Вы тут

«Імправізацыя» да юбілею маэстра


Сацыякультурны тэлеканал 26 лютага прадставіць тэлеаўдыторыі дакументальны фільм «Імправізацыя», прысвечаны прафесару, народнаму артысту Беларусі, кавалеру ордэна Францыска Скарыны Міхаілу Фінбергу, які 21 лютага мог бы адзначыць свой 75-гадовы юбілей.


...Мазыр, 1947 год. У беднай яўрэйскай сям'і рабочага і прачкі нараджаецца пятае, позняе дзіця Міша. Разруха пасляваеннага часу вымушае пару Фінбергаў зводзіць канцы з канцамі, але гэта не перашкаджае іх маленькаму сыну займацца музыкай. Наперакор бацькоўскаму неразуменню вечарамі напралёт на вуліцы ён грае то на скрыпцы, то на альце, то на баяне, то на трамбоне. Прычым вывучае гэтыя інструменты Міхаіл Якаўлевіч самастойна. Хлопчык яшчэ не ведае, што з гэтых імправізацый пачынаецца яго зорны шлях.

«...Я палюбіў музыку і ўбачыў, што можна скласці з асобных гукаў. Але гэта быў толькі пачатак, а потым я пайшоў вучыцца. Паступаў у музычнае вучылішча восем разоў», — расказваў у інтэрв'ю Міхаіл Якаўлевіч. І настойлівасць хлопца дала вынік. Музыка стала яго спадарожніцай на ўсё жыццё. А сам ён дапамог узлятаць у прафесіі многім артыстам, якія працавалі ў розныя часы ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі. У іх памяці ён застаўся, мабыць, прынцыповым прафесіяналам з неўтаймаванай энергіяй, які заўсёды быў гатовы дапамагчы і падтрымаць сапраўды таленавітых людзей.

Аўтары новага дакументальнага фільма «Імправізацыя» разам з блізкімі сябрамі і калегамі, аднакурснікамі і вучнямі Міхаіла Фінберга ўспомняць усе ключавыя этапы жыцця мэтра беларускай музыкі, пагартаюць старонкі школьнага журнала 1954 года і прагуляюцца па вуліцы, дзе знаходзілася бацькоўская хата артыста. У тэлевізійных архівах адшукаюць унікальныя запісы часоў працы ў цыркавым аркестры, згадаюць першыя тэлепраграмы, фестывалі і гастролі заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, з якім маэстра жыў, тварыў і ўражваў амаль паўжыцця. Даведаюцца, якую ролю ў творчасці Міхаіла Якаўлевіча сыгралі джазмены Эдзі Рознер і Барыс Райскі і як у 1971-м мінскі канцэрт Дзюка Элінгтана паўплываў на маладога дырыжора і яго сцэнічны вобраз.

— У Мінску, Мазыры, Віцебску і Маладзечне каманда тэлеканала сабрала мноства дзіўных, а галоўнае, жывых успамінаў: 17 інтэрв'ю, 700 хвілін — іх хапіла б на паўнавартасны цыкл фільмаў! Настолькі вялікая і самабытная фігура прафесара, — распавядае сцэнарыст фільма Надзея Габец. — Пашчасціла сустрэцца з гісторыкам музыкі Вольгай Дадзіёмавай, якая вывучала еўрапейскія архівы і па сціплых фрагментах нотных запісаў аднаўляла спадчыну беларускіх кампазітараў мінулага. Дзякуючы яе напрацоўкам, сёння мы слухаем класікаў у выкананні музыкантаў Міхаіла Фінберга. Рэжысёр Павел Быкаў у 70-я гады працаваў у мінскім цырку. Ён падзяліўся кранальнымі і нават смешнымі закуліснымі гісторыямі. Напрыклад, з якімі намаганнямі Міхаіл Якаўлевіч, учарашні выпускнік кансерваторыі, у свае дваццаць тры здолеў знайсці кантакт з няпростымі музыкантамі цыркавога аркестра, удвая старэйшымі за яго. Як маэстра працаваў са знакамітымі клоўнамі Нікуліным, Паповым і Карандашом і чаму месяц не мог адмыць рукі ад новага кажуха.

Прэм'ерны паказ фільма «Імправізацыя» выйдзе ў эфір 26 лютага ў 21:05 на тэлеканале «Беларусь 3». Адразу пасля яго гледачоў чакае тэлеверсія канцэрта-прысвячэння Міхаілу Фінбергу «Асоба і аркестр» да 75-годдзя дырыжора і 35-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.