Вы тут

Лесвіца з працягам


Пра гэты стратэгічны аб'ект мы пісалі летась у кастрычніку. Стараста мікразоны і жыхар Падгорнай Аляксандр Пікуля прасігналізаваў пра аварыйны стан лесвіцы, якая звязвае ніжні горад (прыватны сектар, што знаходзіцца ў нізіне) з верхнім. Яго падтрымала шмат людзей. Якраз там, на месцы, і адбывалася наша размова. У газеце выйшаў крытычны матэрыял на гэтую тэму. А нядаўна Пікуля зноў патэлефанаваў і прапанаваў прыехаць. Маўляў, аб'ект гатовы.


Прыязджаю і не пазнаю нашай лесвіцы. Зроблена, як той казаў, на сумленне.

«Калі параўноўваць з тым, што было, дык нашы жыхары кажуць: дабіў жа», — задаволена ўсміхаецца Аляксандр Пікуля. У яго яшчэ ёсць заўвагі, але пра гэта ніжэй.

— Працавалі 76 дзён, з 14 мая да 28 ліпеня, — рапартуе педантычны актывіст. — Памятаеце, што прыступкі былі дзесьці вышэй, дзесьці ніжэй? Зараз усе роўненькія. Заходзіў днямі ва ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў, цікавіўся: ці прынялі лесвіцу? Кажуць, пакуль не. Нагадаў, што прымаць будзем толькі разам з Тэхнаглядам.

Першай справай на месцы апытваем народ: ці задаволены, ці зручна, можа, нешта перашкаджае?

Вось ідзе жанчына з дзецьмі. На пытанне, ці стала лесвіца лепшай, адказвае: адназначна.

— Зімой я на ёй ледзь не забілася, — прызнаецца жанчына. — Але тады яна была ў дрэнным стане. Зараз — іншая справа.

Юрый, які жыве на Падгорнай, лесвіцай карыстаецца пастаянна. Сціпла кажа, што стала значна лепш.

— Зімой звычайна побач з лесвіцай спускаўся, зараз, спадзяюся, не давядзецца так рабіць, — дадае ён.

У краме «Марыя», якая знаходзіцца непадалёк, таксама абмяркоўваюць перамены. Пакупніца Зінаіда ўспамінае, як некалькі гадоў таму ранняй вясной яна на лесвіцы паслізнулася, нагу падвярнула і паехала ўніз. У выніку — пералом. Месяц на бальнічным сядзела. Трэба было б тады паскардзіцца, каб меры прынялі. Але не да таго было. Потым надзвычайная сітуацыя забылася. Хаця траўма з узростам усё больш дае знаць пра сябе. Бывае, нагу так круціць, што хоць каравул крычы.

— А колькі такіх выпадкаў было, не злічыць, — дадае Пікуля.

— Якой была лесвіца і якой стала — неба і зямля, — кажуць прадавачкі. — Але паглядзім, як яна сябе пакажа зімой. Ці будуць ледзянець прыступкі і абломвацца ад марозу. Вось тады і даведаемся, які там раствор паклалі.

Аляксандр Пікуля расказвае, што кантраляваў працэс увесь час. Асабліва шмат было праблем з ніжняй пляцоўкай. Спачатку яе не давялі да ладу, пакінулі так. Яшчэ і кавалак арматуры тырчаў з прыступкі. Стараста пачакаў крыху, пакуль нехта пра недаробкі ўспомніць, а калі зразумеў, што бессэнсоўна, пачаў шукаць канцы. Патэлефанаваў у адміністрацыю раёна, маўляў, чаму работы прыпыніліся? А там адказваюць, што яны наогул скончаны. Мужчына зноў сеў на тэлефон. І ўсё ж такі дабіўся, каб работу давялі да лагічнага завяршэння. Дашліфоўвала аб'ект зусім іншая брыгада аднаго з камунальных прадпрыемстваў. Відаць, што будаўнікі стараліся. Нават пераход плаўны ад лесвіцы да сцяжынкі зрабілі. Атрымалася даволі прыгожа і зручна.

