Вы тут

118 жыхароў Магілёўшчыны не вярнуліся дадому з Афганскай вайны


Сёння на набярэжнай Дняпра, каля капліцы воінам-інтэрнацыяналістам было шматлюдна. Сабраліся ўдзельнікі былых баёў, прадстаўнікі мясцовай ўлады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, дэпутаты, моладзь. Трыццаць чатыры гады таму завяршылася вайна, якая доўжылася амаль дзесяць гадоў і забрала жыцці больш за 15 тысяч савецкіх грамадзян. Да помніка з маці, якая смуткуе над схіліўшым на яе калені сынам, няспыннай ракой рухалася вялікая чарга людзей, каб пакланіцца і пакласці жалобныя гваздзікі. Каля капліцы адбылася тэатралізаваная кампазіцыя, падчас якой курсанты пранеслі ў руках партрэты загінуўшых на вайне афганцаў.


— Наша краіна аддае даніну павагі сваім сынам, якія ў розныя гады ўдалечыні ад Радзімы з гонарам выконвалі свой воінскі доўг, — адзначыў у сваёй прамове старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. — Прайшло 34 гады, як скончылася адна з самых трагічных войнаў 20 стагоддзя, вайна, у якой няма дня перамогі. Але ёсць подзвігі і трагедыі тысяч людзей. Любая вайна не праходзіць бясследна, афганская прынесла шмат слёз і ў беларускія сем’і. У Магілёве сваіх сыноў не дачакаліся 23 сям’і. На жаль, няма сярод нас і Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава. Воіны-інтэрнацыяналісты з гонарам выканалі свой салдацкі доўг, як нашы бацькі і дзяды — героі Вялікай Айчыннай вайны.

Сёння тыя 20-гадовыя хлопцы — самі ветэраны. Цяпер яны прыклад для моладзі ў справе служэння радзіме. Цвёрдая патрыятычная пазіцыя дапамагае захаваць стабільнасць і пакой у краіне. І сёлетні Год міра і стварэння нагадвае ўсім, што няма больш важных каштоўнасцяў, чым гэтыя. 

Пра гэта казаў удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, член Савета абласной магілёўскай арганізацыі «Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гарбачоў.

— Не ўсім было суджана вярнуцца жывымі, 118 ураджэнцаў Магілёўскай вобласці аддалі свае жыцці ў той страшнай вайне, — паведаміў ён. — Мы помнім пра іх, дапамагаем іх сем’ям. Мы робім ўсё, каб наша краіна квітнела і жыла мірным жыццём. Ветэраны нашага Саюза сустракаюцца са школьнікамі, працоўнымі калектывамі, расказваюць, што адбылося 34 гады таму. І сцяг Перамогі нашых дзедаў мы свята беражом. 

Ад імя маладога пакалення перад прысутнымі выступіў прадстаўнік Магілёўскага інстытута МУС Сямён Ляўко

— Вайна — гэта слова асацыюецца ў кожнага з нас з болем, пакутамі, зламанымі лёсамі і няздзейсненымі марамі, — адзначыў ён. — Сёння, у светлы дзень памяці вываду савецкіх войскаў з Афганістана, мы з ўдзячнасцю ўспамінаем усіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія з гонарам і мужнасцю выканалі свой грамадзянскі доўг. Мы памятаем і смуткуем па тых, хто не вярнуўся і застаўся верным прысягі да канца. 

Памяць загінуўшых воінаў удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання, у іх гонар прагучаў трохразовы ружэйны стрэл. 

Урачыстым строем пад гукі духавога аркестра прайшлі воіны магілёўскага гарнізона, курсанты, супрацоўнікі органаў ўнутраных спраў і МНС. 

Па ўсёй Магілёўскай вобласці сёння адбыліся жалобныя мітынгі. А моладзь запусціла ў сацсетках флэшмоб з віншаваннем воінаў-афганцаў. Ініцыятыва стала часткай акцыі «Няхай памяць гаворыць».

— Гэтая акцыя ў гонар 34-й гадавіны са дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана арганізавана ўпершыню і праходзіць ва ўсіх рэгіёнах Магілёўскай вобласці, — адзначыла начальнік упраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Наталля Дашкова. — У праграму акцыі ўваходзяць урачыстыя мітынгі і ўскладанні кветак да памятных знакаў. Падчас мерапрыемстваў арганізаваныя жывыя калоны з фатаграфіямі воінаў-афганцаў, у памяць аб загінуўшых запальваюцца лампады.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.