Вы тут

Чароўны «КапялюШ» Андрэя Рэцікава


Ёсць людзі, якія здольны сумяшчаць адразу некалькі заняткаў. Такім з’яўляецца і Андрэй Міхайлавіч Рэцікаў — кіраўнік народнага тэатра лялек «КапялюШ», які працуе пры Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры горада Наваполацка. У майстра выдатна атрымліваецца быць кіраўніком, рэжысёрам і акцёрам лялечнага тэатра, выконваць работу мастака-афарміцеля, а таксама браць удзел у розных тэатральных фестывалях і выстаўках. Таксама Андрэй Міхайлавіч узнавіў старажытны від батлейкі «Віцебскі Жлоб», які ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, і паспяхова развівае дадзены від традыцыйнага мастацтва. Апынуўшыся каля Цэнтра рамёстваў, адразу звяртаеш увагу на прыгожы выраб з дрэва. Так і хочацца хутчэй зазірнуць унутр і даведацца, як нараджаецца казка.


Андрэй Рэцікаў і Марына Неміровіч.

— Андрэй Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, пра ваша дзяцінства. 

— Я з маленства любіў ляпіць з пластыліну розныя фігуркі, узнаўляў батальныя сцэны. Уся мая кватэра была завалена гэтымі вырабамі. Памятаю, часта даставалася ад маці, бо фігуркі абавязкова падалі і прылепліваліся на палас. Я пастаянна чысціў падлогу ад пластыліну. Але ж гульня гэтая была самая любімая: адчуваў сябе сапраўдным рэжысёрам і прыдумваў розныя сюжэты. 

Па адукацыі я філолаг. У студэнцкія гады вельмі любіў выступаць у тэатры. Наогул, сярод маіх родзічаў многа людзей творчых і цікавых: рэзчыкі па дрэве, дэкаратары, мастакі. Мой дзядуля Вікенцій — удзельнік Першай сусветнай вайны, чырванадрэўшчык — рабіў мэблю, лодкі з дрэва, хоць сам быў без ног. Я атрымаў дар менавіта ад яго, таму што таксама займаюся дрэваапрацоўкай, але ж нідзе спецыяльна гэтаму не навучаўся. Яшчэ мой дзядуля быў знаёмы з Язэпам Драздовічам. А вось у майго таты сястра спявала ў самадзейным ансамблі. Часта на сямейных пасядзелках мы ўключалі радыёпраграму «Запрашаем на вячоркі» і доўга слухалі мілыя сэрцу песні. 

— Як вырашылі стаць лялечнікам, з чаго ўсё пачалося? 

— На жаль, калі быў малы, тэатры да нас зусім не прыязджалі. Ды заўсёды былі ідэі, фантазіі зрабіць свой з мноствам лялек і прыгожым адзеннем. Прайшоў час, і вось аднойчы, завітаўшы ў госці да свайго сябра дызайнера, я ўбачыў на яго рабочым стале пашытую ляльку на руку. Узяў яе і міжвольна пачаў агучваць. Сябар заўважыў гэта і сказаў: «Калі пасля гэтага ты не паставіш лялечны спектакль і не пакажаш яго дзецям, будзе несправядліва». 

— Калі адбылася прэм’ера першага спектакля? 

— Свой першы спектакль паставіў у 1996 годзе на плошчы Наваполацка з нагоды святкавання Дня горада. Менавіта перад Наваполацкім цэнтрам рамёстваў і традыцыйнай культуры. Прэм’ера адбылася больш чым 20 гадоў таму, якраз перад Калядамі. Мы пашылі некалькі лялек, на шырме намалявалі дэкарацыі і паставілі спектакль па п’есе Францішка Аляхновіча «У лясным гушчары». У маіх руках ажылі такія персанажы, як каларытная баба Каргота, Дзед Лясун... Яны і цяпер захоўваюцца ў маёй майстэрні. 

— Чым прывабіла батлейка? 

