Вы тут

Пуцявіны даследчыцкага слова — пытанні без адказаў


Зусім нядаўна — 15 снежня 2021 г. — Беларусь адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння вядомага даследчыка літаратуры — Сцяпана Хусейнавіча Александровіча. Да гэтай знакавай даты супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча сумесна са сваякамі пісьменніка падрыхтавалі мастацка-дакументальную выстаўку «Пуцявіны роднага слова», якая будзе працаваць да 18 лютага.


Фрагмент выстаўкі.

Сцяпан Александровіч апынуўся ў шэрагу тых даследчыкаў, якія далі новы штуршок развіццю багдановічазнаўства напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя. У гады, калі яшчэ былі жывыя людзі, якія непасрэдна ведалі паэта і з якімі яму пашчасціла мець стасункі. Гэта дазволіла Сцяпану Хусейнавічу апублікаваць унікальныя звесткі, датычныя біяграфіі Максіма Багдановіча. Разам з тым з адлегласці часу і выяўленай на гэтую пару інфармацыі матэрыялы выклікаюць шэраг пытанняў.

Наколькі важным бывае слова ў кантэксце даследчыцкай дзейнасці, можна лёгка пераканацца на прыкладзе інтэрв’ю, якое Сцяпан Александровіч узяў у былога рэдактара яраслаўскай газеты «Голос» Сяргея Каныгіна, таварыша Максіма Багдановіча. Размова пра гутарку, запісаную ў 1957 годзе і надрукаваную ў газеце «Літаратура і мастацтва», а таксама неаднаразова перадрукаваную ў шматлікіх аўтарскіх выданнях і біяграфічных зборніках:

— Мая першая сустрэча з М. Багдановічам адбылася ў рэдакцыі неяк восенню, — апавядае Сяргей Сцяпанавіч, — добра не памятаю, калі гэта было — у 1909 ці 1910 годзе... Быў у рэдакцыі я адзін, калі зайшоў высокі чарнявы гімназіст у паношанай крылатцы.

У «Автобиографическом очерке» Сяргея Каныгіна гэты ўспамін мае пэўныя адрозненні: «Глубокой осенью 1910 года скверная погода рано меня заставила явиться в редакцию, и я принялся за свою работу… Но кто-то постучался. В дверь на ответ «войдите» показался высокого роста молодой человек в непромокаемом плаще, из-под которого видна была серая студенческая тужурка с золотыми пуговицами.

— Максим Богданович — назвал себя пришедший, подавая мне руку и извинился, что помешал мне».

Няпэўная часавая прывязка, а таксама блытаніна ў апісанні гардэроба маюць, між тым, даволі сур’ёзныя наступствы. Бо надаюць няпэўнасці атрыбуцыі твораў, якія зараз прыпісваюцца аўтару «Вянка». Згодна з успамінамі Каныгіна, М. Багдановіч пісаў нататкі пра жыццё Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя, а, як вядома, туды Максім паступіў толькі восенню 1911 года. Калі апісанне і гады згадаліся правільна, то ён наўрад ці мог пісаць пра юрыдычны ліцэй, бо там яшчэ не вучыўся.

Згодна са статыстычнымі звесткамі атрыбутаваных твораў Багдановіча, прадстаўленых аўтарам гэтых радкоў на XII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Ярослав Мудрый. Проблемы изучения, сохранения и интерпретации историко-культурного наследия» (Яраслаўль, 2021 год), пачатак актыўнага супрацоўніцтва М. Багдановіча з газетай «Голос» прыпадае на канец 1912 — пачатак 1913 гг.

Разам з тым, калі кіравацца ўспамінамі Сяргея Каныгіна, запісанымі Александровічам у 1957 годзе і супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР І. Гарэцкім у 1958 годзе, Максіму Багдановічу прыпісваюцца публікацыі, падпісаныя псеўданімамі Эхо і Rion. Творы, падпісаныя псеўданімам Эхо, з’явіліся ў газеце ў 1909 (2), 1913 (3), 1915 (1). Rion толькі ў 1910 (4) годзе.

