Вы тут

Прымірыцца. Пакуль не позна


На родных нам ці варта крыўдаваць? Развагі пра тое, як пераадолець адчужэнне паміж блізкімі людзьмі ды знайсці паразуменне.


Такім быў Віктар Пракаповіч, калі закончыў СШ №2 ў горадзе Любані. З татам і мамай: Міхаілам Адамавічам і Аленай Ісакаўнай. 1970 год.

Усе чулі пра хрысціянскі запавет “Палюбі бліжняга твайго, як самога сябе”, аднак далёка не ва ўсіх атрымліваецца так жыць. У кола бліжніх уваходзяць, мне падаецца, найперш родныя па крыві людзі. Такіх і ў нашым родзе па лініі таты, маці было шмат: родныя, стрыечныя, траюрадныя... Калі збіраліся разам, было адчуванне вялікай адзінай сям’і, нават нягледзячы на тое, што жылі ў розных рэспубліках СССР. Былі сустрэчы, перапіска, віншаванні, у кожнага – свой сямейны альбом. І любая значная падзея ў жыцці бліжняга-роднага ператваралася ў сумеснае свята.

З часам сыходзілі старэйшыя блізкія, нараджаліся-падрасталі маладзейшыя. Мае бацькі перажылі калектывізацыю, вайну, да таго ж у першыя пасляваенныя гады з жыцця пайшлі мае брат і сястра: зусім яшчэ малымі. З гадамі не стала бацькоў маіх, і адышла сястра. Калі я даведаўся пра яе смерць, то доўга блукаў па вуліцах горада. Я застаўся адзін... Пачуццё гэтае прыйшло зусім нечакана. Вось жывём – і не задумваемся, што бадай што кожнаму з нас наканавана перажыць адзіноту. Я ў тыя імгненні адчуў, што – адзін: без родных-блізкіх, сярод якіх вырас. А ў свеце нібыта нічога і не адбылося, калі я асірацеў.

Лёс раскідаў сваякоў па вялікай краіне, і той вялікай нашай сям’і не стала. На вялікі жаль. Балюча мне было ўсведамляць, што пляменніцы Алена і Таня аказаліся пасля параду суверэнітэтаў далёка ў Расіі, за тысячы кіламетраў. Нашыя зносіны, а з імі повязь часоў і пакаленняў – перарваліся. Чаму? Часам цяжка разабрацца, як прыходзіць адчужэнне… Можа, таму, што забываем хрысціянскі запавет? На пахаванні таты – а ён быў патрыярхам роду нашага – я паабяцаў зрабіць усё, каб аднавіліся ранейшыя дачыненні. Але добрыя намеры азмрочвала нейкая незразумелая ўзаемная крыўда. І сабрацца для шчырай размовы не выпадала. Свая сям’я для кожнага з нас аказалася бліжэй, радней, чым род, і дробязныя клопаты вымагалі сіл і часу. Тыя абставіны пераважылі нашы роднасныя пачуцці, выканаць абяцанне ўдалося мне толькі часткова. Мы старэлі, не задумваючыся: можам адысці ў кожнае імгненне, так і не пабачыўшы больш адзін аднаго – ніколі! А бацькі нашыя тое разумелі, таму зберагалі, умацоўвалі як маглі “пачуццё роду”. Мы ж яго паціху развеялі, адсунулі ў паўсядзённых клопатах “на задні план”, таму і не сагрэлі бліжніх цяплом сваёй любові.

Выраслі дзеці, з’явіліся ўнукі... Былі кароткачасовыя, вельмі рэдкія зносіны, сустрэчы. Але да болю пранізлівага пачуцця роду – яркага, як у дзяцінстве – не ўзнікала ў мяне. Прыжылася адзінота ў новым сямейным коле, хоць мы тое яшчэ да канца і не разумелі. Знешне ўсё нібыта добра, дзённая мітусня адцягвае ад глыбокіх роздумаў, але ж ёсць і бяссонныя ночы. У адну з такіх з усёй вастрынёй я адчуў: трэба нешта мяняць. Бо я ж абяцаў... Жыць у адзіноце, нават калі побач твае жонка, дзеці, унукі, далей немагчыма. Мне для паўнаты жыцця патрэбныя ўсе мае родныя – і тыя, што адышлі назусім, і тыя, што яшчэ ў гэтым свеце, але далёка. Ну як жа так: сувязь пакаленняў з-за нейкіх дробных крыўдаў перарвалася! І мая ў тым была немалая віна.То трэба зрабіць крок: падняць тэлефонную трубку, набраць нумар – які, дарэчы, ніколі не сыходзіў з памяці!

Раніцай я пазваніў пляменніцы Таццяне ў Салігорск. На той час яна вярнулася ў Беларусь.

І ўсё змянілася. Колькі болю я пачуў на тым канцы дроту! Чакаць і даганяць – гэта цяжка, заўсёды вельмі цяжка. Таня чакала. Я зразумеў адразу, колькі было нецярпення, трывожнага чакання званка, такіх маіх дзеянняў. Выгаварыўшыся, дала мне расійскі нумар тэлефона, якога ў мяне ніколі не было. Пляменніцы, перад якой я на падсвядомым узроўні заўсёды адчуваў віну. У той жа дзень выйшаў на сувязь з Усць-Ілімскам, з маёй пляменніцай Аленай. Нягледзячы на розніцу ў гадзінных паясах, мы не маглі нагаварыцца, супыніцца. Я выслухаў яе шчырыя споведзі: пра развод, распад сям’і... Што засталася адна яна, хоць і з дзецьмі ды ўнукамі. Гэта вельмі цяжка, прызнаваліся мы адзін аднаму, калі няма побач таго, у кім цячэ родная кроў. І мы, родныя людзі, ужо і не пра мінулыя крыўды гаварылі – абодва шкадавалі, што так доўга маўчалі. Як старэйшы ў родзе, я пакаяўся: мала рабіў, каб яго ўмацоўваць. А трэба! І мне здавалася, што мінулае вярнулася! Што зноў я ў коле нашага вялікага Роду. Яшчэ трошкі – адчыняцца дзверы, і ў дом увойдуць мама, тата, сёстры, брат… І дом будзе – той самы, наш стары дом, у якім я нарадзіўся, у якім прайшло маё дзяцінства, юнацтва.

У тую ноч не спалі мы ўсе: я, Таня, Лена, і нашы сем’і таксама. Гэтулькі пачуццяў выхліснулася раптоўна ў прастору паміж Мінскам, Салігорскам і Усць-Ілімскам! І мы ўсе радаваліся, што – паспелі! Былі паасобку, а сталі разам! Няхай можа і запозна, але ж мы гэта зрабілі! І жыццё набыло новыя фарбы.

Магчыма, некаму такія мае роздумы пададуцца сентыментальнымі. Хай сабе. Адно магу сказаць: людзі, пакуль не позна, шукайце адзін аднаго – і мірыцеся, і вучыцеся любіць бліжняга свайго, як самога сябе. Нават калі зрабіць гэта няпроста… Але ж без гэтага няма паўнаты жыцця. І няхай Раство Хрыстовае будзе для нас штогод вялікім святам Нараджэння Любові.

Віктар Пракаповіч, афіцэр запасу

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Прымірыцца. Пакуль не позна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.