Вы тут

«Абяцанага жылля чакаю больш як 20 год». Зварот у рэдакцыю


Апошнім часам у рэдакцыю прыходзіць шмат пісьмаў з праблемнымі пытаннямі ад нашых чытачоў. У прыватнасці, Ганне Мікалаеўне Ждановіч з Капыля 69 гадоў. Больш як 20 з іх яна жыве ў інтэрнаце. Кажа, што ўвесь гэты час чакае паляпшэння жыллёвых умоў. «Шмат гадоў я звяртаюся ў розныя інстанцыі ў пошуках праўды і справядлівасці. Але... адны займаюцца адпіскай, другія перанакіроўваюць мае звароты, нехта пагражае, губляе дакументы, а хтосьці прапаноўвае будаваць кааператыўную кватэру ў 67 год...»


У далёкім 1983 годзе Ганне Ждановіч разам з мужам і сынам дзяржава дала двухпакаёвую кватэру па вуліцы 50 год БССР. У 1990 годзе сям'я распалася. Рашэннем суда кватэра была падзелена. Адзін пакой быў выдзелены ў карыстанне Ганне Мікалаеўне з дачкой, другі — былому мужу з сынам. «Але пасля раздзелу былы муж не пускаў мяне ў кватэру. Я двойчы звярталася ў суд аб прымусовым ўсяленні мяне ў выдзелены мне ў карыстанне пакой. Мае іскі суд задаволіў. Але, што толку, я ўсё адно так і не змагла пражываць у адной кватэры з былым мужам і яго новай жонкай...»

Ганна Мікалаеўна кажа, што неаднаразова звярталася ў райвыканкам, прасіла знайсці магчымасць размяняць тую двухпакаёўку на дзве аднапакаёвыя кватэры. «Але ніхто мне не дапамог.

Больш за тое, замест таго, каб паспрыяць размену, мясцовыя ўлады дазволілі былому мужу прыватызаваць пакой у спрэчнай кватэры. Страціўшы веру ў дапамогу мясцовых улад, куды я толькі не звярталася. У выніку пасля майго звароту для разгляду пытання размену кватэры прыязджала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пасля яе прыезду ў камунальным жыллёвым фондзе Капыля знайшліся дзве аднапакаёвыя кватэры па вуліцы 50 год БССР. Але ўрэшце ключы аддалі іншаму чалавеку».

Ганна Мікалаеўна просіць напісаць, што вельмі ўдзячная былому начальніку МПМК-194, які па хадайніцтве ўпраўлення юстыцыі Мінаблвыканкама ў такі складаны для яе час выдзеліў ёй пакой у інтэрнаце. Тым не менш, усе гады, што яна жыве там, жанчына марыць пра асобнае жыллё.

«Мінаблвыканкам даў мне адказ, што я стаю на ўліку тых, хто мае патрэбу па паляпшэнні жыллёвых умоў, на агульнай чарзе з 26 красавіка 1995 года пад № 486. Хоць усе неабходныя дакументы на пастаноўку я здала ў 1991 годзе. Людзі, якія былі ў чарзе за мной, даўно паатрымлівалі кватэры. Мне ж, як у насмешку, прапанавалі ўступіць у кааператыў толькі ў 67 год.

У выніку, як бачыце, я засталася без кватэры і жыву ў інтэрнаце, з якога яшчэ зусім нядаўна мяне пагражалі выселіць. Не ведаю толькі за што. Бо камунальныя плацяжы аплачваю ў поўным аб'ёме. Толькі гляньце, як яны мяне выжывалі (паказвае плацёжку). Выставілі мне рахунак за студзень — 170 рублёў. Я шмат гадоў прасіла, каб мяне прапісалі ў інтэрнат. Але ўсіх прапісваюць, а мяне не. Пажалілася знаёмай, дык яна кажа: «Мікалаеўна, хай бы ты пайшла да Качанавай на прыём». І дала мне нумар тэлефона Савета Рэспублікі. Я пазваніла, запісалася. Ну, думаю, ёсць жа праўда на свеце, і паехала ў Мінск. Расказала, што мяне не прапісваюць, што я столькі год чакаю жылля. Мяне ўважліва выслухалі і паабяцалі разабрацца ў сітуацыі. Некалькі месяцаў таму мяне ўсё ж такі прапісалі. Я так рада, што хоць з мяне перасталі выдзіраць гэтыя грошы. Цяпер зусім капейкі за пакой плачу, каля 40 рублёў.

