-4», літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Зямля навагрудская, краю мой родны!..», мастацка-дакументальная выстава «Пуцявіны роднага слова», экскурсія ў музеі архітэктурных мініяцюр «Краіна міні»​ і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


«Музыка перш за ўсё…»

 

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.

Калі: 26 студзеня 

Колькі: 10 BYN

26 студзеня а 19-й гадзіне Літаратурны музей Максіма Багдановіча распачынае шэраг сумесных мерапрыемстваў з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй і запрашае вас на канцэрт ансамбля салістаў «Класік-Авангард» (мастацкі кіраўнік — Людміла Каліноўская). Неабмежаваная жанрава-стылістычная палітра рэпертуара, няспынныя творчыя пошукі, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства — асноўныя характарыстыкі гэтага «маленькага аркестра»: Юрый Каліноўскі (скрыпка), Вікторыя Янушкевіч (флейта), Кірыл Целяпнёў (кларнет), Раман Чырык (валторна), Максім Забара (фагот), Канстанцін Дарашэнка (альт), Андрэй Іваноў (фартэпіяна).

Прагучаць вядомыя музычныя кампазіцыі: дуэт Ф. Хофмайстэра, уверцюра Э. Шпіса, дывертысмент В. А. Моцарта, саната Э. Ізаі, музыка з балета «Рамэа i Джульета» С. Пракоф’ева, накцюрн Л. Жадэна, інтэрмецца А. Цфасмана.


Выстава «FASHION-ілюстрацыя»

 

Дзе: Нацыянальная бібліятэка, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: 27 студзеня — 16 мая

Экспазіцыя ладзіцца ў межах штогадовага выставачнага праекта «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі» і прадставіць гісторыю ўзнікнення і досвед развіцця fashion-ілюстрацыі — мастацтва перадачы модных ідэй у візуальнай форме.

На выставе гледачоў чакаюць:

  • факсімільныя выданні летапісных зводаў еўрапейскіх і беларускіх земляў з выявамі адзення тагачаснага насельніцтва і зборамі саслоўных партрэтаў вышэйшых слаёў грамадства;
  • мода XVIII—ХІХ стст. — арыгінальныя аўтарскія гравюры з выявамі жаночых і мужчынскіх касцюмаў, лепшыя часопісы моды еўрапейскіх і расійскіх выдаўцоў;
  • модныя вобразы ХХ ст. — работы знакамітых Бакста і Эртэ, альбомы Дамоў моды і часопісы выдавецтваў СССР і БССР, папулярныя ва ўсім свеце часопісы Vogue, Harper’s Bazaar, Marie Claire, Elle з выявамі стыльных мадэляў ад Г. Шанэль, П. Кардэна, І. Сэн-Ларана;
  • уражлівыя і пачуццёвыя акварэлі беларускай fashion-ілюстратаркі Веранікі Талецкай;
  • творчыя працы студэнтаў кафедры дызайна моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ.

Увага! Толькі ў дзень адкрыцця ў гледачоў будзе рэдкая магчымасць убачыць збор гравюр моднага адзення розных краін свету ў арыгінале выдання XVI ст. (1590), ілюстраванага італьянскім мастаком і гравёрам Чэзарэ Вячэліа.


Выстава жывапісу «Вернісаж-4»

 

Дзе: кінатэатр «Цэнтральны», пр-т Незалежнасці, 13

Калі: 28 студзеня — 27 лютага  

Колькі: бясплатна 

28 студзеня 2022 года ў 18: 30 у кінатэатры «Цэнтральны» адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу вучняў арт-студыі «ОХРА».

У экспазіцыі выставы прадстаўлены працы 20-ці незвычайных мастакоў. Больш за 30 твораў выкананы рукамі таленавітых юрыстаў, праграмістаў, маркетолагаў, бухгалтараў і іншых прафесій...

У экспазіцыі «Вернісаж-4» прадстаўлены сюжэты ў розных тэхніках і стылях жывапісу. Гэтай выставай аўтары хочуць надаць веры ўсім, хто хацеў бы паспрабаваць маляваць, але не адважваўся раней гэта зрабіць.


«Гарошакмаркет»

Дзе: ГЗЦ Dana Mall, вул. Пятра Мсціслаўца, 11

Калі: 29-30 студзеня 

Колькі: бясплатна

Гарошакмаркет у ГЗЦ Dana Mall адбудзецца 29 і 30 студзеня.

Вас чакаюць утульная атмасфера творчасці, незвычайныя штучкі, прыемныя падарункі сабе і блізкім.

