Вы тут

Баршчэўнік: размножыўся і прыжыўся?


У свеце вядома каля 70-80 відаў баршчэўніка, часта вельмі падобных знешне. Раней апісаныя віды зведзеныя ў так званыя сінонімы і такім чынам аб’яднаныя з іншымі. У Беларусі, напрыклад, у многіх на слыху агрэсіўны баршчэўнік Сасноўскага. Але ў нашай краіне ён не адзіны. У сярэдзіне XX стагоддзя да нас патрапілі яшчэ 6-7 відаў. На іх аснове вучоныя збіраліся вывесці новыя гібрыды, якія былі б непатрабавальнымі і давалі высокі ўраджай на любых глебах. 


Сёння можна гаварыць ужо пра гіганцкія баршчэўнікі-гібрыды, якія прыстасаваліся да нашых кліматычных умоў і адрозніваюцца высокай хуткасцю росту і размнажэння. Яны распачалі сапраўдную экспансію на беларускія лясы, лугі і палі. Мы звярнуліся да старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Аркадзя Скуратовіча і папрасілі яго растлумачыць, як і калі баршчэўнік завалодаў тэрыторыяй Беларусі і чаму трэба рэгуляваць яго распаўсюджванне і колькасць.

Як расліны трапляюць да нас 

Баршчэўнік Сасноўскага — гэта монакарпічная расліна, якая за сваё жыццё цвіце адзін раз і гіне пасля выспявання насення. Гэтак жа распаўсюджваецца і далёкая сваячка баршчэўніка — морква. У першы год росту ў баршчэўніка з’яўляецца лісце, а ў корані назапашваюцца пажыўныя рэчывы. Дарэчы, корань можа паглыбляцца ў глебу амаль на 2 м, а дыяметр верхняй яго часткі — набліжацца да 5-8 см. На другі год вырастае магутнае сцябло 3-4 м вышынёй. На ім развіваюцца шматлікія кветкі, у якіх пад восень утвараецца насенне (да 90 000 адзінак на адной расліне). Апошняе, патрапіўшы ў глебу, можа захоўвацца там каля 5-10 гадоў. Усходжасць насення — да 90 %. 

— Баршчэўнік Сасноўскага занесены да нас з Каўказа. Там ён расце на высакагорных лугах на сугліністых глебах, паблізу крыніц і ручаёў. Гэтую расліну ўвёў чалавек у беларускую экасістэму спецыяльна, таму яна па праву лічыцца інтрадуцэнтам. (Інтрадукцыя — гэта працэс увядзення ў прыродную экасістэму чужародных для яе відаў. — Заўв. аўт.).

Але некаторыя расліны могуць распаўсюджвацца чалавекам і ненаўмысна. У гэтым выпадку варта гаварыць аб антрапахарыі: іх рэшткі і насенне неабачліва перавозяцца на колах аўтамабіляў, чыгуначным транспартам, пераносяцца на прыладах працы. Распаўсюджваць насенне могуцьі птушкі (арнітахарыя), а таксама жывёлы (заахарыя).Здараецца, удзельнічаюць у працэсе нават мурашкі (мірмекахарыя). Калі насенне пераносіць вецер, гавораць пра анемахарыю. І гэта яшчэ не ўсе шляхі, якімі расліны трапляюць да нас здалёк, — расказвае Аркадзь Скуратовіч. — Занесеныя расліны пераходзяць у разрад інвазійных тады, калі пачынаюць адмоўна ўплываць на акружаючае асяроддзе. Напрыклад, і цюльпан, і баршчэўнік — занесеныя расліны. Розніца ў тым, што цюльпан — кветка, бяспечная для суседніх, таму яна і вырошчваецца на клумбах, а баршчэўнік — расліна-трансформер, якая знішчае ўсе іншыя.

Эксперымент, які не ўдаўся

Але ў 1950-я гады савецкія батанікі палічылі за асабісты поспех, калі знайшлі баршчэўнік падчас адной са сваіх экспедыцый на Каўказ: ён уразіў іх сваімі вялікімі памерамі. У той час яго цанілі, як і кукурузу, і марылі накарміць з яго дапамогай усю хатнюю жывёлу.

— З кукурузы можна атрымаць 700–800 цэнтнераў зялёнай масы з гектара, а з баршчэўніка — да 1 200 цэнтнераў, — заўважае вучоны.