...Як ні прыйду ў «Адно акно» спытацца, ці ёсць арэнднае жыллё, там гыркаюць. Маўляў, не можаце самі паглядзець. А я не магу, бо ў мяне няма камп'ютара, інтэрнэту. Потым усё ж жанчына паглядзела і сказала, што няма свабодных кватэр. Дык заўсёды не будзе. Я ўжо і хадзіць туды не хачу. Гэта бессэнсоўна. Яны каму хочуць, таму даюць жыллё. Боль і крыўда на такую несправядлівасць прымусіла мяне звярнуцца ў газету. На старасці год хочацца пажыць па-людску, атрымаць нарэшце законнае жыллё, дзе я магла б пражываць без пагроз і якіх-небудзь перашкод. І ўнучка б да мяне прыязджала, у яе інваліднасць першай групы. А так сюды, у інтэрнат, яна не хоча ехаць, баіцца, бо раней са мной па-суседстве сям'я п'яніц жыла, яны выпівалі, буянілі, дык Маша, маленькая яшчэ тады была, спужалася моцна...»

«З такой датай пастаноўкі на чаргу яна любую кватэру магла атрымаць»

Па каментар я звярнулася ў Капыльскі райвыканкам. Паводле слоў начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Марыны Канончык, Ганна Ждановіч стаіць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у Капыльскім райвыканкаме па агульным спісе з 6 верасня 1996 года. Сёння яна сёмая па чарзе.

«На працягу шэрагу год Ганне Ждановіч прапаноўваецца палепшыць жыллёвыя ўмовы з дапамогай дзяржаўнай падтрымкі шляхам будаўніцтва кватэры ў Капылі (Марына Канончык паказвае мне заведзеную на Ганну Ждановіч уліковую справу). Але ад усіх прапанаваных варыянтаў яна адмовілася. Толькі з 2006 года (я магу гаварыць толькі за той час, калі я тут працую) больш як 10 разоў прапаноўвалі ёй будаваць кааператыўную кватэру. Усім грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку і Ждановіч Ганне Мікалаеўне, высылалі заказныя пісьмы з прапановай будавацца з прыпіскай «адсутнасць з вашага боку адказу будзе лічыцца адмовай ад будаўніцтва». Вось, гляньце, паўсюль стаіць яе роспіс, які сведчыць аб тым, што чалавек атрымаў паведамленне і азнаёміўся. Але яна не звярнулася ў райвыканкам. На той час яна была ў першай 20-цы, таму пры жаданні магла атрымаць любую кватэру, уступіць у любы кааператыў. Дасылалі ёй падобныя заказныя пісьмы ў 2006, 2007, 2008, 2009, 2010, 2014-м гадах, тады ў нас адзін за адным ствараліся кааператывы. І толькі ў 2016-м, калі будаваліся два 16-кватэрныя жылыя дамы па дзяржаўным заказе, яна адрэагавала на наша апавяшчэнне. Упершыню прыйшла ў райвыканкам і напісала заяву, што згодна набыць аднапакаёвую кватэру. Тады мы накіроўвалі яе для заключэння дагавора куплі-продажу кватэры № 10 у жылым доме па вуліцы Багдановіча, 5А ў Капылі. І яна заключыла гэты дагавор. Потым трэба было заплаціць розніцу паміж ільготна крэдэтаванай плошчай і поўным коштам кватэры. Так як яна не змагла заплаціць першапачатковы ўзнос, крэдытны дагавор з банкам яна не заключыла.

У 2017, 2018, 2019-м гадах мы ёй ізноў дасылалі заказныя пісьмы з прапановай будавацца, але яна іх праігнаравала. Цяпер будуецца дом ў Капылі па вуліцы Партызанскай, 46. Па сёння ў нас там неўкамплектаваныя кватэры. Калі ласка, няхай прыходзіць і піша заяву. Яна сёмая ў чарзе, таму можа прэтэндаваць на любую кватэру.

— У 69 гадоў пабудаваць кватэру, мяркую, не так проста...

