Вы тут

Валянціна Быстры­мовіч падзялілася ўспамінамі пра тое, што стварыла яе як асобу і як аўтара


Пісьменніца Валянціна Быстры­мовіч зачароўвае шчырасцю, прастатой і глыбінёй з першых хвілін знаёмства. Яна — аўтар зборнікаў апавяданняў «Азарава ўнучка», «Куды нясе вір», «Шкодніцы». Яе героі — актыўныя, адкрытыя жыццю і прыгодам, і ў той жа час смелыя і вынаходлівыя ў вырашэнні няпростых жыццёвых сітуацый. Цяпер Валянціна — супрацоўніца рэдакцыі часопіса «Алеся». У гутарцы з карэспандэнтам «ЛіМа» пісьменніца падзялілася ўспамінамі пра тое, што стварыла яе як асобу і як аўтара.


Валянціна Быстрымовіч. Фота Кастуся Дробава.

Пра тое, з чаго пачыналася дарога

Яшчэ са школьных часоў так павялося, што мы звыклі да актыўнага жыцця: хацелі навучыцца ездзіць на веласіпедах — навучыліся, на матацыклах — навучыліся, на машынах — навучыліся, на конях — навучыліся! Я была найлепшай гоншчыцай і наезніцай — абганяла ўсіх цыганаў у нашым пасёлку (жыла непадалёк Магілёва).

Упершыню, калі села на каня, ездзіла на ім усю ноч, а раніцай злезла — трэба ісці дадому, а не магу! Ногі колам, не выраўноўваюцца! Мы ж каталіся без сядла, нагамі трымаючыся за тулава жывёлы! Хадзіла так суткі і была ў жаху…

Мы займаліся ўсім, чым толькі было можна, паспрабавалі ўсё! Нават скончылі з сяброўкай школу юных камандзіраў пры Доме піянераў! Дзве дзяўчынкі сярод сарака хлопцаў! Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы напісалі пісьмы ў ваеннае вучылішча — марылі стаць капітанамі дальняга плавання! Але нас не прынялі… Прапанавалі месца буфетчыц. Адчувала сябе зняважанай… Сядзела і плакала! Слова «буфетчыца» ніяк не стасавалася з тым, пра што марылі…

Гэтая цяга паспрабаваць нешта новае не пакідае ўсё жыццё. Калі дзеці былі маленькія, прыйшла з імі ў групу на заняткі тхэквандо! Дзяўчаткі стаялі ў канцы залы і таксама спрабавалі нешта рабіць — іх не было з кім пакінуць!

Пра байцоўскую загартаванасць

Калі ў жыцці здараецца нешта небяспечнае, у сілу характару ўва мне ўзнікае спартыўная злосць… Аднойчы ў аэрапорце ў Варшаве ў постперабудовачныя часы раптоўна з абодвух бакоў мяне падхапілі пад рукі два здаравенныя мужыкі ў скуранках, а трэці, таксама ў скуранцы, забег наперад… Пачалі патрабаваць грошы… Вакол імгненна ўтварылася пустата, людзі сталі абмінаць… Я не разгубілася, літаральна пайшла на таго, хто быў перада мной, павалакла тых, хто вісеў на руках, кажу: «Ах ты дрэнь! Зладзей! Працаваць ідзі!..» Яны яшчэ мацней учапіліся, але настолькі моцная злосць стала ўва мне ўздымацца, што адчула неверагодную сілу! І тут у адзін міг яны па­кінулі мяне і бясследна зніклі… Падобных выпадкаў было некалькі. Магчыма, я не адчувала б такую ўпэўненасць, калі б не была падрыхтавана фізічна.

Пра выбар прафесіі

Прафесія сама абрала мяне. Пачынала працаваць нарміроўшчыкам на будоўлі: падлічвала заробак і хто што зрабіў. Потым працавала прарабам, начальнікам участка, будаўнічага ўпраўлення. Стварыла раённае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, затым перайшла ў гарвыканкам намеснікам начальніка аддзела ўпраўлення будаўніцтвам. Працавала два гады ў Міністэрстве працы… Будаўнічы тэхнікум, куды я паступала пасля школы, па тых часах лічыўся вельмі прэстыжным: конкурс быў 14 чалавек на месца. На мой выбар паўплываў дух спаборніцтва… Скончыла тэхнікум з чырвоным дыпломам і па размеркаванні прыехала ў Мінск. Праца мая была чыста мужчынская. Мяне цанілі за адкрытасць…

Пра захапленні

Больш за ўсё люблю вандроўкі. Разам з дачкой, якая жыве ў ЗША, наведалі ЛасВегас. Вырашылі паглядзець Даліну смерці. Ехалі праз пустыню ўдваіх на легкавіку некалькі гадзін. У адзін момант знікла сувязь. Нікога нідзе не было: ні чалавека, ні жывёлы, ні расліны. Ад вышыні закладала вушы, як у самалёце… Стала не па сабе. І раптам выехалі на пляцоўку амаль на вяршыні гары: перад намі адкрылася велізарная даліна, акружаная гарамі. Горы ішлі пластамі: жоўты, аранжавы, фіялетавы. На сонцы яны свяціліся, блішчалі, пераліваліся… І ўсё запоўнена блакітным туманам, у якім, бы іскаркі, светлячкі, мільгалі зоркі. Апанавала ашаламляльная ўпэўненасць, што я ў сябе дома: прыехала ў даліну, дзе збіраюцца душы памерлых, — і мая душа таксама калісьці сюды прыляціць… Толькі дзеля гэтага адчування, лічу, патрэбна было туды ехаць.

Аднойчы ў Чарлстане была на беразе акіяна — усё жыццё марыла яго паба­чыць! Хацелася яго адчуць… Людзей амаль не было. Бераг выглядаў як пер­шароднае плато: цвёрды, як камень, злеплены з дробных гліняных камячкоў. І — велізарны шэры, сівы акіян. Адчула яго магутнасць. З’явілася разуменне, быццам я — мікраскапічная яго часцінка, атам сярод мільёнаў сабе падобных… Што гэтая істота захоча, тое і зробіць, — твая воля тут зусім не мае значэння. Вырашылі з дачкой паскакаць на хвалях. І раптам паварочваюся і… Бачу непадалёк акулу! Хваля развярнула яе — і вось яна ўся перада мною: плаўнікі, ад галавы да хваста, і чорныя вочы!.. Ад стрэсу спыніўся час: акула завісла, хваля і кропелькі вады застылі, увесь свет спыніўся!

Пранесліся думкі: Бог мой, чаму менавіта цяпер? Я яшчэ нічога не паспела пабачыць! Яшчэ не пабывала на плантацыях і не паглядзела кракадзілаў! Я не хачу зараз!!! Павярнулася да дачкі і крычу: «Бяжы!» Спрабую бегчы сама, а вада трымае! І ўсё ж дабеглі да берага. Думаю, выратавала тое, што акула не была галоднай (смяецца. — Заўв. рэд.). Больш у акіян не палезла…

Матэрыял падрыхтавала Таша ШПАКОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Час, які можа спыніцца

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.