На маркеце можна прыемна правесці час і набыць ўпрыгажэнні з эпаксіднай смалы, пацерак і натуральных камянёў, арыгінальныя вырабы з дубу, інтэр’ерныя пано і цацкі, свечкі з соевага воску і крэатыўныя галаўныя ўборы.

Маркет будзе знаходзіцца на другім паверсе ГЗЦ Dana Mall.

Даведкі тут


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Зямля навагрудская, краю мой родны!..»

Дзе: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Калі: да 18 лютага

Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Зямля навагрудская, краю мой родны!..» прымеркавана да 190-годдзя з дня стварэння велічнай эпапеі Адама Міцкевіча, поўная назва якой — «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве». Шляхецкая гісторыя 1811-1812 гадоў у дванаццаці кнігах вершам.

У аснову экспазіцыі пакладзена фотавыстава «Па мясцінах Адама Міцкевіча», якая стала вынікам міжнароднага фотапленэра, які адбыўся ў 2008 г.

На экспазіцыі прадстаўлены творчыя працы фотамастакоў-беларусаў Валерыя Сібрыкава, Сяргея Плыткевіча, Валерыя Вядрэнкі, Віктара Сядых, Наталлі Ракіцкай, літоўцаў Сігітаса Канцявічуса, Рамуальдаса Вайткуса, паляка Ежы Пёнтака і інш.

Акцэнт зроблены на рукапісах паэмы ў перакладзе Пятра Бітэля і Язэпа Семяжона.

У вітрынах можна пабачыць выданні паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча ў перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Браніслава Тарашкевіча, Пятра Бітэля і Язэпа Семяжона, выданні на польскай мове. А таксама выданне «Пан Тадэвуш або апошні наезд у Літве» на польскай, беларускай і рускай мовах 1998 г.

Цэнтральнае месца экспазіцыі займае скульптура «Адам Міцкевіч» аўтара Андрэя Міхайлавіча Заспіцкага (Мінск, 1998).


Мастацка-дакументальная выстава «Пуцявіны роднага слова»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.

Калі: да 18 лютага

Мастацка-дакументальная выстава «Пуцявіны роднага слова», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага даследчыка Сцяпана Александровіча, створана на падставе экспанатаў з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і матэрыялаў, якія захоўваюцца ў сямейным архіве Александровічаў. Выказваем шчырыя словы ўдзячнасці Ірыне Сцяпанаўне Александровіч, дачцэ літаратуразнаўца, за магчымасць прэзентаваць каштоўныя фотаздымкі, рабочыя сшыткі, лісты і кнігі даследчыка, прысвечаныя знакавым постацям беларускай культуры. 


Выставачны праект «Час цыклонаў. Жывапіс і графіка Галіны Нячаевай»

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей РБ, г. Мінск, вул. Леніна, 20 

Калі: да 29 студзеня 

Колькі: 6 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам/школьнікам 

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрыўся выставачны праект «Час цыклонаў. Жывапіс і графіка Галіны Нячаевай», прымеркаваны да юбілею аўтара.

На выставе прадстаўлены творы жывапісу, графікі, паэтычныя зборнікі, мастацтвазнаўчыя манаграфіі, дзённікі і замалёўкі, а таксама веткаўскія абразы — неад’емная частка дзейнасці галіны Нячаевай па зборы музейных скарбаў.

Галіна Нячаева (г. н. 1951) — прызнаны і аўтарытэтны даследчык стараверства, традыцыйнай культуры (семіётыкі беларускага арнаменту), заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Яна стаяла ля вытокаў стварэння Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, доўгія гады была яго дырэктарам і сёння застаецца натхняльнікам калектыву аднадумцаў, адданых музейнай справы.

Акрамя таго, Галіна Нячаева вядомая як паэт і мастак, чыё глыбока філасофская творчасць спалучае ў сабе даследчую дакладнасць і яркі сімвалізм. Выстава працягнецца да 29 студзеня.


