Вы тут

Баршчэўнік Сасноўскага пусцяць пад нож


Вясна — час абнаўлення і навядзення чысціні. Не толькі на ўласным падворку, але і па ўсёй краіне. Агульная каардынацыя работ па навядзенні парадку на зямлі ўскладзена ўрадам на Мінпрыроды. Штогод зацвярджаюцца планы, якія ўключаюць добраўпарадкаванне населеных пунктаў, азеляненне прыдамавых тэрыторый, прыборку адходаў, ламачча, небяспечных дрэў. Гэтыя мерапрыемствы праводзяць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы і іншыя арганізацыі за кошт бюджэтных і ўласных сродкаў. Пра тое, якіх вынікаў па навядзенні парадку на зямлі ўдалося дабіцца летась, і пра планы на будучыню.


Як расказаў кансультант упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Паднясенскі, рэспубліканскі план па навядзенні парадку на зямлі ўключае каля 110 мерапрыемстваў, накіраваных на добраўпарадкаванне і ўтрыманне тэрыторый населеных пунктаў, сельскагаспадарчых аб’ектаў, палос адводу аўтамабільных дарог і чыгунак, месцаў пахавання, тэрыторый ляснога фонду. Ён таксама прадугледжвае падтрыманне ў належным стане асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (запаведнікаў, заказнікаў, помнікаў прыроды), аб’ектаў пахавання адходаў, унутрыгаспадарчых кар’ераў, садаводчых таварыстваў, гаражных кааператываў, а таксама рэгуляванне распаўсюджвання колькасці інвазійных відаў раслін.

Летась у рамках падтрымання ў належным стане тэрыторый і аб’ектаў уздоўж аўтамабільных дарог выдалена адходаў, ламанай драўніны, небяспечных дрэў, драўняна-хмызняковай расліннасці ў паласе адводу аўтамабільных дарог на агульнай працягласці звыш 21,9 тысячы кіламетраў (пры плане ў 16 тысяч кіламетраў). Уздоўж аўтамабільных дарог высаджана больш за 9 тысяч дрэў і больш за 17 тысяч кустоў.

Уздоўж чыгунак выкананы работы па выдаленні адходаў, ламанай драўніны, небяспечных дрэў, драўняна-хмызняковай расліннасці ў паласе адводу чыгункі на працягу 2437,75 кіламетра (пры плане ў 2305,85 кіламетра).

На тэрыторыі ляснога фонду лесагаспадарчымі арганізацыямі праведзены санітарныя высечкі і прыборка захламленасці ў рэкрэацыйна-аздараўленчых, прыродаахоўных і ахоўных лясах, у тым ліку на тэрыторыях, прылеглых да месцаў адпачынку, пляцоўках уздоўж аўтамабільных дарог, да спажывецкіх кааператываў, знакавых аб’ектаў і іншых тэрыторый на плошчы больш за 31 тысячу гектараў. Таксама ў лясах Беларусі была праведзена прыборка адходаў на плошчы каля 9 тысяч гектараў.

У працэсе добраўпарадкавання паверхневых водных аб’ектаў была праведзена ачыстка ад цвёрдых адходаў і іншых іншародных элементаў, небяспечных і патанулых дрэў, а таксама наносаў, донных адкладаў і расліннасці 31 вадацёку працягласцю больш за 27 кіламетры, а таксама 46 вадаёмаў агульнай плошчай каля 34 гектараў.

Працягваецца навядзенне парадку на машынных дварах, дзе было ўладкавана 218 пляцовак для часовага захоўвання металалому і 180 пляцовак для часовага захоўвання зношаных шын.

«Зялёныя» гарады і чужародная пагроза

Віктар Паднясенскі адзначыў, што летась у населеных пунктах было пасаджана больш за 346 тысяч дрэў і больш за 517 тысяч кустоў на прыдамавых тэрыторыях.

У цэлым па Беларусі плошча азелянёных тэрыторый у гарадах, раённых цэнтрах павялічылася больш чым на 901 гектараў. Узровень азелянення дасягнуў патрабаванага паказчыка (40 %) у 131 гарадах, раённых цэнтрах (99,2 % ад іх агульнай колькасці). Плошча азелянёных тэрыторый у жылых раёнах, мікрараёнах павялічылася на 136,2 гектара.

У нашай краіне баршчэўнік Сасноўскага з’яўляецца самым агрэсіўным з васьмі інвазійных відаў, уключаных у пералік відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягаюць рэгуляванню. Усяго ў 2023 годзе мерапрыемствы па рэгуляванні колькасці баршчэўніку Сасноўскага праведзены на плошчы 5353,2 гектара, або 106,5 % да ўстаноўленага гадавога задання 2023 года. Інвазійны від знішчалі ўсімі даступнымі метадамі: ручным, хімічным, камбінаваным.

