Вы тут

Святыні, святы і светапогляд


Беларусь прадаўжае міратворчыя намаганні дзеля таго, каб Расія і Україна з найменшымі стратамі выйшлі з канфлікту


24 лютага. Аператыўная нарада ў Прэзідэнта

Раніцай 24 лютага пачалася абвешчаная Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным расійская спецаперацыя ва Украіне. Рэальнасць такая: ва Украіне знішчаюцца аб’екты ваеннай інфраструктуры, гінуць людзі, тысячы бежанцаў. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі 25 лютага аб’явіў пра ўсеагульную мабілізацыю “ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расійскай Федэрацыі супраць Украіны”.

На аператыўнай нарадзе з ваеннымі, якую Аляксандр Лукашэнка сабраў раніцай 24 лютага, ён заявіў пра тое, што не было ўжо сакрэтам: абстаноўка па перыметры заходніх і паўднёвых граніц Беларусі рэзка змянілася. У Польшчы і краінах Балтыі па перыметры беларускіх граніц імкліва нарошчваецца ваенны патэнцыял. Па словах Прэзідэнта, каля Беларусі ствараюцца групоўкі, якія павінны, увайшоўшы ў Беларусь, напасці на Расію.

Такой бачыцца ваенная і каляваенная сітуацыя з Мінска ў дачыненні да Беларусі. Заўважым, некалькі дзён таму ў мінскім Палацы Рэспублікі праходзіў урачысты сход, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Выступаючы на ім, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў Захад, што не дазволіць яму ўдарыць цераз Беларусь у спіну Расіі. “Мы здраднікамі не ­будзем і вам не дазволім страляць у спіны рускіх людзей”, – тое падкрэсліў ён яшчэ раз і ў часе нарады. Праінфармаваў, што на выпадак, калі нехта захоча ўсё ж ажыццявіць такі манеўр, ужо распрацаваныя меры ў адказ – і паказаў карту, распрацаваную беларускім Генштабам за ноч. Пры тым Прэзідэнт звярнуў увагу: частка расійскай групоўкі, якая засталася ў Беларусі пасля вучэнняў “Саюзная рашучасць”, дапаможа пры неабходнасці прыкрыць заходні напрамак. Згадаем, вучэнні праходзілі на тэрыторыі Беларусі з 10 па 20 лютага. Тое, што Беларусь можа ­разлічваць на расійскую падтрымку ў выпадку агрэсіі з заходняга боку, пацвердзіў і расійскі лідар. На нарадзе Прэзідэнт Беларусі прывёў яго даслоўны адказ: “Я табе абяцаю і клянуся, што любы напад, і хоць адзін, праз мяжу на тэрыторыю Беларусі будзе азначаць, што яны атакуюць Расію”. Прыкладна ў 5 гадзін раніцы адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, у часе якой Уладзімір Пуцін праінфармаваў беларускага калегу аб сітуацыі на граніцы з Украінай і ў Данбасе.

На вялікі жаль, дыпламатычнымі сродкамі не ўдалося ўтрымаць у мірным рэчышчы напружаную сітуацыю, якая складвалася доўгі час і абвастрылася вакол Украіны, Данбаса. Як мы ведаем, беларускі бок не раз ужо звяртаўся да братоў-украінцаў з просьбамі: давайце дамаўляцца, не даводзьце ўсё да вайны. І як пачаўся там інфагвалт, бразганне зброяй, калі ў нас праходзіла планавае абарончае вучэнне “Саюзная рашучасць”, прасілі: адумайцеся, мы ж абараняем свае межы на сваёй тэрыторыі. І на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны, не выпадкова засяродзіў увагу Прэзідэнт на сітуацыі вакол Украіны, Данбаса ды звярнуўся да ўкраінскага народа і кіраўніцтва, калі яны не перайшлі чырвоную рысу. Ён прапанаваў зрабіць так, каб славяне заўсёды жылі ў міры і ­згодзе: “Усё праходзіць, не толькі супрацьстаянні, канфлікты, але і самыя страшныя войны – усё праходзіць, забываецца. Уся праблема ў тым, наколькі глыбокі шнар будзе ў сэрцах нашых славянскіх народаў пасля нашых канфліктаў. Яшчэ раз прапаную: спыніцеся, адмахніцеся ад гэтых заакіянскіх гаспадароў, ніякага шчасця вам яны не прынясуць. Як толькі вы станеце ім непатрэбныя, вас яны выкінуць на сметніцу гісторыі. А шлях наш – гэта шлях міралюбнасці і згоды”.

Не пачулі. Не ўспрынялі. Не зразумелі... Чаму? Пра тое можна шмат разважаць. Ёсць меркаванні аналітыкаў, што ўкраінскі бок спецыяльна правакаваў Расію, каб перавесці канфлікт, як кажуць, у гарачую фазу. На мой погляд, яшчэ на пачатку 2000-х ва Украіне ў сілу розных абставін пачалася мэтанакіраваная праца ў інфапрасторы, сферы грамадскай ідэалогіі ў бок адыходу ад традыцый савецкага мінулага, ­супрацьстаяння з Расіяй і ўвогуле з рускім светам.