Інклюзіўная выстаўка адкрываецца ў галерэі «АртХаос»

 

Дзе: г. Мінск, вул. П. Мсціслаўца, 11, 1 паверх, пам. 187, ГЦ «Дана Мол»

Калі: да 30 студзеня

Колькі: бясплатна

Хадзіць на выстаўкі вядомых мастакоў, канешне, цікава, але ўжо звыкла. А вось прыйсці на выставу карцін, якія намалявалі таленавітыя і мужныя дзеці — справа незвычайная і карысная. У мастацкай галерэі «АртХаос» 20 студзеня адкрываецца першая ў Беларусі выстаўка карцін «асаблівых» мастачак: двайнятак з дзіцячым-цэрэбральным паралічом Дашы і Ксюшы, а таксама іх мамы Крысціны Жук. Ідэйны натхняльнік і ініцыятар выстаўкі Крысціна Жук — творчая асоба, якую натхняюць яркія краскі, надаючы ёй энергію і сілу духа. Даша і Ксюша ад сваёй мамы не адстаюць. Дзяўчынкі не могуць самастойна хадзіць і сядзець, але гэта не перашкадджае ім маляваць.

Дапамагае мама, якая на прыкладзе сваёй сям’і, паказвае, што мастацтва лечыць. У таленавітай сям’і ўжо ёсць свой фірменны стыль — акруглыя лініі і яркія фарбы, якія адлюстроўваюць пазітыўныя эмоцыі. Інакш немагчыма. Нягледзячы на цяжкі дыягназ, Даша і Ксюша радуюцца, смяюцца, вучацца і сваёй творчасцю, нясуць гэтаму свету прыгажосць і яркія фарбы. І, магчыма, самі таго не ўяляючы, дзяўчынкі робяць вельмі важную справу — паказваюць людзям, што ўсё магчыма, варта толькі захацець. Карціны Дашы і Ксюшы не адпавядаюць патрабаванням, якія сучасныя крытыкі прад’яўляюць для свайго аналізу. Але ці важна гэта, калі яны прасякнуты душэўнай цеплынёй і пазітывам?

«Творчасць, любоў і стварэнне — гэта аснова міру і адносін людзей памиж сабой. Гэта без межаў, без узросту і без усялякіх умоўнасцяў. І пацвярджэнне гэтай ідэі — з’ява, якую нам адкрывае дзіўная жанчына Крысціна Жук, маці дзвюх дзяўчынак блізнят, дзяцей з асаблівасцямі развіцця. У гэтай выставе, у гэтых работах кожны можа здзівіцца, парадавацца і адкрыць нейкія цудоўныя бакі сваёй асобы. Арт-тэрапія ў працы з такімі дзеткамі, адзін з самых выдатных інструментаў, які адкрывае магчымасці і рэсурсы чалавека. З дзецьмі з асаблівасцямі развіцця ўстанаўліваць камунікацыю дастаткова няпроста. І самая лепшая камунікацыя — праз творчасці і рэсурсы чалавека, якія закладзены ў ім першапачаткова. Важна бачыць у чалавеку здароўе, а не хваробу, бачыць у чалавеку святло, сілу, магчымасці, а не абмежаванні, боль і пакуты», — адзначыла псіхолаг, арт-тэрапеўт Алена Казлоўская. На адкрыцці выстаўкі яна падрабязней раскажа пра ўплыў арт-тэрапіі на развіццё асаблівых дзяцей. 

Адкрыццё выстаўкі «Super Twins» адбудзецца ў мастацкай галерэі «АртХаос» 20 студзеня ў 18.00. Усе сродкі ад рэалізацыі рэпрадукцый карцін будуць накіраваныя на рэабілітацыю Дашы і Ксюшы.

Валерыя СЦЯЦКО


Літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння»

Дзе: «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры», г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 студзеня

23 лістапада 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння», прымеркаванай да 110-годдзя Юлія Таўбіна, 115-годдзяў Андрэя Александровіча і Алеся Салагуба, 120-годдзяў Міхася Зарэцкага і Віталя Вольскага, 125-годдзяў Кандрата Крапівы, Майсея Кульбака, Міхася Чарота, 135-годдзя Змітрака Бядулі.

Дзесяцігоддзе 20-30-х гадоў ХХ ст. — адна з самых яскравых старонак у гісторыі Беларусі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда маладых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Гэты час быў вельмі спрыяльны для развіцця нацыянальнай культуры і навукі, яго называюць «залатой раніцай» беларускага адраджэння.

У 1920 годзе быў адкрыты Беларускі педтэхнікум — «сад-гадавальнік» беларускіх пісьменнікаў. У 1921 годзе адчыніліся дзверы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэты час былі арганізаваны вядучыя тэатры — беларускія, польскі і яўрэйскі. У 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота «Свінапас» здымаецца першая беларуская кінастужка «Лясная быль».

