Вы тут

Лукашэнка: Пытанне рэгулявання колькасці жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу, — супердзяржаўнае


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Рэспубліканскага дзяржаўнага аб’яднання «Беларускае таварыстыва паляўнічых і рыбаловаў» Ігра Шуневіча. На мерапрыемстве таксама прысутнічаў намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц. 


«Наколькі я разумею, вы ініцыявалі гэтую размову ў сувязі з тым, што прынятае рашэнне ва ўрадзе не зусім тое, што хацела б таварыства», — сказаў кіраўнік дзяржавы.Ён адзначыў, што ўсе гэтыя пытанні будуць разгледжаны на дзяржаўным узроўні без ведамаснага падыхода.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе пытанні, якія будуць абмяркоўвацца, павінны вырашацца ў інтарэсах дзяржавы. «Вы ж разумееце, што ёсць дзяржаўныя інтарэсы, ёсць асабістыя, ёсць інтарэсы грамадства. Трэба зрабіць разумна, так, як гэта лепей для дзяржавы і для людзей, якія ў нас сёння знаходзяцца ў арганізацыі», — сказаў ён.

На парадку дня — шэраг пытанняў. Адно з іх — вытворчасць боепрыпасаў да гладкаствольнай зброі. «Нічога тут дрэннага я не бачу, давайце падумаем, як гэта лепш зрабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пытанне рэгулявання колькасці жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Прэзідэнт назваў супердзяржаўным пытаннем, вельмі важным для іміджу нашай краіны ў тым ліку. 

Таксама кіраўнік дзяржавы прапанаваў разгледзець шэраг праблем, «якія трэба вырашаць, а яны застапарыліся на ўзроўні службовых асоб і органаў улады да Прэзідэнта». 

Ігар Шуневіч нагадаў, што паўтары гады таму дакладваў аб сітуацыі ў таварыстве, якое ўзначальвае. Тады ён прапаноўваў рэфармаваць арганізацыю. «Усё ідзе сваім ходам, і асноўныя рашэнні ўжо прынятыя. Таварыствам за гэты перыяд зроблены значныя крокі, паводле нашай ацэнкі, часткова ацэнкі ўрада. Удасканалены напрамкі ў цэлым не толькі работы таварыства, але і паляўнічай індустрыі ў цэлым у краіне, паколькі гэта традыцыйны беларускі занятак, гэта галіна, у якую дзяржава ўкладае вялізныя матэрыяльныя сродкі і павінна атрымліваць адпаведную аддачу, я лічу, у тым ліку матэрыяльную. У сувязі з гэтым намі запланаваны шэраг дадатковых мерапрыемстваў па папулярызацыі гэтага ладу жыцця», — сказаў ён. 

Ігар Шуневіч прадставіў Прэзідэнту новаўвядзенне, прынятае з мэтай папулярызацыі ў краіне трафейнага палявання, прыцягнення замежных паляўнічых, плацежаздольных у тым ліку. Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў заснавала знакі — «Вялікая беларуская пяцёрка» і «Вялікая беларуская сямёрка» за трафейнае паляванне. Знакі выраблены ювелірамі з каштоўных металаў — золата і серабра. Для атрымання знака мужчыны павінны здабыць «сямёрку» — зубр, лось, высакародны алень, казуля, дзік, воўк, глушэц. У намінацыі «Вялікая беларуская пяцёрка» ўдзельнічаюць толькі жанчыны. Ім трэба здабыць лася, аленя высакароднога, казулю, дзіка, глушца. Па словах Ігара Шуневіча, гэта агульнасусветны трэнд, такія рэйтынгі існуюць у многіх краінах. Пакуль ў Беларусі гэты знак не атрымаў ні адзін паляўнічы. Першым у якасці падарунка яго атрымаў кіраўнік дзяржавы. Паларунак адразу ж адправіўся ў музей Палаца Незалежнасці. «Вядома, у музей, я ж не паляўнічы. Я ж казаў, што я не забіваю жывёл і не здабываю іх», — адзначыў Прэзідэнт.