— Пагаджуся, да 2010 года было зрабіць значна прасцей. Хаця б таму, што ў той час ільготны крэдыт выдаваўся на ўвесь кошт кватэры на 40 год пад 3 %. Але яна чамусьці ўпусціла гэту магчымасць. Зараз, вядома, больш складана. Сёння нават не кожная маладая сям'я можа пабудаваць кватэру, бо гэта дорага.

Але ёсць альтэрнатыва — арэнднае жыллё. У нашым раёне фонд арэнднага жылля фарміруецца з 2012 года. Ганне Мікалаеўне неаднаразова тлумачылі парадак яго выдзялення. Аднак за дзесяць гадоў яна ні разу не звярнулася з пісьмовай заявай у службу «Адно акно», каб ёй далі канкрэтную свабодную кватэру. Усю інфармацыю аб наяўным арэндным жыллі размяшчаем на афіцыйным сайце Капыльскага райвыканкама, там жа прапісваем тэрміны падачы заявы. І вось у гэтыя тэрміны яна ніколі не звяртаецца. Чамусьці так адбываецца, што яна прыходзіць на прыём ці пачынае кудысьці пісаць толькі пасля таго, як мы размяркуем кватэры, маўляў, «вось я хацела арэндную кватэру, а мне не далі». З такой датай пастаноўкі на чаргу, як у Ганны Ждановіч, яна ўжо даўно любую кватэру магла атрымаць. Я не магу патлумачыць, чаму яна дагэтуль не скарысталася сваім правам. Пры гэтым яна не адмаўляе, што шмат людзей з інтэрната атрымалі такое жыллё і з'ехалі. Відаць, як яна піша ва ўсіх зваротах, жанчына чакае, што ёй дадуць нейкую, калісьці некім абяцаную бясплатную кватэру. Але з 2006 года, калі я прыйшла працаваць сюды, нікому бясплатных кватэр не выдзяляюць. Умовы атрымання жылля прапісаныя ў заканадаўстве, і яны для ўсіх аднолькавыя.

Вось літаральна днямі ў Капылі зноў вызвалілася аднапакаёвая кватэра з ліку другаснага жылля па вуліцы Партызанскай, 27-32 агульнай плошчай 17,8 кв.м. Там не ідэальныя ўмовы (жыллё калідорнага тыпу, туалет на пляцоўцы), тым не менш, людзі жывуць. Будзем размяшчаць на днях, паглядзім звернецца ці не. (На момант здачы гэтага матэрыялу інфармацыя вісела на сайце, з пазнакай, што заявы прымаюцца службай «Адно акно» з 13 па 28 снежня 2022 года ўключна). Калі наймальнік па нейкіх прычынах вызваляе арэнднае жыллё, мы адразу ж вывешваем гэтую інфармацыю на сайт. Толькі за апошнія два гады было некалькі неблагіх арэндных кватэр. У прыватнасці, па вуліцы Цеплавой (пяць прэтэндэнтаў на яе было), па вуліцы 50 год БССР (два чалавекі прэтэндавалі), на Партызанскай (тры прэтэндэнты). Калі размяркоўвалі арэнднае жыллё ў новым доме, Ганна Ждановіч таксама не звярнулася, хоць з васьмі кватэр можна было ўзяць любую. На вуліцы Замкавай была добрая кватэра, жанчына з таго ж інтэрната, дзе жыве Ганна Ждановіч, напісала заяву і пераехала туды. Варыянты перыядычна з'яўляюцца. Той, хто сапраўды хоча атрымаць арэнднае жыллё, адсочвае гэта пытанне на сайце райвыканкама. З другасных арэндных кватэр, якія вызваляюцца, ёсць такія, якія патрабуюць рамонту. (І зараз на сайце райвыканкама 6 прапаноў.) Мы шмат такіх здалі людзям, якія самі згаджаліся зрабіць рамонт. Тым больш цяпер, з выхадам новага ўказа № 112, калі здаецца арэнднае жыллё, якое патрабуе рамонту, складаецца каштарыс, які зацвярджаецца ЖКГ. І калі чалавек на працягу 6 месяцаў за свае грошы робіць рамонт, то на гэту суму ён у далейшым вызваляецца ад платы на арэнднае жыллё. Вось нядаўна мы на такіх умовах здалі дзве кватэры ў аграгарадках Быстрыца і Цімкавічы. Адну з іх, дарэчы, забрала грамадзянка з інтэрната, дзе пражывае Ганна Ждановіч. Яна таксама выйшла на пенсію. Кажа: «А што мяне тут чакае, у гэтым Капылі». А там неблагі дом з газавым ацяпленнем, трэба крыху падфарбаваць-падклеіць. Узялася і робіць рамонт.

