Вы тут

Лукашэнка: Рэдка з якой дзяржавай Кітай мае такі ўзровень супрацоўніцтва


Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з дзяржаўным візітам у Кітай. Гэты візіт — працяг шматгадовага курсу на выбудоўванне адносін дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. У верасні 2022 года на двухбаковай сустрэчы на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва лідары Беларусі і Кітая прынялі сумесную дэкларацыю аб вывадзе адносін на новы ўзровень — усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.


Аналіз дасягнутага і максімальная рэалізацыя на практыцы патэнцыялу новага ўзроўню ў адносінах стануць прадметам разгляду кіраўнікоў дзяржаў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін правядуць перагаворы ў вузкім і пашыраным складах. Чакаецца, што па выніках перагавораў будзе падпісаны вялікі пакет дакументаў па развіцці адносін у ключавых сферах. Плануецца, што ў Пекіне Прэзідэнт таксама правядзе шэраг сустрэч з вышэйшымі службовымі асобамі КНР, кіраўніцтвам кітайскіх карпарацый.

А напярэдадні візіту Аляксандр Лукашэнка даў вялікае інтэрв’ю кітайскім СМІ. Журналістаў цікавілі не толькі пытанні беларуска-кітайскіх адносін, але і пазіцыя беларускага лідара па актуальным парадку дня ў рэгіёне і свеце ў цэлым. Фрагменты гэтай размовы мы прапануем вашай увазе

Аб канфлікце ва Украіне

«Цяпер склалася унікальная сітуацыя (я гэта бачу і інтуітыўна адчуваю), калі можна пакласці канец гэтаму канфлікту. Іншай такой можа не быць, — сказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне, якімі яму бачацца перспектывы расійска-ўкраінскага канфлікту. — Трэба карыстацца гэтым момантам , пакуль Расія не разгарнула сваю эканоміку ў поўным аб’ёме і не паставіла яе на ваенныя рэйкі. Унікальны момант».

Мэтай Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, паводле слоў беларускага лідара, з’яўляецца перш за ўсё забеспячэнне бяспекі для сваёй краіны — каб з тэрыторыі Украіны ніколі не было прыкмет агрэсіі ў адносінах да Расіі. «І Расія гатова сёння рабіць крокі да мірнага ўрэгулявання. Яна з першых дзён гэта рабіла», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рана ці позна ўсё роўна любая вайна заканчваецца мірам, і цяперашняя — не выключэнне. Пытанне толькі ў тым, колькі людзей загіне і ў імя чаго. Прэзідэнт звярнуў увагу, што калі ў свеце ўзнікне чарговы канфлікт, то пра Украіну ўсе забудуцца. Калі, крый божа, абвострацца адносіны ЗША і Кітая, дойдзе да адкрытага канфлікту гэтых дзвюх глабальных дзяржаў, то ўвага ўсёй планеты будзе звернута туды. «Украіна павінна і гэта разумець. Таму няма іншага шляху, як заключыць мірны дагавор зараз. Без папярэдніх умоў,» — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба сачыць за інтарэсамі ўласнага народа. Трэба рабіць усё, каб не дапусціць далейшай гібелі ўкраінцаў. Гэта цудоўны, добры народ. Трэба спыніць гэту вайну. Шлях адзін — мір», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аб ролі Кітая ў свеце

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пазітыўна ацэньвае ініцыятыву Кітая і яго лідара аб неабходнасці глабальнага міру і лічыць яе вельмі прагматычнай. «Толькі ў мірных умовах, у мірным развіцці нашай планеты поспех у тым ліку і кітайскага народа. Будзе свет — ніхто Кітаю не перашкодзіць стаць глабальнай дзяржавай. А Кітай ужо стаў такой краінай, без якой не вырашаецца нічога ў свеце. Далейшае развіццё Кітая звязана толькі з мірам. Гэта такі прагматычны падыход», — сказаў ён.

Безумоўна, мір патрэбны і іншым народам, таму ініцыятыва КНР станоўча ацэньваецца многімі. «Ідэя вялікага Кітая і яго лідара аб глабальным міры — гэта вялікі ўклад у мірнае развіццё ўсёй планеты. Гэта выгадна і Еўропе, і Украіне, і Беларусі, і Амерыцы. Толькі мір. Вайна прывядзе да катастрофы», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

«Думаю, што ў бліжэйшую пяцігодку Кітай стане вядучай дзяржавай свету. Кітай сёння ведаеце, хто хоча стрымаць, спыніць. Гэта немагчыма, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Кітай сёння ніхто стрымаць не зможа, і спыніць у тым ліку».