Ёсць сведкі таго, як у савецкія часы за жменьку насення баршчэўніка, сабранага на ўскраінах палёў, рупліўцам нават давалі грашовае ўзнагароджанне.

Першыя эксперыментальныя плантацыі з’явіліся ў Мінскай і Віцебскай абласцях Беларусі, а таксама у Ленінградскай і Пскоўскай абласцях Расіі. Вопыты праводзіліся менавіта ў тых раёнах і калгасах, дзе пераважала сугліністая глеба, падобная да каўказскай. Баршчэўнікам засявалі дзясяткі гектараў. Яго вырошчвалі, затым скошвалі і закладвалі ў сіласныя ямы, дзе расліна закісала і станавілася прыдатнай для кармлення жывёл. Сілас каровы елі без прымусу, толькі вось малако было з горыччу. Вырашылі даваць баршчэўнік цялятам.

Трывогу забілі, калі трактарысты і аператары уборачных машын пачалі звяртацца ў медустановы з апёкамі ад сока гэтай расліны: пад уздзеяннем сонечных промняў той ператвараўся ў ядавітае рэчыва. Паўстала пытанне, як пазбавіцца ад баршчэўніка. І ўсё гэта адбывалася ў той час, калі ім паспелі засеяць вялікія плошчы.

— У 1970-1980-я гады барацьбу з баршчэўнікам вялі звыклым для савецкага часу спосабам: пераворвалі палі, дзе ён вырошчваўся, дыскавалі зямлю спецыяльнымі культыватарамі, а потым засявалі шматгадовымі травамі. Расліна адступала, але недалёка, — уладкоўвалася на ўскраінах тых жа палёў. А ў 1990-я стала відавочным: адтуль баршчэўнік перабраўся ў лес, да рэчак і крыніц, а таксама пасяліўся абапал дарог. У 2000-я гады заўважылі: расліна аблюбавала селькагаспадарчыя ўгоддзі, выключаныя з севазвароту. А там, дзе пануюць яго зараслі, іншыя расліны расці не могуць, — тлумачыць Аркадзь Мікалаевіч.

Ворагі раслін-агрэсараў

Тое, што баршчэўнік Сасноўскага яшчэ той агрэсар у дачыненні да іншых раслін, ведае ледзь не кожны. Але чаму ён сярод высакагорных лугоў Каўказа паводзіў сябе інакш і ў той мясцовасці не ўплываў адмоўна на рост іншых раслін? 

— Адказ просты: многія з іх былі здольныя супрацьстаяць баршчэўніку і стрымліваць яго разрастанне. У Беларусі ж такіх канкурэнтаў няма. Дарэчы, некаторыя звыклыя для нас расліны, трапляючы ў іншае асяроддзе, таксама паводзяць сябе, як агрэсары. Напрыклад, так здарылася з нашай крушынай ломкай, калі яна апынулася ў ЗША. Там гэтая расліна лічыцца інвазійнай, як і баршчэўнік у нас. Аднойчы мне на вочы трапіў фотаздымак Нью-Йёрскага Цэнтральнага батанічнага сада, а на першым плане — наш дзярбеннік, ці чальчак. Для амерыканцаў ён таксама інвазійны, — гаворыць субяседнік. — Апошнім часам вучоныя з розных краін пачалі актыўна шукаць ворагаў раслін-агрэсараў і ні дзе-небудзь, а ў натуральным арэале іх распаўсюджвання. 

У амерыканцаў існуе станоўчы вопыт пошуку такога ворага. Яны выдаткавалі каля 400 мільёнаў долараў, каб знайсці ў Еўропе і прывезці на свой кантынент насякомых, што харчуюцца дзярбеннікам. Потым заснавалі цэлыя фермы па вырошчванні гэтых шкоднікаў, праўда, упэўніўшыся папярэдне, што яны і на новым месцы спажываюць толькі гэтую інвазійную расліну. 

Навукоўцы з Санкт-Пецярбурга таксама спрабавалі знайсці насякомых-ворагаў для баршчэўніка. Дзеля гэтага яны нават паехалі на Каўказ, адшукалі такіх насякомых, прывезлі іх у Расію і пасялілі на баршчэўніку. Але тыя чамусьці пераключыліся на суседнія расліны.