У першую чаргу арэнднае жыллё даецца грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу, па даце пастаноўкі на ўлік. Таму Ганна Мікалаеўна, калі напіша заяву, будзе мець першачарговае права.

Нядаўна я з прадстаўнікамі Мінаблвыканкама зноў выязджала да Ганны Ждановіч, каторы раз тлумачылі ёй ўмовы будаўніцтва кватэры і выдзялення арэнднага жылля. Мы са свайго боку прапанавалі Ганне Мікалаеўне (і гэта пацверджана дакументальна) усе магчымыя, згодна з заканадаўствам, варыянты паляпшэння жыллёвых умоў, але яны яе не задавальняюць.

— Патлумачце, чаму ў свой час не ўдалося задаволіць просьбу Ганны Ждановіч і размяняць двухпакаёвую кватэру, падзеленую судом?

— Сапраўды, быў час, калі Ганна Ждановіч прасіла паспрыяць размену. У 2007 годзе ў сувязі са смерцю наймальнікаў у камунальным жыллёвым фондзе Капыля па вуліцы 50 год БССР вызваліліся дзве аднапакаёвыя кватэры. Аб гэтым мы паведамілі Ганне Мікалаеўне і яе былому мужу пісьмова. Пры іх узаемнай згодзе райвыканкам гатовы быў размяняць тую двухпакаёвую кватэру. Аднак Іван Ждановіч ад прапанаванага варыянту абмену ў пісьмовым выглядзе адмовіўся. Мы апавясцілі аб гэтым Ганну Мікалаеўну, патлумачыўшы, што яна мае права звярнуцца ў суд з патрабаваннем прымусовага абмену жылога памяшкання. У сувязі з гэтым мы доўгі час не размяркоўвалі тыя кватэры. Аднак жанчына не звярнулася ў суд. Выселіць з кватэры яе былога мужа ці абавязаць яго ўзамен высялення зрабіць абмен займанага жылога памяшкання КУП «Капыльскае ЖКГ» не магло, бо Іван Ждановіч запазычанасці па жыллёва-камунальных плацяжах не меў, доказаў сістэматычнага парушэння правілаў карыстання жылым памяшканнем, робячых немагчымым пражыванне з ім у адной кватэры, у нас не было.

— А як вы можаце пракаменціраваць сітуацыю з прапіскай?

— Калі я ўпершыню пачула, што ў Ганны Ждановіч была нейкая праблема з прапіскай, то адразу ж пазваніла ў пашпартны стол пры ЖКГ. Там сказалі, што ніколі не было ніякіх перашкод для яе рэгістрацыі ў інтэрнаце, дзе яна пражывае. Адзінае, што ёй тлумачылі, што яна не можа быць адначасова зарэгістравана ў двух месцах. Яна ўсе гэтыя гады захоўвала за сабой пакой па вуліцы 50 год БССР, дзе і была прапісана. І толькі нядаўна, калі Ганна Ждановіч прыняла рашэнне пакінуць пакой па вуліцы 50 год БССР, яе зарэгістравалі ў інтэрнаце. І праблем ніякіх не было. Прынамсі, са слоў спецыялістаў.

Пасля таго як Ганна Мікалаеўна зарэгістравалася ў інтэрнаце, яе пакой у кватэры па вуліцы 50 год БССР перайшоў у разрад арэнднага. Мы яго выстаўлялі на сайт райвыканкама як свабодны. Яе былы муж напісаў заяву, і зараз ён са сваёй сям'ёй з'яўляецца наймальнікам гэтага пакою. Мы паступова стараемся адыходзіць ад так званых камуналак у фондзе арэнднага жылля, бо калі ў кватэры жыве адна сям'я, можна разлічваць на нейкі парадак.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.