Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Шкода»


Увечары на Івана Купалу мы (падлеткі) сабраліся каля дома Зойкі і чакалі, калі вёска засне, каб пачаць рабіць шкоду. Не вельмі шкодную, але каб на наступны дзень у вёсцы было што абмяркоўваць і чаму здзіўляцца. Бывалі неспадзяванкі. А так шкоду рабілі па дробязях: чыёсьці карыта да калодзежа перанясем або лаўку вырвем ды на іншы канец вёскі перацягнем, кагосьці ў доме падапрэм, гаспадары потым праз акно выбіраюцца... усе гэта ведалі і стараліся ў ноч на Купалу не спаць і двор вартаваць ад шкоднікаў.


А раніцай з крыкам пеўняў ажывала вёска, дзялілася навінамі, дзівілася, пагражала пальцам шкоднікам. Мужыкі задаволена круцілі вусы, а бабы ўсплёсквалі рукамі: «Гэта ж трэба! У Фросі на комін шкло паклалі. Яна пачала печ тапіць, а дым у хату, у комін паглядзіць — неба відаць, а дым у хату...»

У ваколіцы жыў былы бухгалтар Мітрафан, па мянушцы Дз’ячок. Празвалі яго так за бародку, пявучы голас і некалькі абразоў у хаце. Калі ў вёсцы хтосьці паміраў, яго прасілі прачытаць малітву на памінках. Чалавек ён быў ціхі, жыў адзін.
Мы ламалі галаву, чаго вытварыць, каб раніцай па бабскiм радыё навіна разнеслася па ўсёй вёсцы, і нічога разумнейшага не прыдумалі, як прынесці з могілак крыж і паставіць у кветнік Мітрафана. Гэта ўсіх здзівіць, асабліва яго.
Вырашылі ўзяць кінуты крыж, нічыйны. На могілках было шмат паваленых крыжоў, ніхто не ведаў, з якой яны магілкі.

Сталі вырашаць, хто за крыжам пойдзе. І я выхвалілася: «Я пайду! Апоўначы прынясу крыж!» Мне не паверылі, сталі падбухторваць. Заключылі заклад: я супраць Славіка і Лёнькi, яны былі на пару гадоў старэйшыя. Уся кампанія з натхненнем запісалася ў сведкі. Сталі чакаць поўначы. Тады мы лічылі, што нічога дрэннага не робім. Крыж нічыйны, на наступны дзень аднясем назад. Затое якая эфектная шкода!

Ісці да могілак ад вёскі хвілін дзесяць. Калі я сыходзіла, усе маўчалі, падобна, да апошняга не верылі, што пайду. Першыя сто метраў я трымалася, падаючы прыклад бясстрашнасці. Потым зменшыла тэмп, а з сярэдзіны шляху ішла зусім павольна. Сэрца ашалела калацілася, дрыжыкі брыдка прабягала па спіне, ногі сталі цяжкімі.

Закусіўшы канец касы, я сцялася і ўся ператварылася ў слых. Хацелася стаць нябачнай, і я старалася дыхаць і ісці бязгучна. Ціхая зорная ноч, наперадзе могілкi. Злева цёмны ельнік, якога я і ўдзень баялася, справа — пагорак агародаў. І ні душы. Жах, які ахапіў мяне, павялічваўся па меры набліжэння да мэты. Я спынілася, большая частка шляху пройдзеная: далей ногі ісці не хацелі. Вярнуцца і паказаць, што збаялася... ні за што! А ісці наперад — ніяк... Я застыла на месцы, прыслухоўваючыся і аглядаючыся.

Абвостраным ад страху зрокам убачыла справа на пагорку на фоне неба дзве фігуры, якія беглі да могілак. Пазнала Славіка і Лёньку: каб не прайграць, яны, прыгнуўшыся, беглі мяне палохаць. Самі таго не падазраючы, яны адагналі мой жах. Бо яны будуць там раней мяне. І я пайшла далей, рыхтуючыся да таго, што будуць мяне палохаць.

Лёс збярог: калі б я не спынілася, то не ўбачыла б, як бягуць хлопцы, і разрыву сэрца было б не абмінуць.

Дайшла да краю могілак. Дзесьці схаваліся Славік і Лёнька і вось-вось будуць палохаць... яны ўмудрыліся легчы паміж магіламі так, што я ледзь не наступіла на хлопца. Ля маёй нагі ад зямлі ўдарыла святло ліхтарыка і пачулася жудаснае выццё. Жудасць…

Толькі таму, што я нечага падобнага чакала, я не страціла прытомнасць. Але я не паказала спалоху, больш за тое, грэбліва фыркнула: «Выключы капцiлку, збівае з дарогі!» Гэта іх ашаламіла, такога яны і ўявіць не маглі. Хлопцы самі знайшлі крыж, які разваліўся, узялі па бруску, і мы пайшлі ў вёску. Сама б я ўсё-такі на гэта не рашылася б. Усю зваротную дарогу яны захапляліся маёй адвагай, а я прамаўчала, што бачыла іх манеўр. Крыж паставілі ў кветніку Дз’ячка...

Я спала на гарышчы. Толькі выгналі кароў у поле, бабуля стала кідаць каменьчыкі ў дах хаты — будзіць мяне. У яе руцэ была пуга... Хутка спрацавала сарафаннае радыё... Я доўга не спускалася з гарышча. «Злазь!» — строга загадвала бабуля, але я толькі выглядвала. Бабуля ніколі мяне не ўдарыла, але што-небудзь застрашальнае: розгі, венік, бізун брала ў рукі для постраху. Яна строга загадала: «Iдзі, прасі прабачэння ў Мітрафана і занясі крыж на месца. Чаму ты пайшла?»

Я і сама не ведаю, чаму. Хацелася быць адважнай. Калі бабуля пайшла ў дом, я спусцілася. З чырвонымі шчокамі прыйшла да кветніка Мітрафана, але там нічога не было. Хлопцаў пакаралі раней, і яны ўжо ўсё аднеслі. Дзед Мітрафан мне дараваў, нават падтрымаў: «Ёсць у цябе стрыжань, калі за розум возьмешся, будзе толк».

Увесь дзень дзядуля і бабуля са мной не размаўлялі і на рэчку ісці не дазволілі. З пачуццём віны і сваёй нікчэмнасці хадзіла я па двары, не ведаючы, куды сябе падзець. Потым мне дзяўчынкі распавялі, што ўся вёска абмяркоўвае мой учынак. Я жудасна хвалявалася і цяпер саромеюся за гэты ўчынак.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.