Сцяпан Александровіч быў няблага абазнаны ў біяграфіі Максіма Багдановіча, і ён, верагодна, звярнуў увагу на храналагічныя нестыкоўкі.  Магчыма, канчатковы тэкст матэрыялу ў «ЛіМе», дзе ўпершыню публікавалася інтэрв’ю, быў крыху падкарэкціраваны, магчыма, усё было перададзена даслоўна. У сувязі з гэтым вялікую цікавасць могуць выклікаць нататкі С. Александровіча з падарожжа па Волзе, чарнавыя запісы інтэрв’ю з Каныгіным і магчымае ліставанне з былым рэдактарам газеты «Голос».

Родная хата Сцяпана Александровіча. Горад Капыль.

Другі момант, на які нельга не звярнуць увагу, — гісторыя апошніх дзён жыцця Максіма Багдановіча. На адным з эпізодаў варта спыніцца асобна. Размова пра ўрывак з нататкі Сцяпана Александровіча «Ля сіняй бухты…»: «Вяртаўся я на змярканні. Каб адшукаць найкарацейшы шлях у горад, прыйшлося звярнуцца да жанчыны, якая ішла наперадзе. Па дарозе мы разгаварыліся. Калі я сказаў, што быў на магіле беларускага пісьменніка, які памёр у Ялце ў 1917 г., мая спадарожніца спынілася і запытала:

— Ці не памёр ён на Мікалаеўскай вуліцы? Малады такі, прыгожы студэнт?.. Памёр адзінокі, а бацька прыехаў праз некалькі дзён, як яго пахавалі?

Я сцвярджальна ківаў галавою, але ніяк не мог сабе ўявіць, што зусім выпадкова натрапіў на чалавека, які сустракаўся з паэтам тут, у Ялце.

— Як яго прозвішча? Багдановіч? Прозвішча не ў памяці, але жыў ён у доме Марыі Цямко, у асобным пакойчыку на другім паверсе...

— Ён! Гэта ён! — пацвердзіў я.

— Мяне як медыцынскую сястру клікала гаспадыня, калі яе кватаранту было кепска і ішла горлам кроў...

І Валянціна Анатольеўна Кацарэўская — так звалі маю спадарожніцу — расказала наступнае…»

Звесткі, прыведзеныя Александровічам, унікальныя, бо гэта ледзь не адзінае сведчанне пра апошнія дні жыцця Багдановіча, а мы разам з тым нічога не ведаем пра Валянціну Кацарэўскую, акрамя паведамлення пра яе ад Сцяпана Хусейнавіча.

Дзіўнымі выглядаюць і абставіны іх знаёмства.

У даследчыцкім жыцці адбываюцца самыя неверагодныя рэчы, але ўявіць такую сустрэчу і выпадковасць у рэальным жыцці амаль немагчыма. Хутчэй за ўсё Александровічу прыйшлося з нейкай прычыны апусціць абставіны знаёмства з Кацарэўскай. Але гэта толькі гіпотэза. Ізноў жа, чарнавыя накіды, ці магчымае ліставанне, маглі б праліць святло на гэты важны эпізод.

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча імкнуцца збіраць інфармацыю пра пошукавую дзейнасць у галіне багдановічазнаўства ў спадзеве, што мы зможам трапіць на недаследаваныя дакументы і факты, ідучы следам за папярэднікамі.

Вывучэнне творчай і эпісталярнай спадчыны Сцяпана Хусейнавіча ў гэтым плане з’яўляецца даволі перспектыўным кірункам, бо дазваляе ўнесці яснасць у абазначаныя моманты бібліяграфіі і біяграфіі Максіма Багдановіча.

Міхал БАРАНОЎСКІ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.