Свае падзякі стараста адрасуе «Звяздзе», маўляў перамены адбыліся з падачы газеты. Пра гэта ён не забываўся паведаміць кожнаму сустрэчнаму і сказаць, што карэспандэнт «Звязды» побач з ім. Каб разумелі, каму дзякаваць. Людзі казалі добрыя словы, а разам з імі прасілі дапамагчы з добраўпарадкаваннем іншых лесвіц і стыхійных сцяжынак, якія яны называюць дарогамі жыцця, бо гэта прамая сувязь з горадам.

Сапраўды, у леташнім матэрыяле мы казалі яшчэ пра адну дарогу, дакладней, народную сцяжынку, якая знаходзіцца непадалёк ад адрамантаванай лесвіцы. Яна цягнецца ўздоўж водапрыёмніка. Асабліва часта гэтым шляхам карыстаюцца маладыя маці з каляскамі, бо па лесвіцы з такім грузам не падняцца. Жыхары Падгорнай просяць, каб яе добраўпарадкавалі, але гарадскія ўлады не пагаджаюцца, маўляў, вельмі вузкая. Між тым праблема сапраўды існуе. Пакуль мы з Пікулем «прымалі» лесвіцу і цікавіліся меркаваннем людзей, па сцяжынцы прайшло яшчэ больш народу, чым па лесвіцы.

— За гэтую сцяжынку восем гадоў ідзе вайна, — кажа Аляксандр Пікуля. — З лесвіцай, спадзяюся, разабраліся, зараз трэба тут наводзіць парадак. Як людзям з каляскамі падымацца? Пандуса няма, сцяжынку падчас моцных дажджоў размывае — проста бяда. Дзякуй дырэктару крамы «Марыя», які рабіў у памяшканні рамонт і крыху падсыпаў буту на сцяжынку. Але было б добра ўсю яе забетанаваць.

Адна з прадаўшчыц крамы «Марыя» расказала, што бегла па ёй пасля работы на прыпынак і зачапілася за арматуру, якая тырчала з травы. «Ледзь не забілася, — скардзіцца жанчына. — Што перашкаджае добраўпарадкаваць праход? Ніхто не патрабуе вялікіх укладанняў, дастаткова навесці парадак».

Акрамя гэтага, у краме параілі звярнуць увагу на лесвіцу па другі бок моста. Маўляў, таксама абсыпаецца. І хаця гэта ўжо тэрыторыя не Пікулі, ён пагаджаецца паказаць гэты шлях.

— Там рамонт больш чым 20 гадоў не рабілі, — з веданнем справы кажа ён. — Першапачаткова добрая лесвіца была, якасная, але ж няма нічога вечнага.

Магчыма, для кагосьці гэта дробязі, але для людзей, якія жывуць у даволі цяжкадаступнай зоне, проста бяда. І размова ідзе не пра дзве-тры сям'і. Усяго на Падгорнай 830 дамоў.

Яшчэ больш уразіла, як людзі штурмуюць круты схіл, каб падняцца з прыпынку грамадскага транспарту «Падгорная» наверх да цывілізацыі — у мікрараён Юбілейны.

Па ідэі, павінна быць лесвіца. Яна і ёсць, але збоку. Каб да яе дабрацца, трэба перайсці самаробны масток праз цеплатрасу, па сцяжынцы дайсці да яе і пералезці цераз парэнчы. Але шмат хто ігнаруе гэты мудрагелісты шлях і падымаецца адразу па схіле. У сувязі з гэтым тут утварылася цэлая сетка рознакаліберных сцяжынак. Кожны пратаптаў там, дзе яму зручна. Прыйшлося нават пабачыць, як усё гэта функцыянуе. Якраз падышоў аўтобус, і з дзясятак чалавек гуськом сталі падымацца наверх.

— Вось так людзі ў нас караскаюцца па гарах з работы і на работу, — разводзіць рукамі Пікуля. — Што рабіць — такі горны ў нас раён. У раёне 8 лесвіц: дзве жалезабетонныя, тры металічная і тры драўляныя. І гэта не ўлічваючы розных там сцяжынак. З апошнімі ўсё зразумела, але ж трэба стацыянарныя лесвіцы даглядаць. Навошта нас увесь час прымушаюць нагадваць уладам пра гэта?

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.