Вы тут

Уласную вытворчасць вітамінаў плануюць стварыць на базе БНБК


Асобную вытворчасць вітамінаў плануюць стварыць на базе Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК). Аб гэтым у час наведвання карпарацыі журналістам расказаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Заяц, перадае БелТА.


Такіх прадпрыемстваў, як БНБК, у свеце ўсяго дваццаць, і сярод іх беларускае мае свае адметныя асаблівасці. «Яно гарманічна рэалізуе інтарэсы вытворцаў збожжа і перапрацоўшчыкаў. Цяпер у краіне ствараюцца сыравінныя базы, якія ўжо ёсць у Глускім, Пухавіцкім і Бабруйскім раёнах Беларусі, а ў планах — Асіповіцкі. Маем ужо 112 тыс. га зямлі і ўвесь пералік неабходнай тэхнікі. Плануецца загрузіць гэтыя тэрыторыі магутнасцямі БНБК. Гэта цесная кааперацыя, якая паслужыць сур’ёзным эканамічным умацаваннем і сельгаспрадпрыемстваў, і створыць умовы для росту прадпрыемства», — адзначыў Леанід Заяц.

Таксама цяпер вядуцца перагаворы з кітайскімі партнёрамі аб стварэнні яшчэ адной магутнасці па вытворчасці вітамінаў на базе БНБК. «Наша краіна не вырабляе вітаміны, ды і ў свеце — гэта лічаныя прадпрыемствы. Беларусь будзе мець той прадукт, які раней імпартаваўся, а значыць — умацоўваць пазіцыі на постсавецкай прасторы, у свеце», — дадаў віцэ-прэм’ер.

На новым прадпрыемстве плануецца вырабляць вітаміны В2, В12, С. «Мы ставімся да вітамінаў як да лякарстваў, але ў некаторых краінах яны спажываюцца разам з ежай і ўжо сталі часткай штодзённага рацыёну людзей, — падкрэсліў дырэктар БНБК Данііл Урыцкі. — Цяпер праект на кітайскім баку, урад падтрымаў будаўніцтва такой магутнасці. Спадзяёмся, што гэтыя працэдуры закончацца да лета наступнага года і мы пачнём будаўніцтва такога аб’екта».

Інвестыцыйны праект «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» прадугледжвае арганізацыю да 2032 года вытворчасці глыбокай перапрацоўкі збожжа па сучасных метадах біятэхналогіі з атрыманнем незаменных амінакіслот для вытворчасці і выхаду на мясцовы і экспартны рынкі высокапрадукцыйных збалансаваных камбікармоў і прэміксаў.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.