Вы тут

Кавальчук: Беларусі і краінам СНД ёсць чым пахваліцца


У Мінску пачала сваю работу ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная Сусветнаму дню турызму. На парадку дня — патэнцыял гісторыка-культурнай спадчыны ў турыстычнай дзейнасці, асаблівасці і перспектывы развіцця розных відаў турызму ў Беларусі, сучасны стан і патэнцыял турыстычнай інфраструктуры. Спецыялісты абмяркуюць магчымасці міжнароднага і трансгранічнага турызму, сучасныя тэхналогіі ў індустрыі, асаблівасці падрыхтоўкі прафесійных кадраў. 


Фота: БелТА

«Усе падзеі, якія адбываліся апошнія два гады, падштурхоўваюць нас да пераасэнсавання фармату і характару падарожжаў, выбару маршрутаў і месцаў наведванняў. Беларусь заўсёды адкрыта для гасцей з усяго свету і гатова паказаць сапраўдную беларускую гасціннасць, прыродную і культурную разнастайнасць, прыгажосць гарадоў і каларыт вёсак, дасягненні сучаснай прамысловасці, прадстаўленыя ў рамках беларускага турыстычнага прадукту. Гэта ў тым ліку гісторыка-культурны, спартыўны, санаторна-курортны, сельскі і іншыя віды турызму, якія змогуць здзівіць самых дасведчаных падарожнікаў», — адзначыў Сяргей Кавальчук, міністр спорту і турызму падчас адкрыцця канферэнцыі. 

Па яго словах, свет зараз знаходзіцца ў турбулентнай фазе — разбураюцца прывычныя традыцыі і асновы, адбываюцца глабальныя і цяжкапрагназуемыя перамены ў сістэме міжнародных адносін. Усё гэта напрамую ўплывае на Беларусь, што патрабуе аператыўнага рэагавання на знешнія выклікі. За-за знешняга націску становіцца актуальнай і тэма турызму. «Праз правядзенне мерапрыемстваў у сферы спорту і турызму мы павінны заклікаць іншыя краіны да міралюбівай знешняй палітыкі і дружбы паміж народамі. Спорт і турызм павінны заклікаць людзей да аб’яднання, зносін, узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Сёння як Беларусі, так і ўсім краінам СНД, ёсць што паказаць і чым пахваліцца», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук. Міністр заўважыў, што гэтыя напрамкі таксама неабходна развіваць у рамках ШАС, БРІКС. «Акрамя гэтага, краіны Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі гатовы да супрацоўніцтва. Для нас галоўнае — правільна выбудаваць узаемаадносіны і запрашаць іх да нас. Развіццё павінна адбывацца толькі ў сумесным узаемадзеянні», — сказаў ён.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і пагрозы, экспарт турыстычных паслуг у Беларусі у студзені-ліпені 2022 года вырас на 30 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года і склаў $85 млн. Аб гэтым расказаў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык. Колькасць прыбыццяў у краіну за сем месяцаў вырасла ў два разы ў параўнанні са студзенем — ліпенем мінулага года. Толькі за мінулы год пабудавана і мадэрнізавана больш за 20 буйных абектаў турызму — гасцінічныя і забаўляльныя комплексы, абекты грамадскага харчавання. Нягледзячы на некаторыя лагістычныя абмежаванні, людзі сталі больш падарожнічаць. Алег Андрэйчык падкрэсліў, што на вопыце Беларусі відаць, што попыт на турпаслугі ёсць. Таму, у Беларусі сёння ёсць добрая магчымасць перафарматаваць турызм. 

«Мы бачым, як актыўна развіваецца ўнутраны напрамак, уязны турызм, асабліва з рэгіёнамі Расіі і краінамі СНД. Таму і праводзім пасяджэнне турызму краін СНД, каб абмеркаваць сумесную стратэгію па прасоўванні турыстычных магчымасцяў нашых краін — ад арганізацыі трансгранічных турмаршрутаў да праектаў па падрыхтоўцы кадраў, па ўвядзенні сусветных стандартаў у развіццё турызму на тэрыторыі нашых краін. Важна сёння разам прасоўваць агульны турпрадукт краін СНД з яго нацыянальным каларытам. Тым больш што ўсе негатыўныя з’явы, звязаныя з пандэміяй, адыходзяць», — адзначыў Алег Андрэйчык. 

Навукова-практычная канферэнцыя — адно з мерапрыемстваў, якія праводзіць Савет па турызме дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў пад старшынствам Рэспублікі Беларусь. У кожнай краіне СНД вялікі патэнцыял для развіцця ўнутранага турызму і абмену турпатокамі ў рамках Садружнасці, адзначыў намеснік старшыні Выканаўчага Камітэта СНД Бекетжан Жумаханаў. Таму адной з тэм пасяджэння стала абмеркаванне сумеснага турпраекта «Каштоўныя каралі Садружнасці». Кожная краіна СНД павінна падрыхтаваць свае прапановы — не больш за 10 вядомых тураб’ектаў, якія найбольш часта наведваюць турысты, якія найбольш поўна раскрываюць каларыт краіны. Гэтыя аб’екты будуць аб’яднаны ў адзін вялікі праект. Беларусь прапануе Нясвіжскі і Мірскі замкі, Белавежскую пушчу. «Галоўнае цяпер — яшчэ раз абмеркаваць і прыняць на Савеце спісы ад кожнай краіны, каб у далейшым скласці агульны маршрут, прапрацаваць лагістыку, забяспечыць перамяшчэнне па ім, выкарыстоўваючы ўсе транспартныя магчымасці, балазе, перамяшчэнне. бязвізавае ў СНД. Гэты праект пасадзейнічае не толькі росту ўнутранага турызму, на развіццё якога робяць стаўку ў кожнай краіне, але і абмену турпатокамі паміж краінамі», — адзначыў Бекетжан Жумаханаў.

Патэнцыял краін Садружнаці Незалежных дзяржаў будзе прадстаўлены і на адпаведнай турыстычнай ярмарцы, якая праходзіць у Мінску 28 верасня. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.