— Батлейка — адна з форм лялечнага тэатра, з’явілася ў Беларусі ў ХVI— ХVII стст. і была звязана з рэлігійным святам Нараджэння Хрыста. Аб гэтым сведчыць сама назва тэатра — батлейка (ад Віфлеем ці Батлеем — горад, дзе, паводле біблейскай легенды, нарадзіўся Хрыстос). Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі: па гарадах, мястэчках і вёсках. Паказы ладзіліся ў хатах, карчмах, на вуліцах і суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Традыцыя інсцэніраваць біблейскія сюжэты з дапамогай лялек зарадзілася ў Італіі, потым распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе і ўвабрала ў сябе нацыянальныя асаблівасці кожнага народа. На Полаччыне яна была вельмі распаўсюджана, тэатр лялек існаваў нават пры Езуіцкім калегіуме. Я збіраю матэрыялы пра батлейку, захапляюся ёй, удзельнічаю ў семінарах. 

Першая панарама. Аплікацыя.

— Як жа з’явіўся «КапялюШ»? 

— Менавіта «КапелюШом» тэатр стаў у 2003 годзе, калі закрылі нашы «калёсныя» гастролі. Акцёры, якія працавалі са мной, звольніліся. Мне і самому хацелася здацца, закрыць тэатр. На адным мерапрыемстве я ўбачыў на сцэне плакат са словамі: «Не закопвайце свае таленты». Гэта быў той самы знак, які надаў мне сіл. Вось тады я і зрабіў пастаноўку «Авантуры паноў Кубліцкага і Заблоцкага» па матывах камедыі Пятра Васючэнкі. У 2003 годзе тэатр пачаў новае жыццё з назвай «КапялюШ». Было некалькі варыянтаў назвы. «Капялюш» — гэта прыгожа, казачна, па-беларуску. Можна сказаць: «Справа ў КапелюШы». 

— Што прапануе гледачам ваш тэатр? 

— Трупа заўсёды рыхтуе тэкст будучай пастаноўкі, каб сучаснаму гледачу было цікава. Дадаём жарты, дзе гэта патрэбна. А вось сюжэт застаецца. У кожным спектаклі задзейнічана ад 10 да 20 герояў. Іншай асаблівасцю тэатра «КапялюШ» з’яўляецца тое, што ў бытавых сцэнах удзельнічаюць шпеневыя марыянеткі. Я сам вырабляю неабходныя дэталі для прадстаўлення і агучваю марыянетак. Бывае, адзін. Аднойчы агучваў адразу 22 персанажы, выходжу на паклон, а гледачы са здзіўленнем пытаюцца: «А астатнія дзе?». 

— Вашым голасам размаўляюць паны ў прыгожым адзенні, цыганка, якая абяцае прадказаць лёс, мітуслівая дама — наведвальніца салонаў прыгажосці... Хто ж яны — героі з чароўнага доміка? 

— Раскажу на прыкладзе герояў спектакля «Свет у базарны дзень»: цыган з цыганкай, станоўчы паліцэйскі, селянін Яська, гараджане, Бэрка, Сара і іншыя. Гісторыя, у якой задзейнічаны гэтыя героі, здарылася ў пачатку ХХ ст. на Полацкім базары. Многіх герояў прыдумаў сам. Напрыклад, аднойчы на працу да нас завіталі так званыя карабейнікі, прадаўцы чаю, шакаладу, пячэння. Вось і нарадзіўся ў мяне тады вобраз Гандляркі — жанчыны ў прыгожым сарафане з абаранкамі: «Пернік тульскі, кансервы архангельскія, ёсць печань траскі. Купляй! Налятай!» 

Разьба па дрэве.

— Распавядзіце, калі ласка, пра ваш батлеечны гурток? 

— На базе цэнтра дзейнічае гурток «Знаёмства з Батлейкай». Якраз на летніх канікулах запрашалі дзетак на майстар-клас «Шпеневая лялька». Спачатку я расказваў пра гісторыю лялькі, затым па падрыхтаваных загатоўках мы прыдумвалі персанажаў, размалёўвалі твары, апраналі. Я падказваў, якая тканіна лепш падыдзе для пэўнага касцюма. Кожны ўдзельнік зрабіў сваю, непаўторную ляльку. З навучэнцамі заўсёды звяртаем увагу на моду пэўнага гістарычнага перыяду, аналізуем фатаграфіі, падрабязна вывучаем дэталі касцюма: галаўныя ўборы, кашулі, абутак. 

