Вы тут

Кіраўнік раённай адміністрацыі: Фрунзенскі раён — гэта горад у горадзе


Фрунзенскі раён размясціўся на заходняй ускраіне горада. У апошнія гады тут ідзе масавае жыллёвае будаўніцтва.


Аб тым, як жыве і развіваецца Фрунзенскі раён сталіцы, карэспандэнту «Звязды» расказаў кіраўнік раённай адміністрацыі Сяргей Шкруднеў.

— Сяргей Анатолевіч, Фрунзенскі раён сталіцы па колькасці насельніцтва перасягае ўсе абласныя цэнтры краіны за выключэннем Гомеля. Як атрымалася, што тут сканцэнтравана такая вялікая колькасць жыхароў Мінска?

— Утварэнне Фрунзенскага раёна адбылося ў 1951 годзе ў перыяд актыўнай рэканструкцыі і забудовы горада Мінска пасля Вялікай Айчыннай вайны. Раён увесь час і актыўна забудоўваўся. У 1978 годзе ў склад раёна былі ўключаны вёска Вялікае Мядзвежына і пасёлак Баранаўшчына, побач з якімі пачалося будаўніцтва мікрараёна Захад. У пачатку 1990-х пачалося ўзвядзенне мікрараёна Сухарава. У 1998-м у склад раёна былі ўключаны землі і самой вёскі Сухарава. Тады ж  пачаў забудоўвацца мікрараён Чырвоны Бор.

У 2004 годзе было прынята рашэнне пашырыць межы горада да Мінскай кальцавой аўтадарогі і, адпаведна, уключыць вёскі, якія знаходзяцца ўнутры МКАД, у склад гарадской тэрыторыі. У межах Фрунзенскага раёна аказаліся вёска Масюкоўшчына і пасёлак Кунцаўшчына, а таксама шырокія тэрыторыі, на якіх у наступныя гады праводзілася масавае жыллёвае будаўніцтва. З’явіліся мікрараёны Дамброўка, Каменная Горка.

Такім чынам, цяпер колькасць насельніцтва Фрунзенскага раёна складае больш за 465 тысяч чалавек. Жыллёвае будаўніцтва ў Фрунзенскім раёне працягвае актыўна развівацца, найбольш буйная жылая забудова прадугледжана на тэрыторыі былога ваеннага гарадка «Масюкоўшчына» (263 тыс. кв. м), Сухарава (уздоўж вул. Гарэцкага (120 тыс. кв. м).

Тэрыторыя Фрунзенскага раёна забяспечана ўсім неабходным для камфортнага пражывання насельніцтва: шырока развіта транспартная інфраструктура, пабудавана вялікая колькасць гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання, працягвае развівацца сацыяльная інфраструктура па забеспячэнні жыхароў раёна неабходнай колькасцю медыцынскіх, школьных і дашкольных устаноў.

— Густанаселеная тэрыторыя патрабуе разгалінаванай сацыяльнай інфраструктуры. Як у раёне ўдаецца ў поўнай меры забяспечваць жыхароў медыцынскімі, адукацыйнымі і іншымі сацыяльнымі паслугамі?

— Фрунзенскі раён — гэта насамрэч горад у горадзе. Тут жыве больш чым 100 тысяч непаўналетніх. За апошнія пяць гадоў у Фрунязенскім раёне пабудаваны тры новыя дашкольныя ўстановы адукацыі ў мікрараёнах Сухарава і Масюкоўшчына, дзве новыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў мікрараёнах Сухарава і Каменная Горка.

Цяпер пачаты будаўніча-мантажныя работы па будаўніцтве садка ў межах вуліц Прытыцкага, Скрыпнікава, Адзінцова, Лабанка, а таксама завяршаецца рэалізацыя аб’ектаў на этапе праектных работ па будаўніцтве школы ў межах вуліц Янкоўскага — Гарэцкага-Шырмы і дзіцячых садкоў у мікрараёнах Масюкоўшчына-6 і Сухарава-3.

Цяпер працуюць 89 дзіцячых садкоў, 11 гімназій і 38 школ. Для рэалізацыі праграм выхавання і дадатковай адукацыі функцыянуюць чатыры ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: Цэнтры «Эўрыка» і «Зорка», якія прадстаўляюць спектр заняткаў па інтарэсах рознай накіраванасці, фізкультурна-спартыўны цэнтр і дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву «Старт» па плаванні.

Для дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, працуюць сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам, дзіцячы дом і 10 дамоў сямейнага тыпу.

З напаўняльнасцю, якая перавышае сярэднюю па раёне, працуюць установы жылых раёнаў Каменная Горка, Чырвоны Бор, Сухарава, Масюкоўшчына. Тут захоўваецца дэфіцыт месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, у сувязі з чым перавышэнне напаўняльнасці груп пакуль застаецца адной з вымушаных мер забеспячэння патрэб жыхароў ва ўстановах «крокавай даступнасці».

Разам з тым, згодна з заяўным прынцыпам, месца ва ўстанове дашкольнай адукацыі ў межах раёна даецца кожнаму з бацькоў, якія звярнуліся па накіраванне.