У выніку выканання мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага ўсяго ў мінулым годзе цалкам знішчана 743 месцы вырастання расліны агульнай плошчай 647,39 гектара.

Планы на заўтра

Усе пералічаныя мерапрыемствы будуць працягнуты і сёлета. У рэспубліканскі план на 2024 год дадалося адно мерапрыемства: уцягванне ў сельскагаспадарчы абарот меліяраваных зямель, адзначыў спецыяліст.

Мінбудархітэктуры, іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі да 5 красавіка гэтага года павінны прадставіць у Мінпрыроды інфармацыю аб ходзе выканання рэспубліканскага плана за першы квартал 2024 года, далей штомесяц да 5 чысла, наступнага за справаздачным месяцам.

У сувязі з усталяванымі спрыяльнымі ўмовамі надвор’я, а таксама ў мэтах актывізацыі работ па навядзенні парадку на зямлі Мінпрыроды з 1 сакавіка да 8 мая 2024 года аб’яўлена Вясновая акцыя па навядзенні парадку на зямлі.

«Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі — гэта паўсядзённая сістэматычная праца, карпатлівы і працаёмкі працэс. Кожны грамадзянін можа ўносіць частку сваёй працы ў гэтым кірунку для ўсеагульнага росквіту. З малога пачынаецца вялікае. Зямля — галоўнае наша багацце. Гэта аснова як экалагічнага, так сацыяльна-эканамічнага дабрабыту нашай краіны, яе нацыянальнай бяспекі»,  —  падсумаваў Віктар Паднясенскі.

Не толькі зелена, але і кветкава

Намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд» Кацярына Кароткіна расказала пра планы ўпрыгожвання сталіцы. «Плануем прыбраць каля 9,5 тысячы гектараў замацаваных тэрыторый у рамках вясновага месячніка, высадзіць 1,5 тысячы дрэў і каля 20 тысяч кустоў. Акрамя таго, будуць праведзены такія работы, як рамонт і афарбоўванне малых архітэктурных формаў, аднаўленне газонаў, рамонт дарожнай сеткі, лесвіц. Таксама будуць праводзіцца акцыі і суботнікі», — адзначыла яна.

Акрамя гэтага, у вясновы перыяд прадпрыемствамі «Мінскзелянбуда» плануецца высадзіць каля 11 тысяч дрэў і больш за 100 тысяч кустоў. «Гэта кусты як лісцяныя, так і іглічныя. У першую чаргу гэта пасадка ўздоўж вулічна-дарожнай сеткі ясеняў — дрэў найбольш устойлівых да антрапагеннай і салявой нагрузкі. Яны таксама рэкамендаваны Цэнтральным батанічным садам і Інстытутам эксперыментальнай батанікі. Плануецца высадка і ўздоўж МКАД. Усе гэтыя планы будуць рэалізаваны ў рамках зацверджаных і ўзгодненых альбомаў па дадатковым азеляненні, якія былі сфарміраваны і распрацаваны яшчэ восенню мінулага года», — расказала  Кацярына Кароткіна.

Характэрна, што ў вясновы перыяд у Мінску плануецца высадзіць больш за 15 тысяч руж. Пастаўшчык — Мінскі парнікова-
цяплічны камбінат. «Акрамя гэтага, сёлета акцэнт будзе зроблены на прыгожыя кусты — гэта гартэнзіі і некаторыя новыя віды. Збіраемся назіраць, як яны будуць сябе паводзіць у гарадскіх умовах», — падзялілася планамі намеснік гендырэктара.

Што датычыцца дрэў, то ў парках і скверах будуць высаджваць так званыя сакуры — дрэвы вішні, слівы, міндалю. «Яны адрозніваюцца найбольш пышным і прыгожым красаваннем», — распавяла спецыяліст.

Што датычыцца кветкавага афармлення, то сталічныя спецыялісты апошнім часам робяць стаўку на шматгадовыя расліны. «Мы плануем мінімізаваць высадку аднагадовых раслін і выкарыстоўваць іх толькі ў малых архітэктурных формах, у тых месцах, дзе неабходна дамагчыся хуткага, жаданага і яркага выніку. Гэта такія аб’екты, як плошча Незалежнасці, плошча Перамогі, стэла на праспекце Пераможцаў, дзе праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя знакавым датам», — расказала Кацярына Кароткіна.

Што датычыцца шматгадовых кветак, то сёлета ў сталіцы плануецца высадзіць 90 тысяч раслін. «Гэтая іх колькасць будзе адназначна павялічана. У мінулым годзе па плане была пасадка 87 тысяч гэтыз раслін, а па факту высадзілі дзесьці 170 тысяч мнагалетнікаў. Сёлета план пакуль 90 тысяч, а ўжо да восені гэта будзе зусім іншая, значна большая колькасць» — падзялілася спецыяліст. 

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.