Мінск, Плошча Перамогі. Ганаровая варта старшакласнікаў  ля Вечнага Агню на Пасту №1

І ў масавай свядомасці жыхароў Украіны паступова складваўся “вобраз ворага” з усходу. Што характэрна: усе савецкія святы там скасавалі. Мая калега, як гаварылі ўчора пра вайну, заўважыла: яшчэ ў 2015-м яна павіншавала стрыечную сястру, якая жыве ва Украіне, са святам, з Днём Перамогі – а ў адказ атрымала: “Для каго свята, а для каго і не”. А яны ж абедзьве – крэўныя ўнучкі дзеда-франтавіка, на яго руках гадаваліся. Але паліттэхналогіі зрабілі сваю справу: нашай, “беларускай” памяці пра вайну ў той жанчыне ўжо няма. Ёсць, відаць, іншы светапогляд, іншыя святыні, іншыя святы.

А ў нас якраз сёлета: Год гістарычнай памяці. Зберажэнне лепшых традыцый – гэта ж так разумна і лагічна. Для паступальнага развіцця грамадства, кожнага жывога арганізма ў нашым свеце. Хіба што рэвалюцыянерам патрэбна парушыць усё “до основанья”, каб нешта збудаваць – песню савецкую памятаем. Аднак занадта шмат ахвяр, пакут прыносіць ломка “старога”, ды і “новае” пасля рэвалюцый, у тым ліку і “каляровых”, “майданаў”, ідзе з перакосамі-перагінамі. Таму беларусы, разбудоўваючы сваю дзяржаву, з павагай ставяцца да папярэднікаў, абралі тактыку пераемнасці, зберажэння і ўдасканалення ­зробленага раней. Сярод традыцый з савецкага мінулага, якія ў нас прадаўжаюцца – і Дзень Перамогі, і Дзень абаронцаў Айчыны… Дык што ж атрымліваецца: хто забываецца на свае традыцыі, не шануе свае святыні, не адзначае свае святы – атрымлівае ўрэшце вайну?..

Першая вестка пра бяду прыйшла ў нашу сям’ю раніцай з Украіны: жончына сяброўка па Кіеўскім універсітэце напісала, што ў Кіеве чуваць выбухі, што “беларусы з ­рускімі распачалі вайну”. Жонка ёй па Вайберы: ты што, мы ж ніколі, ніколі не будзем з вамі ваяваць! Тая ў адказ: “Вы живете в картинках, которые вам рисуют. На тех дорогах, по которым вы ехали к нам, уже с 5 утра идут кровопролитные бои. Ваши военные вместе с московитами стреляют в наших пограничников и военных! Это вы, без вашего согласия, живете в неправдивом информационном пространстве. Читайте мировые новости, а не то, что что написано в Кремле. Нас пришли всех уничтожить! Читайте мировые СМИ или украинские”.

Так, вайна ў інфармацыйным полі даўно развязаная. На нядаўнім урачыстым сходзе Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў народзе ёсць пытанне: будзе вайна ці не. На што адказаў, што вайна супраць нас ужо ідзе. Гібрыдная вайна – гэта сучасная вайна: бліцкрыг, ціск праз СМІ, а затым эканамічная вайна, якая выяўляецца праз санкцыі. “Празмерныя санкцыі – гэта ўдушэнне любой ­дзяржавы і народа. Яны могуць паставіць любыя дзяржавы на мяжу гарачай вайны. Так што гэтая вайна ідзе”.

І, дарэчы, пра “вашых ваенных разам з маскавітамі”… На нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ваеннае кіраўніцтва Украіны было папярэджанае пра магчымую расійскую ­спецаперацыю, ды не зрабіла ніякіх крокаў, каб яе пазбегнуць. Потым па ходзе нарады нібы прамы адказ даў жончынай сяброўцы: “Вось я прачытаў: “Каля 5 раніцы дзяржграніца Украіны на ўчастку Расіі і Беларусі падвергнулася нападу з боку расійскіх войскаў, якія падтрымліваюцца Беларуссю”. Мярзотнікі крайнія! Нашы войскі ніякага ­ўдзелу не прымаюць у гэтай аперацыі!” Каму верыць – думаю, зразумела: канфлікту на межах Беларусі з Украінай няма. Як і на дарогах з Гомеля ў Кіеў, па якіх мы ­ездзілі да ўкраінскіх сяброў. Але той рубеж Беларусь падмацавала. Як паведаміў пасля нарады Прэзідэнт у размове з журналістамі, туды ­выведзеныя 5 батальённа-тэхнічных груп, і пагранвойскі ўмацаваныя. Да таго ж прэзідэнты Беларусі і Расіі гаварылі пра тое, як сучаснай ваеннай тэхнікай ­прыкрыць гэты напрамак: “Мы сёння з ваеннымі параіліся, і бачым, што туды пажадана было б паставіць “Искандеры” і недзе паставіць дывізіён-два С-400. Каб мы да Берліна фактычна маніторылі сітуацыю. Таму што С-400 “Триумф” бачыць гэта ўсё. Гэта такая зброя, ад якой заўсёды цверазеюць нашы супернікі”.

Спыненне сілавых дзеянняў супраць рэспублік ЛНР і ДНР, недапушчэнне ўступлення Украіны ў НАТА і дэмілітарызацыя краіны – гэта, на думку беларускага Прэзідэнта, папярэднія ўмовы для перамоў Расіі з Украінай. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці іх у Мінску. На аператыўнай нарадзе так і сказаў: “Мы славяне, тры славянскія народы. Давайце сядзем і вырашым свой лёс на будучыню, назаўсёды”.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Святыні, святы і светапогляд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.