Вы тут

Калі дзіця адно і калі іх пяцёра


Карэспандэнт газеты пацікавілася меркаваннем бацькоў пра летні адпачынак дзяцей у лагеры. Ім было прапанавана адказаць на пытанні, ці з ахвотай накіроўваюцца іх дзеці ў летнікі, чаму прымаюць рашэнне наконт адпачынку школьнікаў у дзіцячым калектыве і чым карысны вопыт знаходжання ў такіх установах. На пытанні адказалі брастаўчанкі.


Алена НЕКРАШЭВІЧ:

— Мой сын цяпер заканчвае сёмы клас, і ў чэрвені ўпершыню паедзе ў дзіцячы аздараўленчы лагер. Саша чакае гэтую падзею з цікавасцю. Такое рашэнне мы прынялі па ініцыятыве мужа. Наогул муж лічыць, што ў справе выхавання хлопчыка найбольшая роля належыць бацьку. Менавіта ён настаяў, каб сын наведваў спартыўную секцыю. І хоць той часам не супраць паленавацца, напрыклад, прапусціць трэніроўку, бацька ўважліва сочыць і не дае спуску. У доўгіх гутарках з сынам ён настойліва даводзіць, што заняткі спортам вельмі спатрэбяцца, калі прыйдзе час, напрыклад, служыць у войску, ды і наогул для здароўя і жыцця спорт не лішні. І сын, здаецца, разумее. Я падтрымліваю мужа. У мяне ёсць кліентка, а працую я цырульнікам, у якой сын праходзіць тэрміновую службу. Яна кажа, што вельмі пашкадавала, што ў свой час не праявіла настойлівасці наконт яго заняткаў у спартыўнай секцыі.

А ў лагеры апрыёры шмат магчымасцяў для фізкультуры і спорту. Да таго ж мы вырашылі, што час яму крыху пабыць без бацькоў. Ён жа ў нас адзін, увагай як нашай, так і бабуль-дзядуль ніколі не быў абдзелены. А тут трэба паспрабаваць самому хоць у мінімальнай ступені наладжваць быт, сачыць за адзеннем, падтрымліваць парадак вакол сябе.

І яшчэ я лічу, што гэта добрая нагода для сына і яго равеснікаў на нейкі час «вылезці» з тэлефонаў: яны ж цяпер амаль не ўмеюць камунікаваць паміж сабой ужывую, перагаворваюцца і перапісваюцца найбольш па смартфоне. У летніку, наколькі мне вядома, праграма разлічана на доўгае знаходжанне на свежым паветры. Мы цікавіліся: будуць праводзіцца гульні, спартыўныя спаборніцтвы.

Пуцёўку муж узяў у сваёй арганізацыі, ён працуе ў будаўнічай галіне, плаціць нам трэба ўсяго 10 працэнтаў ад кошту, гэта вельмі выгадна. Ну а калі Сашу спадабаецца, налета зноў будзем адпраўляць у лагер.

Наталля КРЭМЯНЕЎСКАЯ:

— Мае дзеці некалькі гадоў запар ездзілі ў летнія лагеры. Цяпер яны дарослыя, сын па прафесіі праграміст, дачка стала ўрачом. Для нас гэта было выйсце ў свой час. Муж быў ваенным, у мяне таксама адказная работа, мы не маглі сабе дазволіць, скажам, два летнія месяцы праводзіць з дзецьмі. Таму стараліся адправіць хоць бы на адну змену ў лагер. Заўсёды прыязджалі на выхадныя, цікавіліся іх справамі. І калі сын у нас па жыцці вельмі камунікабельны, хутка знаходзіў сяброў, не меў наогул ніякіх праблем, то з дачкой было інакш. Аднойчы мы прыехалі і ўбачылі, што яе рэчы ляжаць у сумцы. Аказалася, што іншая дзяўчынка, з якой ім на двух была выдзелена шафка, заняла апошнюю цалкам. А наша Аня была настолькі ціхай, сціплай, што маўчала і трывала. Тады мы і растлумачылі дачцэ, што трэба ўмець за сябе пастаяць, не саромецца зрабіць заўвагу, калі гэтага вымагаюць абставіны і здаровы сэнс. Думаю, што той вопыт усё ж пайшоў ёй на карысць і яна атрымала жыццёвы ўрок. Яна тады пасябравала з многімі таварышамі па атрадзе, змена прайшла ў цэлым цікава.

Цяпер збіраем у лагер унучку. Наша Аліса — дзяўчынка актыўная, баявая, не такая, як яе цётка некалі. Яна займаецца вывучэннем англійскай мовы на паглыбленым узроўні, і мы знайшлі лагер, у якім ёсць праграма з магчымасцю папрактыкавацца. Акрамя таго, спадзяёмся на добрае надвор'е, бо для адпачынку галоўнае — сонца, свежае паветра, фізічная актыўнасць.

Аліна ДАНІЛЬЧЫК:

— Для нашай шматдзетнай сям'і летнія лагеры — выйсце ў пытанні арганізацыі летняга адпачынку. Мы з мужам выхоўваем пяцёра дзяцей, трое — школьнікі. На канікулах на працягу вучэбнага года яны ходзяць у школьны лагер. А летам, вядома, мы адпраўляем іх у летнік. Гэта выгадна і матэрыяльна, бо прафкам па месцы работы мужа кампенсуе нам як шматдзетнай сям'і поўны кошт пуцёвак. Наш старэйшы сын Дзіма — васьмікласнік, ён ужо адпачываў у лагеры, чакае змену з задавальненнем. Яго настрой перадаўся і дочкам Веры і Надзі — яны збіраюцца, мы разам ужо хадзілі па крамах, выбіралі зручныя абутак і адзенне. Думаю, што дзецям спадабаецца адпачынак на свежым паветры. Для нас жа паявіцца магчымасць крыху адпачыць ад напружанага графіка штодзённых клопатаў. З двума дашкольнікамі спраўляцца лёгка. А на апошні месяц лета, калі ў галавы сям'і будзе працоўны адпачынак, плануем паездку ў вёску да бацькоў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.