Аб паводзінах заходніх краін

Як было адзначана падчас інтэрв’ю, краіны калектыўнага Захаду, прыкрываючыся ўяўнымі мэтамі аб абароне незалежнасці і суверэнітэту, умешваюцца ва ўнутраныя справы асобных дзяржаў, правакуючы канфлікты і дэстабілізацыю абстаноўкі. Такі негатыўны ўплыў зведала на сабе ў тым ліку і Беларусь.

«Дурная бесперспектыўная палітыка, — так адказаў Аляксандр Лукашэнка на пытанне, як ён ацэньвае такія паводзіны краін Захаду. — Мы тут былі падвергнуты такой агрэсіі праз так званую каляровую рэвалюцыю. Яна ў нас праявілася ў форме мецяжу. Але і Кітай быў схільны да гэтага. Яны спрабавалі вас хістаць у Ганконгу, на поўдні Кітая. Яны ўлезлі нават у інтарэсы вялікага Кітая».

Часцяком для грубага ўмяшання ў справы іншых дзяржаў у якасці нагоды ЗША і краіны Захаду выкарыстоўваюць барацьбу за правы чалавека. У выпадку з Кітаем гаворка ідзе аб уйгурах. «Нагнятанне сітуацыі, што там няма правоў чалавека... Вось амерыканцы прыйдуць і ўсталююць „дэмакратыю“ уйгурам і дапамогуць з правамі чалавека... Лухта гэта ўсё. Толькі Кітай зможа на сваёй тэрыторыі ўсім народам даць права свабодна жыць і існаваць. Толькі Кітай сваёй моцай і палітыкай можа забяспечыць нармальнае існаванне гэтых народаў. Амерыканцы проста праз гэта жадаюць улезці (у дадзеным выпадку — у Кітай) і распаліць грамадзянскую вайну.Ім трэба аслабіць Кітай.Таму яны шукаюць розныя шляхі і кропкі, на якія яны змогуць націскаць і кіраваць асобнымі дзяржавамі .І не толькі дзяржавамі, а цэлымі рэгіёнамі», — даходліва растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак свет змяніўся, і сёння нават у ЗША не атрымаецца весці войны на ўсіх франтах, перакананы беларускі лідар. «Таму трэба дамаўляцца. Усюды трэба дамаўляцца. У Японіі, Карэі, Кітая, Расіі, Індыі, іншых краін ёсць свае інтарэсы. Нават у Афрыцы, якая развіваецца, — у іх свае інтарэсы. Буйныя краіны павінны іх улічваць, а не праводзіць палітыку неакаланіялізму, як гэта. спрабуе рабіць Захад у Афрыцы (я нядаўна быў у Афрыцы і добра знаёмы з гэтымі працэсамі). Свет павінен развівацца толькі ў гэтым ключы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пра «Вялікі камень» і лагістыку

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў вялікую ролю Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» як пляцоўкі для прасоўвання на рынкі многіх краін. «У яго сапраўды вялікая будучыня. Мы вельмі трапятліва ставімся да гэтага вялікага праекта, эканамічнага перш за ўсё, прамысловага», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў парку створаны вельмі спрыяльныя ўмовы: «У прававых адносінах няма такіх умоў для супрацоўніцтва, для работы ў іншых краінах. Няма такога ўзроўню льгот, прэферэнцый, якія створаны тут, у Беларусі. Гэта вельмі выгадна для бізнесу. Мы гатовы. у гэтым плане ўдасканальвацца. Хаця я часам думаю: куды ўжо больш, фактычна беспадатковы рэжым. Бізнес з задавальненнем сюды прыходзіць».

Калісьці старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў праект «Вялікі камень» жамчужынай шаўковага шляху. Тым больш гэта актуальна зараз, калі Кітай праз Расію, выкарыстоўваючы чыгуначныя, аўтамабільныя шляхі, авіяперавозкі, без праблем можа дастаўляць тавары і камплектуючыя, сваю прадукцыю да «Вялікага каменя».