Спосабы барацьбы з баршчэўнікам 

Складваецца ўражанне, што распаўсюджванню баршчэўніка немагчыма супрацьстаяць. Тым не менш спосабы барацьбы з ім ёсць. 

— Самы просты — не дапусціць утварэння генератыўнага парастка, дзе выспявае насенне. Для гэтага на пэўным этапе росту расліну рэкамендуецца скошваць. Аднак на яе корані па баках ў хуткім часе зноў з’яўляюцца парасткі. Раяць скошваць зноў, і так — да пяці разоў. Аднак пры касьбе на рукі і цела чалавека трапляе небяспечны сок. Можна, канешне, касіць вечарам, калі сонца няма.

 Але ёсць яшчэ адзін спосаб, які дазваляе лягчэй справіцца з агрэсарам, і асабліва на прысядзібным надзеле. Корань баршчэўніка трэба адсекчы на глыбіні каля 10 см пры дапамозе рыдлёўкі. У гэтым выпадку расліна наноў не адрастае. Але з зараснікамі баршчэўніка на вялікіх плошчах пры дапамозе адной рыдлёўкі справіцца цяжка. Тады дазваляецца прымяняць хімічныя рэчывы, — растлумачылі ў Інстытуце.

Да ведама

Пералік відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягаюць рэгуляванню, устаноўлены Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2016 года No 1002. Ён уключае 10 раслін. Гэта баршчэўнік Сасноўскага, баршчэўнік Мантэгацы, залатарнік канадскі, залатарнік гіганцкі, клён ясенеліставы, рабінія ілжэакацыя, эхінацысціс лопасцевы, мак снатворны, каноплі пасяўныя, амброзія палыналістная.

Пералік раслін, забароненых да інтрадукцыі і (або) акліматызацыі ў нашай краіне, устаноўлены Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2008 года No 106. Ён уключае 9 раслін. Гэта баршчэўнік Сасноўскага, баршчэўнік Мантэгацы, залатарнік канадскі, залатарнік гіганцкі, клён ясенеліставы, каноплі пасяўныя, мак снатворны, рабінія ілжэакацыя, эхінацысціс лопасцевы.

Раёны, дзе сёння расце баршчэўнік

Звесткі, дзе і ў якіх рэгіёнах баршчэўнік Сасноўскага расце ў Беларусі сёння, нам прадаставілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Па стане на 1 студзеня 2022 года агульная плошча росту баршчэўніка Сасноўскага ў цэлым па рэспубліцы склала 4550,5121 га. Найбольш інвазіраванымі з’яўляюцца:

Віцебская вобласць, дзе агульная плошча росту гэтай расліны складае 3667,2271 га, або 80,6 % ад агульнай плошчы яе росту ў цэлым па краіне.

З 20 раёнаў і 7 гарадоў вобласці найбольш інвазіраванымі з’яўляюцца 8 раёнаў:

— Браслаўскі, дзе плошча росту баршчэўніка складае 336,6536 га, або 9,2 % ад агульнай плошчы яго росту ў вобласці;

— Віцебскі — 682,4917 га, або 18,6 %, адпаведна;

— Гарадоцкі — 395,8533 га, або 10,8 %, адпаведна;

— Міёрскі — 244,48 га, або 6,7 %, адпаведна;

— Полацкі — 120,6798 га, або 3,3 %, адпаведна;

— Сенненскі — 125,33 га, або 3,4 %, адпаведна;

— Талочынскі — 221,341 га, або 6,0 %, адпаведна;

— Ушацкі— 1231,5922 га, або 33,6 %, адпаведна.

Мінская вобласць, дзе агульная плошча росту баршчэўніка складае 668,47 га, або 14,7 % ад агульнай плошчы яго росту ў цэлым па рэспубліцы.

З 22 раёнаў і 24 гарадоў вобласці найбольш інвазіраванымі з’яўляюцца 4 раёны:

— Лагойскі, дзе агульная плошча росту баршчэўніка складае 285,1 га, або 42,6 % ад агульнай плошчы яго росту ў вобласці;

— Мінскі — 100,926 га, або 15,1 %, адпаведна;

— Вілейскі — 80,403 га, або 12,0 %, адпаведна;

 — Валожынскі — 70,07 га, або 10,5 %, адпаведна.

Ганна ЛАГУН

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.