У тэму 

Як рэгуляваць колькасць чырвонакніжнікаў

У размове з журналістамі Ігар Шуневіч расказаў, што ў «Беларускім таварыстыве паляўнічых і рыбаловаў» зараз праходзіць аптымізацыя структуры і колькаснага складу кіраўнікоў у арганізацыі. «Я прапаноўваў скараціць да мінімуму колькасць пярвічных паляўнічых арганізацый. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў такі падыход: разам з павелічэннем колькасці пасад звычайных рабочых спецыяльнасцей, напрыклад, егер, паляўніцтвазнавец скарачэнне кіруючага звяна. Груба кажучы, адзін пярвічны паляўнічы калектыў на адзін адміністрацыйны раён», — растлумачыў Ігар Шуневіч. Па яго словах, зыходзячы з апошніх звестак аб выплаце членскіх узносаў, сёння ў арганізацыі крыху больш за 32 тысяч паляўнічых і каля 40 тысяч рыбаловаў.

Таксама БТПР унесла прапанову аб стварэнні ў краіне вытворчасці патронаў да гладкаствольнай паляўнічай зброі. Па словах Ігара Шуневіча, кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэту прапанову і даў адпаведныя рэкамендацыі, указанні па яе практычным ажыццяўленні ў бліжэйшы час. «Ініцыятыва прызнана разумнай. Тым больш у наш час, калі хочацца мець аўтаномнасць і самастойнасць у гэтым пытанні, вырабляць свой тавар, які, безумоўна, запатрабаваны ў дзяржаве», — сказаў ён. У працяг тэмы Ігар Шуневіч падкрэсліў, што паляўнічы — гэта прафесіянал сваёй справы, у якога ёсць стралковы вопыт, экіпіроўка і абсталяванне (оптыка, у тым ліку начная, патроны, цеплавізійнае абсталяванне). Таму члены Беларускага таварыстыва паляўнічых і рыбаловаў пры неабходнасці прымуць удзел у любых дзеяннях, накіраваных на абарону краіны. «Паляўнічыя, якія не будуць прызваны на службу ў парадку, вызначаным ваенкаматамі, безумоўна, прымуць удзел у любых дзеяннях, неабходных для абароны дзяржавы. Выкарыстоўваючы і свае навыкі, і экіпіроўку, і зброю. Аб гэтым таксама мы сёння гаварылі. Тут выключэнняў не будзе ніякіх. Кожны, хто валодае зброяй, разумее, што павінен будзе абараняць краіну. Чым бараніць ёсць. Астатняе дашліфуем», — сказаў Ігар Шуневіч.

Актуальнае пытанне, якое стаіць у тым ліку перад БТПР — рэгуляванне колькасці відаў паляўнічых жывёл і жывёл, якія нарміруюцца і ўваходзяць у Чырвоную кнігу Беларусі. У апошні час папуляцыі бурага мядзведзя і рысі ў Беларусі павялічыліся, нараўне з павелічэннем біяразнастайнасці ў краіне ў цэлым. «Разумнае выкарыстанне гэтых відаў прапанавана ажыццяўляць шляхам рэгулявання іх колькасці, не адкрываючы паляванне на іх. Гэта значыць там, дзе залішняя колькасць бурага мядзведзя і ён перашкаджае жыццядзейнасці чалавека, прапанавана канфіскоўваць некаторую колькасць звера для таго, каб ураўнаважыць, стварыць баланс паміж інтарэсамі чалавека і жывёл», — растлумачыў Ігар Шуневіч. Па яго словах, сёння колькасць мядзведзяў імкліва павялічваецца. Іх ужо больш за 700 асобін, хаця яшчэ 20 гадоў таму было 150. «Наша задача — атрымаць дакладнае разуменне ад нашай навуковай грамадскасці, якая аптымальная колькасць мядзведзя павінна быць на нашай тэрыторыі, якая дазволіла б нам адкрываць на яго паляванне. Паколькі гэтая аптымальная колькасць сёння не выведзена, мы кажам: давайце мы будзем рэгуляваць колькасць там, дзе яго вельмі шмат, залішне шмат, дзе ён замінае жыць», — сказаў старшыня БТПР. Важна, што на гэтым этапе размова ідзе толькі аб рэгуляванні колькасці. "«Гэта не значыць, што мы адкрыем паляванне. Гэта чырванакніжнік. Але калі ёсць яго залішняя колькасць, трэба пэўную колькасць адстраляць, асабліва праблемных звяроў, якія заходзяць у населеныя пункты, на пчальнікі, якія ўжо сёння траўміруюць людзей», — перакананы Ігар Шуневіч.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.