Вы тут

Андрэйчанка абмеркаваў з паслом Палесціны перспектывы супрацоўніцтва


На пачатку сустрэчы Старшыня Палаты прадстаўнікоў пажадаў народу Палесціны, які перанёс вельмі шмат выпрабаванняў, доўгачаканага міру і росквіту. У Беларусі з вялікай сімпатыяй ставяцца да гэтай краіны. Уладзімір Андрэйчанка перакананы, што і ў Палесціне ведаюць аб Беларусі як аб міралюбівай і дружалюбнай дзяржаве. Аснова для гэтага ёсць — вялікія гістарычныя сувязі. 


— У Беларусі і Палесціны ёсць некалькі напрамкаў для супрацоўніцтва, — звярнуў увагу старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Гэта і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, і развіццё нашых адносін у сферы адукацыі, аховы здароўя. Калі гаварыць аб гандлёва-эканамічных адносінах, то 6 мільёнаў долараў, якія ў нас ёсць, — невялікая лічба, але трэба рухацца далей. 

Уладзімір Андрэйчанка перакананы, што павінны больш актыўна працаваць і дзелавыя колы. «Мы разлічваем, што з вашага боку будзе ў гэтым плане аказана дапамога: каб сустракаліся гандлёва-прамысловыя палаты, каб больш было візітаў дзелавых колаў у Рэспубліку Беларусь, каб вы маглі вывучыць нашы магчымасці і, думаю, што ў недалёкай перспектыве мы маглі б стварыць больш важкі інструмент нашага ўзаемадзеяння, — заўважыў спікер ніжняй палаты парламента. — Я маю на ўвазе сумесную міжурадавую камісію, якая б разглядала і вырашала пытанні гандлёва-эканамічнага, гуманітарнага супрацоўніцтва, у галіне аховы здароўя. Прынамсі патрэба ў гэтым ёсць».

Зацікаўлены абодва бакі і ва ўзаемадзеянні ў сферы адукацыі. У Беларусі, у асноўным у медыцынскіх навучальных установах, навучаюцца студэнты з Палесціны. Уладзімір Андрэйчанка заўважыў, што ёсць цікавасць устанаўліваць кантакты і з навучальнымі ўстановамі Палесціны. 

Важны напрамак у развіцці двухбаковых адносін — ахова здароўя. Старшыня Палаты прадстаўнікоў расказаў пра магчымасці навукова-практычных цэнтраў нашай краіны, дзе працуюць высокакласныя спецыялісты і дзе ёсць добрае абсталяванне. Беларусь зацікаўлена не толькі прымаць на лячэнне больш замежных грамадзян, а і абменьвацца вопытам у медыцынскай сферы. Актуальна гэта і для Палесціны, бо асноўную частку тавараабароту паміж краінамі складаюць пастаўкі лекавых сродкаў з Палесціны ў Беларусь.

Узаемную падтрымку краіны аказваюць адна адной і на міжнароднай арэне. «Зусім нядаўна створана Парламенцкая сетка рухаў недалучэння, — звярнуў увагу Уладзімір Андрэйчанка. — Наколькі ведаю, адзін са старшыняў у гэтым руху недалучэння — прадстаўнік Палесціны. Таму нам трэба больш актыўна супрацоўнічаць у гэтай парламенцкай сетцы і вырашаць усе пытанні».

Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь Ахмед Махамед Алмадбух, адносіны паміж Палесцінай і Беларуссю знаходзяцца на добрым узроўні. «Есць магчымасць развівацца па многіх аспектах: і ў культуры, і ў гандлі, на што мы робім вялікі акцэнт, — паведаміў ён. — Няма ў нас рознагалосся і ў палітычным плане. Мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго на міжнароднай арэне».

Пасол расказаў, што ў Палесціне назіраецца тэндэнцыя абмену таварамі з сяброўскіх краін. Па яго словах, у Беларусі ёсць вялікі патэнцыял для гэтага. Акцэнт робіцца на малочную і мясную прадукцыю, сельскагаспадарчую тэхніку. Са свайго боку яны прапаноўваюць аліўкавы алей, лекі. 

Ахмед Махамед Алмадбух на пасадзе нейкія сто дзён, але і за гэты час паспеў ацаніць усю прыгажосць нашай краіны. Да сталіцы ў яго асаблівыя адносіны. «Мінск — прыгожы горад, чысты — гэта адразу заўважна, — падзяліўся пасол. — Вуліцы шырокія, дагледжаныя. Народ добразычлівы. Прыкмет расізму не заўважыў нідзе. Сам часам хаджу ў джынсах, каб не было зразумела, што я пры пасадзе. Няма такіх пытанняў, якія можна заўважыць нават у еўрапейскіх краінах. Абсалютная талерантнасць. Будучыня ў Беларусі — вялікая і вельмі добрая».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.