Вы тут

На «Беларусь 3» пакажуць балет «Канёк-гарбунок» і канцэрт «Магія джаза»


Музыка і танец — спадарожнікі чалавека спакон вякоў. Яны здольныя дапамагчы ў выказванні думак, пачуццяў, настрою, а таксама аб'яднаць і натхніць кожнага. І сёння, і заўтра ва ўсім свеце будуць святочна згадваць гэтыя два віды мастацтва. Міжнародны дзень танца як свята ЮНЕСКА ініцыіравала яшчэ ў 1982 годзе. Прычым дату 29 красавіка выбралі невыпадкова, а ў памяць аб дні нараджэння французскага балетмайстра рэфарматары балета Жан-Жоржы Наверы. На «Беларусь 3» гэты дзень сярод іншага адзначаць прэм'ерай. У вячэрнім эфіры тут пакажуць балет Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета «Канёк-гарбунок».


Створаны па матывах аднайменнай класічнай казкі П. Яршова, знаёмай амаль што кожнаму з дзяцінства, спектакль сумяшчае хараство сучаснай харэаграфіі і яскравасць чарадзейных фальклорных вобразаў і таму зацікаўлівае тэатралаў усіх узростаў. Гэта адна з самых ранніх работ Шчадрына (на той момант кампазітару было крыху больш за 20 гадоў). Балет быў напісаны ў 1955-м ці ў 1958-м (на гэты конт меркаванні разыходзяцца) па заказе Вялікага тэатра. І мог бы твор, можа, і не ўбачыць свет, калі б не Беларусь. Як успамінаў сам кампазітар, натхніла яго паездка ў беларускую глуш, дзе ў атачэнні прыроды і далёка ад цывілізацыі ён слухаў народныя песні. І пасля гэты балет стаў сапраўды важным творам у жыцці маэстра. Партытуру Шчадрын прысвяціў Маі Плісецкай, якая стала яго жонкай. А пазнаёмілася пара якраз на рэпетыцыях «Канька-Гарбунка». І пасля кампазітар распавядаў: «Музыка да балета «Канёк-Гарбунок» — мая ранняя, вельмі ранняя праца. Але праца этапная, важная для майго творчага самасцвярджэння і якая многае ў маім жыцці вызначыла». Дзякуючы гэтай пастаноўцы, яму і ўдалося злавіць сваю незямную Жар-птушку. У розныя перыяды і ў розных тэатрах балет ставілі Аляксандр Радунскі, Ігар Бельскі, Дзмітрый Бранцаў, Ніна Анісімава і іншыя. Захаваўся нават фільм-балет «Казка пра Канька-Гарбунка» — гэта спектакль Вялікага тэатра з удзелам легендарных Маі Плісецкай і Уладзіміра Васільева.

У Вялікім тэатры Беларусі балет «Канёк-Гарбунок» упершыню паказалі восенню мінулага года. Тады пастановачная група на чале з народным артыстам Беларусі Юрыем Траянам прадставіла публіцы сваё бачанне знакамітага твора. Як пазней адзначаў Юрый Антонавіч у інтэрв'ю, галоўнай мэтай стала імкненне зберагчы атмасферу і дух рускай народнай казкі. Тут, па задумцы стваральнікаў, галоўнага героя чакае шэраг выпрабаванняў, якія ён павінен пераадолець як сярод людзей, так і ў казачным свеце.

Асобным прыгожым акцэнтам сталі, вядома, маляўнічыя дэкарацыі і касцюмы. У іх стварэнні былі задзейнічаны мастакі Любоў Сідзельнікава (сцэнаграфія) і Кацярына Булгакава (касцюмы). «Мяне перш за ўсё натхняла музыка Радзівона Шчадрына, — кажа мастак Любоў Сідзельнікава. — Неабходна было знайсці гармонію, каб афармленне спектакля спалучалася з музыкай. Імкнулася стварыць не толькі народную гісторыю — шукала нейкія матывы ў рускім мадэрне, чэрпала ідэі ў маёліцы Урубеля». Не хаваў захаплення працоўным працэсам у перыяд падрыхтоўкі і дырыжор-пастаноўшчык, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, які распавядаў, што сустрэча з музыкай Радзівона Шчадрына — вялікае шчасце: «Якасць музыкі, святло, якое ад яе сыходзіць, проста ашаламляюць. Гэты балет увесь час адраджаецца, прычым у розных інтэрпрэтацыях. Але мы ідзём па класічным варыянце». Гэты спектакль, з якога б ракурсу яго ні разглядалі, мае чым парадаваць і здзівіць. І паглядзець балет можна ўсёй сям'ёй. А пасля тэлеверсіі можна і варта пайсці на спатканне з высокім мастацтвам і ў сам тэатр. Эмоцыі і тэмы для абмеркавання пасля такіх культурных паходаў усім гарантаваны.

А ў суботу на «Беларусь 3» адзначаць і Міжнародны дзень джаза. Дарэчы, свята гэта з'явілася адносна нядаўна. Упершыню дату адзначылі ў 2012 годзе. Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА заснавала яго з мэтай павышэння ступені інфармаванасці міжнароднай супольнасці аб педагагічнай ролі джаза як сілы, якая садзейнічае міру, адзінству, дыялогу і пашырэнню кантактаў паміж людзьмі. Яшчэ Ніна Сімон казала, што «джаз — гэта не проста музыка, а лад жыцця, метад быцця і стыль мыслення». Для прыхільнікаў дадзенага музычнага напрамку на сацыякультурным канале пакажуць канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі «Магія джаза». У праграме нас чакае палітра вядомых джазавых кампазіцый у выкананні выдатнага калектыву.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.