Такім чынам, лічу, што ў нашым раёне створана разнастайная сетка адукацыйных паслуг і забяспечваюцца належныя ўмовы для рэалізацыі запытаў і патрэб грамадзян на атрыманне адукацыі, неабходнай для далейшага росту і развіцця нашых юных грамадзян.

Амбулаторна-паліклінічную дапамогу ў Фрунзенскім раёне г. Мінска аказваюць 13 устаноў аховы здароўя, стацыянарную меддапамогу — гарадская дзіцячая інфекцыйная клінічная бальніца і гарадскі клінічны радзільны дом № 2.

Створаны ўсе ўмовы для атрымання кваліфікаванай першаснай медыцынскай дапамогі. Выконваюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне аховы здароўя: нарматывы забеспячэння насельніцтва ўрачамі агульнай практыкі і ўрачамі-педыятрамі ўчастковымі, брыгадамі хуткай дапамогі медыцынскай дапамогі, аптэкамі.

Пастаянна паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя, а таксама аснашчэнне высокатэхналагічным абсталяваннем. Працягваецца планавае пераабсталяванне арганізацый аховы здароўя раёна медыцынскім абсталяваннем у адпаведнасці з узроўнямі і відамі медыцынскай дапамогі, паэтапная замена абсталявання, якое выпрацавала свой рэсурс, ажыццяўляецца правядзенне тэхнічнага нагляду, бягучага рамонту, рэканструкцыі і мадэрнізацыі ўстаноў.

У 2020 годзе адбылося адкрыццё пасля рэканструкцыі будынка ўстановы аховы здароўя 20-й гарадской паліклінікі з будаўніцтвам прыбудовы. Завяршаюцца будаўнічыя работы новай дзіцячай паліклінікі на 480 наведванняў за змену ў мікрараёне Сухарава. Арыенціровачны тэрмін уводу ў эксплуатацыю дадзенага аб’екта — 1-ы квартал 2023 года.

Пачалася мадэрнізацыя будынка 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна, што дасць магчымасць значна абнавіць і палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу і станоўча адаб’ецца на якасці аказання медыцынскай дапамогі.

— На тэрыторыі раёна адсутнічаюць так званыя гіганты індустрыі, і, тым не менш, які ўклад уносяць прадпрыемствы раёна ў эканоміку горада?

— На тэрыторыі раёна ажыццяўляюць дзейнасць звыш васьмі тысяч суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якія фарміруюць больш як 40 працэнтаў падатковых паступленняў арганізацый раёна. Прамысловы комплекс Фрунзенскага раёна прадстаўлены 23 асноўнымі арганізацыямі.

Арганізацыі раёна прапануюць насельніцтву шырокі спектр спажывецкіх тавараў. Сярод іх можна вылучыць УП «Светоприбор», ГА «БелТІЗ» (адзін з найбуйнейшых айчынных вытворцаў электраўстановачных вырабаў), СЗАТ «Отыка» і СТАА «Чаўляр» (шырокі выбар абутку), ААТ «Завод «Белпласт» (спецыялізуецца на вырабе спартыўных трэнажораў, пластмасавых вырабаў, плёнкі і г. д.).

Арганізацыі раёна ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць з больш чым 60 краінамі. Удзельная вага прадукцыі арганізацый раёна, якая экспартуецца, у аб’ёме знешняга гандлю таварамі горада Мінска складае 17 працэнтаў, паслуг — 10 працэнтаў.

Найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце займаюць транспартныя, камп’ютарныя паслугі, а таксама паслугі ў галіне рэкламы, маркетынгу, якія аказваюць прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці.

— Дзе жыхары Фрунзенскага раёна з карысцю і з захапленнем могуць бавіць свой вольны час?

— Ва ўстановах культуры праходзяць святы беларускай культуры і мастацтва, канцэртныя праграмы для жыхароў мікрараёнаў, выставы, тэматычныя сустрэчы, аўтарскія гасцёўні, майстар-класы, творчыя экспазіцыі, конкурсы. У Фрунзенскім раёне працуюць «Фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі», «Цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей моладзі «Зорка», а таксама «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Эўрыка» на базе якіх створана 1152 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе займаюцца звыш 15 тысяч навучэнцаў.

У зялёнай зоне па вуліцы Налібоцкай летась добраўпарадкаваны новыя месцы для адпачынку. Тут заклалі алею Народнага адзінства са 100 ліп і рабін, а побач высадзілі сквер з сотняў дрэў розных парод. Абсталяваны месцы адпачынку з мангаламі, сталамі і лаўкамі. Створана дзіцячая гульнявая зона з горкай, арэлямі, пляцоўкай для гульні ў класікі. Устаноўлена 25 лавак уздоўж алеі ў рамках агляду-конкурсу «Найлепшая лаўка — 2022».

Праведзена добраўпарадкаванне зон адпачынку ў межах вул. Прытыцкага — вул. Нёманскай і вул. Люцынскай — вул. Калеснікава — вул. Налібоцкай. Сёлета УП «Зелянбуд Фрунзенскага раёна г. Мінска» сумесна з ДП «Жыллёвая камунальная гаспадарка № 2 Фрунзенскага раёна г. Мінска» плануецца выканаць работы па стварэнні яшчэ дзвюх новых зон адпачынку.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.