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Звязда», «Літаратара і мастацтва» «Беларуская вёска» і іншых друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Сярод супрацоўнікаў рэдакцый было нямала паэтаў і празаікаў. Папулярныя часопісы тых гадоў: «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Іскры Ільіча», «Штэрн» і інш.

Наведвальнікі пазнаёмяцца з беларускім друкам таго часу, мастацкімі творамі юбіляраў, даведаюцца пра тое, як «віравала» тэатральнае жыццё.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кантактныя тэлефоны: +375 17 363-56-21, +375 17 395-44-47.


«Навагодняя выстава»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 13 лютага

Колькі: 8 BYN — дарослым; 6 BYN — студэнтам; 4 BYN — ільготны 

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачала сваю працу «Навагодняя выстава», на якой вы апыняцеся ў чароўнай святочнай атмасферы і адчуеце прыемныя эмоцыі.

У экспазіцыі прадстаўлены скульптурныя кампазіцыі з натуральных прыродных матэрыялаў, створаныя дызайнерам Генадзем Катлінскім. Наведвальнікі змогуць убачыць фігуркі Дзядоў Марозаў і Снягурак пачатку-сярэдзіны ХХ стагоддзя, Беларускі народны лялечны тэатр (батлейка), казачныя домікі і герояў дзіцячых казак.

Акрамя таго, гасцям будзе прадстаўлены ўнікальны экспазіцыйны комплекс «Друкаваны двор XVI стагоддзя», дзе Беласнежка і сем гномаў працуюць у мініяцюрнай старадаўняй друкарні, каб нават самыя маленькія наведвальнікі змаглі ўявіць, як адбываецца складаны тэхналагічны працэс вырабу паперы і кнігадрукавання.

«Навагодняя выстава» дазволіць апынуцца ўнутры каляднай паштоўкі, акунуцца ў атмасферу цуду і радасці ды парадуе магчымасцю зрабіць яркія маляўнічыя фатаграфіі.

Час працы: штодня з 11:00 да 19:00


Выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 13 лютага

Колькі: 12 BYN — дарослым; 10 BYN — студэнтам; 8 BYN — ільготны 

9 снежня ў 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў пачне сваю працу выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату», дзе будуць прадстаўлены карціны, графіка, фатаграфія, скульптура, арт-аб’екты, звязаныя са светам татуіроўкі, а таксама абсталяванне тату-індустрыі.

У праекце прымаюць удзел вядучыя салоны і майстры тату — больш за 50 аўтараў з усёй Беларусі.

Час працы: серада-нядзеля, 12:00–20:00; выхадны: панядзелак, аўторак.


Выстава «Займальная фотатэхніка»

 

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 17 лютага

Колькі: 3,5 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам 

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачала працу выстава «Займальная фотатэхніка», прысвечаная паходжанню і ўладкаванню фотаапарата, гісторыі фатаграфіі і фатаграфічнай тэхнікі.

Фотаапарат, з’явіўшыся каля двухсот гадоў таму, трывала ўвайшоў у побыт чалавека, назаўжды змяніўшы яго ўзаемаадносіны з навакольным светам, і падаў магчымасць зафіксаваць рэальнасць у самых драбнюткіх падрабязнасцях. Сёння, калі фотакамера ёсць з сабой у кожнага, немагчыма сабе ўявіць паўсядзённае жыццё чалавека без фатаграфіі. За сваю двухсотгадовую гісторыю фотаапарат прайшоў шлях ад грувасткай камеры-обскуры да ўбудаваных у смартфоны фотакамер, якія змяшчаюцца на кончыку пальца. Выстава дэманструе ключавыя этапы гэтага шляху, дазваляе пагрузіцца ў разнастайнасць працэсаў стварэння фатаграфіі і зразумець прынцыпы працы фотаапаратаў самых розных канструкцый.

На выставе прадстаўлены шырокі спектр мадэляў фотаапаратаў, сярод якіх тэхніка, вырабленая ў Германіі, Японіі, СССР, Польшчы, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Кітаі, Вялікабрытаніі. Найбольш раннія з прадстаўленых фотаапаратаў датуюцца першым дзесяцігоддзем ХХ ст. (стэрэафотаапарат Le Glyphoscope, 1905 г.), найбольш пазнейшыя — канцом ХХ ст. Сярод прадметаў ёсць рэдкія і ўнікальныя ўзоры: праекціровачныя мадэлі фотаапаратаў «Зеніт» 1980-х гг., стэрэафотаапараты для здымкі трохмерных малюнкаў, фотаапараты рэдкай канструкцыі: мікрафотаапараты, фотаапарат у форме гадзін ды іншыя. Большая частка прадметаў ілюструе этап развіцця фотатэхнікі перыяду 1930-1980-х гг. і ўяўляе шырокі спектр канструктыўных асаблівасцяў фотаапаратаў гэтага перыяду.