Адной з важных пераваг для Кітая ў рэгіёне з’яўляецца лагістыка для прасоўвання сваіх тавараў, і тут Беларусь можа адыграць для Кітая і адыгрывае галоўную ролю. «Беларусь знаходзіцца прама ў цэнтры Еўропы. Велізарная пляцоўка для таго, каб вялікаму Кітаю разгарнуцца тут. Калі ласка, — сказаў Прэзідэнт. — Я гэта прапанаваў Сі Цзіньпіну, і ён пагадзіўся. Папярэднія кіраўнікі да яго асцярожнічалі, не вельмі актыўна ў гэтым напрамку дзейнічалі. Адметнай рысай Сі Цзіньпіна стала тое, што ён убачыў Беларусь, разгледзеў і вырашыў: так, з Беларуссю трэба супрацоўнічаць, ствараць тут вытворчасці і працаваць па ўсім свеце, гэта зручная пляцоўка».

«Канфлікты калі-небудзь скончацца. Непаразуменне, супярэчнасці сыдуць, а інтарэсы народаў і дзяржаў застануцца. Ваш інтарэс у Беларусі — прыходзьце і працуйце па ўсіх напрамках. Забароненых, закрытых ад КНР тэм у нас няма. І гэта не на шкоду будзе суседзям», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ад спалучэння ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» з палітыкай ЕАЭС выйграюць усе бакі: «Мы можам тут шмат атрымаць не толькі ад лагістыкі і простага гандлю, але і ад высокіх тэхналогій, якія будуць рухацца ў двух напрамках. Гэта не за гарамі. Таму для нас гэта вельмі цікава, мы абмяркоўвалі нядаўна на савеце кіраўнікоў дзяржаў і СНД, і ЕАЭС шляхі паглыблення супрацоўніцтва з кітайцамі. І перш за ўсё на падставе канцэпцыі «Адзін пояс, адзін шлях».

Аб перспектывах супрацоўніцтва

Адказваючы на пытанне аб стане і перспектывах узаемаадносін дзвюх краін, кіраўнік дзяржавы нагадаў аб гісторыі іх станаўлення і згадаў свой першы візіт у Кітай, яшчэ ў бытнасць дэпутатам парламента, якраз пасля распаду Савецкага Саюза. «У Савецкім Саюзе тэхналагічны ўзровень, узровень інавацый, новых ідэй быў каласальны. Беларусь была тым цэнтрам, дзе былі сканцэнтраваныя новыя тэхналогіі. І тады нашы ўсе перагаворы пачыналіся і заканчваліся не толькі гандлем, а перш за ўсё інвестыцыямі і новымі тэхналогіямі. Кітай цікавілі любыя новыя тэхналогіі.Мы дзяліліся з кітайскім народам, дзяржавай тымі тэхналогіямі, якія іх цікавілі.Забягаючы наперад, скажу, што сёння мы ўжо ў кітайцаў вучымся новым тэхналогіям, якія нас цікавяць.Ва ўсіх галінах — ад біятэхналагічнай сферы да абароны .Вы рушылі наперад значна, за гэты час вы сталі сусветнай дзяржавай. Без вас не можа быць вырашана ніводнае пытанне», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт разлічвае, што ў гэтым працэсе не будзе ніякіх перашкод з боку Кітая. «Мы тады нічога не шкадавалі для Кітая. Павінен дапамагчы нам і Кітай. Я намякаю перш за ўсё на новыя нашы напрамкі супрацоўніцтва — „Вялікі камень“. Мы чакаем тут большай колькасці рэзідэнтаў з КНР, высокатэхналагічных рэзідэнтаў, прадпрыемстваў», — адзначыў ён.

Вялікую цікавасць для Беларусі, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, уяўляе далейшае развіццё БНБК. «Гэта сумеснае прадпрыемства. Мы два этапы прайшлі, нам патрэбны трэці — стварэнне на гэтай базе вытворчасці вітамінаў. Я думаю, што Сі Цзіньпін нам дапаможа ў гэтым плане. Чаму я кажу, што Сі Цзіньпін, таму што толькі дзякуючы яго рашэнню стала магчымай рэалізацыя гэтай праграмы. Чатыры-пяць дзяржаў у свеце маюць такія вытворчасці. І Кітай дапамог нам стварыць такую біятэхналагічную карпарацыю. Гэта найвышэйшыя тэхналогіі», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Рэдка з якой дзяржавай Кітай мае такі ўзровень супрацоўніцтва. Мы гэта вельмі цэнім, разумеючы, што такое гіганцкі Кітай і наша Беларусь. Мы гэта вельмі цэнім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.