— На вашу думку, ці патрэбен лялечны тэатр сучасным дзецям, калі ёсць інтэрнэт? 

— Канешне, у сучасных дзяцей іншыя інтарэсы, яны істотна адрозніваюцца ад тых, што былі 20 гадоў назад. Але ўсё ж такі думаю, лялечны тэатр іграе асабліваю ролю ў выхаванні. Гэта свет, дзе пануе загадкавая і казачная атмасфера. Апынуўшыся там, дзеці вераць у падзеі і перажываюць за герояў. У тэатры дзеці вучацца бачыць цудоўнае, атрымліваюць пазітыўны настрой. Прагляд спектакля садзейнічае іх інтэлектуальнаму развіццю: яны вучацца асэнсоўваць падзеі, якія адбываюцца на сцэне і ў рэальным жыцці. 

— Што ж такое «Віцебскі Жлоб»? 

— «Віцебскі Жлоб» — тэатр ценяў, які быў папулярны ў Віцебскай губерні паўтара стагоддзя таму. Рэпертуар вызначаўся выключнай рэлігійнасцю. На прадстаўленні батлейшчык запальвае свечку, і вобразы лялек па чарзе з’яўляюцца на напаўпразрыстай сценцы — экране. Апошнюю такую батлейку захоўвалі ў Краязнаўчым музеі Віцебска, але яна згарэла ў час Вялікай Айчын¬най вайны. 

Першую рэканструкцыю я зрабіў на аснове даследаванняў беларускага этнографа Еўдакіма Раманава, які ў 1889 годзе знайшоў экзэмпляр «жлоба» ў Суражы, апісаў яго і ў 1897 годзе апублікаваў свае назіранні ў кнізе «Беларусы». Праца па рэканструкцыі была доўгая, але ўсё атрымалася. І ўжо ў студзені 2016 года ў тэлеперадачы «Вячэрні Віцебск» прайшла прэзентацыя. Затым мы перадалі яго ў Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, дзе тэатр захоўваецца і сёння. Другі варыянт я зрабіў у 2017-м спецыяльна для Міжнароднага батлеечнага фестывалю «Нябёсы». Потым ён пабываў на «Чароўным куфэрку» ў Любані і прадставіў Наваполацк на «Славянскім базары — 2022» у Віцебску. Пазней быў створаны і трэці варыянт ценявога тэатра пры дапамозе энцыклапедычнага зборніка Інбелкульта за 1928 год. У ім ёсць артыкул этнографа Уладзіміра Краснянскага, дзе дакладна распісаны памеры і матэрыялы загінулага падчас вайны экспаната з Ільінскай царквы. Гэта самая дасканалая яго копія на сёння. 

Ценявы тэатр «Віцебскі жлоб».

— Якое самае адметнае выступленне за апошнія гады? 

— Нечаканым для мяне стаў тэлефонны званок з пасольства Вялікабрытаніі з запрашэннем выступіць на Вялікім брытанскім фестывалі ў Мінску каля Ратушы, я павінен быў прадстаўляць Беларусь. Памятаю, было вельмі добрае надвор’е, шмат людзей прыйшло на свята. На вялікай тэатральнай пляцоўцы выступаў вулічны лялечнік Роберт Маілс з Лондана. Ён паказваў традыцыйны англійскі тэатр панч. Выглядала гэта наступным чынам: шырма з акенцам, а ў ім — пальчаткавыя лялькі. Прадстаўленне было на англійскай мове. І разам з ім выступаў я са сваімі марыянеткамі, паказваў інтэрмедыі. Уражанні незабыўныя. 

— Падзяліцеся планамі на будучыню. 

— Рыхтуюцца два новыя спектаклі ў новым фармаце. Гэта ўжо будзе не батлейка, а звычайны тэатр лялек з новымі персанажамі і дэкарацыямі. Перамены чакаюць і батлейку. Ёсць жаданне зрабіць свайго роду залу славы «КапелюШа», лялькі якога вось ужо амаль два дзесяцігоддзі дораць сапраўдную радасць гледачам. 

Марына НЕМІРОВІЧ

Фотаздымкі дасланы аўтарам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.