Фотатэматыку развіваюць фатаграфіі Мінска 1980-х гадоў Вадзіма Качана, арыгінальныя фотакарткі з відамі горада 1900-1920-х гг., узоры прыстасаванняў для праяўкі фатаграфій, стэрэапары ды іншыя прадметы з калекцыі Музея гісторыі горада Мінска, якія ахопліваюць перыяд развіцця фотатэхнікі канца ХІХ-ХХ стст.

Наведвальнікам прапануецца магчымасць паглядзець на аб’ёмныя фотавыявы праз стэрэаскоп і сфатаграфавацца ў фотаатэлье на фоне Мінска пачатку ХХ ст.

Выстава працуе да 17 лютага 2022 года.


Мастацка-дакументальная выстава «Пад знакам Страціма»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 7а

Калі: да 30 сакавіка 

Для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча 2021 год насычаны на юбілейныя даты: 130-годдзе з дня нараджэнне паэта, 105-годдзе вяртання Максіма Багдановіча на радзіму, а таксама 105-годдзе напісання твора «Страцім-лебедзь».

Аднаму з апошніх твораў Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь» літаратуразнаўцы не могуць вызначыць форму: паэма, балада, верш. А самога аўтара называюць Страцімам-лебедзем беларускай літаратуры.

У вершы раскрываецца біблейская тэма сусветнага патопу: міфічная птушка Страцім-лебедзь загінула з-за свайго ганарлівага нораву, і ад яе не засталося нашчадкаў. Прамых нашчадкаў ад шлюбу Адама і Марыі Багдановічаў не засталося. Велізарны патэнцыял быў закладзены прыродай у слаўны род Багдановічаў. Шмат у чым ён быў рэалізаваны ў асобе нашага выдатнага паэта. Максім Багдановіч у справе нараджэння беларускай паэзіі мае статус гераічнага Страцім-лебедзя, ад твораў якога пачаў адлічвацца час класічнай літаратуры Беларусі.

На выставе «Пад знакам Страціма» можна ўбачыць упершыню ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча мемарыяльныя рэчы сям’і Багдановічаў. Тыя прадметы, якія захоўваліся ў іншых установах Беларусі.

Шкатулка маці Максіма з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мемарыяльныя рэчы бацькі паэта з Нацыянальнага гістарычнага музея РБ, сямейны фотальбом з Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. А дамінантай выставы з’яўляецца асабістая рэч Максіма Багдановіча — ножык для разразання паперы (з фонду НГМРБ).


Экскурсія ў музеі архітэктурных мініяцюр «Краіна міні»

Дзе: пр-т Незалежнасці, 25

Калі: да 9 верасня 

Колькі: ад 10 BYN

«Краіна міні» — гэта тэхналагічны і інтэрактыўны музей мініяцюр, дзе вы можна ўбачыць больш за 30 славутасцяў краіны: якія існуюць, так і ўжо зніклыя аб’екты архітэктуры. Частка славутасцяў прадстаўлена ў экспазіцыі ў выглядзе макетаў, а частку можна ўбачыць у віртуальнай рэальнасці.

У музеі ёсць усё для камфортнага адпачынку і арганізацыі экскурсій, а таксама правядзення розных семінараў, лекцый і майстар-класаў. Акрамя экспазіцыі, у музеі ёсць:

  • Сувенірная крама, з самай вялікай падборкай сувеніраў і падарункаў з Беларусі ад больш чым 120 беларускіх майстроў;
  • Ангельскамоўныя экскурсаводы, экскурсіі на рускай, англійскай і беларускай мовах;
  • Мабільны дадатак «Краіна міні» — гэта аўдыягід-даведнік на рускай і англійскай мовах, які можна спампаваць і ўсталяваць цалкам бясплатна;
  • Зона віртуальнай рэальнасці, дзе можна ўбачыць у здымцы 360 больш за 20 славутасцяў Беларусі, як звонку, так і ўнутры;
  • Дзве фотазоны «Беларускі дом» і «Зубр-качалка»;
  • Бясплатны хуткасны Wi-Fi;
  • Зона адпачынку з кавай і вадой;
  • У кожны квіток уваходзіць фотаздымка і аўдыягід;
  • event-прастора.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.