Вы тут

Фестываль, які дорыць радасць і дапамагае развівацца


У міжнародны дзень тэатра ў Магілёве былі агучаны назвы найлепшых пастановак XVІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М@rt.кантакт-23».


Восем дзён тэатральнага свята праляцелі як адно імгненне. Увесь гэты час Магілёў жыў у насычаным тэатральным рытме, здзіўляўся, смяяўся, плакаў разам з героямі пастановак. Апошніх, дарэчы, было 19 — у выкананні калектываў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Балгарыі. Фестывальныя дні складаліся з творчых сустрэч, абмеркаванняў. Працавала майстэрня маладой рэжысуры, праводзіліся круглыя сталы.

Апошні дзень форуму, як заўсёды, звязаны з галоўнай інтрыгай падзеі — які спектакль стане найлепшым. Прычым не толькі з пункту гледжання прафесійнага журы, але яшчэ маладзёжнага і глядацкага.

Спецыяльным дыпломам «За найлепшы акцёрскі ансамбль» узнагароджаны спектакль «Чарлі Чаплін» Дзяржаўнага тэатра драмы і камедыі імя Азербайджана Мамбетава з Казахстана.

Артысты, дарэчы, прызналіся, што ў Магілёве іх чакаў самы цёплы прыём, нягледзячы на тое, што спектакль ішоў на казахскай мове.

За акцёрскую работу адзначаны артысты Уладзімір Ільін у спектаклі «На дне» Пермскага тэатра «У Моста» і Мікалай Балабан у спектаклі «Фаўст» Пецярбургскага камернага тэатра «ТАК!». Спецыяльны дыплом форуму атрымаў спектакль «Локіс» Гродзенскага абласнога тэатра лялек, а пастаноўка тэатральнага праекта «ТрыТфармаТ» «Карэніна» адзначана дыпломам «За арыгінальнае рашэнне рускай класікі».

Найлепшым жа спектаклем форуму, на думку прафесійнага журы, стаў «Пачупкі» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Вельмі трапна наконт яго выказалася ў размове з карэспандэнтам «Звязды» член прафесійнага журы, кандыдат мастацтвазнаўства, доктар філалагічных навук, літаратурны і тэатральны крытык з Расіі Капіталіна Какшанёва: «Гэта спектакль, пра які цікава думаць, які выклікае шмат жывых эмоцый, сур'ёзнае інтэлектуальнае перажыванне».

Паводле маладзёжнага журы, найлепшым стаў спектакль Пецярбургскага камернага тэатра «ТАК!» «Марыя Сцюарт».

Дыплом глядацкіх сімпатый атрымалі «Людзі Ламанчы» Арлоўскага тэатра «Вольная прастора».

Свята скончылася, але засталіся ўражанні. Шаснаццаты фестываль запомніцца новымі знаёмствамі, адкрыццямі, урокамі майстэрства. Упершыню пасля ковіднага перыяду аднавілася традыцыя абмяркоўваць спектаклі папярэдняга дня, дзе прафесійныя тэатральныя крытыкі і тэатразнаўцы дзеляцца сваімі заўвагамі, парадамі, адзначаюць моцныя і не вельмі бакі пастановак і ігры артыстаў.

— Адна з задач тэатральнага форуму — стымуляваць творчае паглыбленне чалавека, — лічыць Капіталіна Какшанёва. — Сучасны тэатр развіваецца ў розных кірунках, хацелася б, каб ён развіваўся ў бок большай рэжысёрскай культуры. Нарошчванне асабістай тэатральнай культуры для рэжысёра перадусім. Мы ўсе добра засвоілі еўрапейскія формы тэатра, але іх трэба яшчэ даследаваць знутры і зрабіць сваімі асабістымі. І развіваць тое не ў плане лозунгаў і пафасу, а ў плане глыбокага асобаснага паглыблення ў сваё роднае і асаблівасці свайго роднага ў сённяшнім гістарычным часе.

Капіталіна Какшанёва прызналася, што ёй было вельмі камфортна на форуме, які яна, дарэчы, наведала ўпершыню. У прыватнасці, спецыялісту было цікава паглядзець, як сёння працуе беларускі тэатр — і ён, на яе погляд, быў прадстаўлены цікавымі формамі.

Пра асаблівую атмасферу, якая сёлета панавала на форуме, казаў драматург, акцёр, сцэнарыст, рэжысёр уласнага тэатра ў Екацярынбургу, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, лаўрэат міжнароднай прэміі Станіслаўскага Мікалай Каляда.

— Упершыню я прыязджаў сюды ў 2011 годзе, але свята не запомнілася, мы адыгралі спектакль і з'ехалі, — кажа ён. — На гэты раз было адчуванне радасці, дабрыні, сяброўства. Я атрымаў шмат прыемных уражанняў.

А яшчэ вядомы рэжысёр зрабіў вялікі падарунак будучым зоркам беларускага тэатра. Ён набірае курс драматургаў у тэатральным інстытуце ў Екацярынбургу і запрашае на вучобу беларускіх хлопцаў і дзяўчат.

— Навучанне будзе бясплатнае, па квоце праграмы Рассупрацоўніцтва, — удакладніў ён. — Галоўная ўмова — каб гэта была першая вышэйшая адукацыя. А ўзрост не мае значэння. Хто гатовы пераехаць з Беларусі на пяць гадоў у Екацярынбург, калі ласка.

А яшчэ Мікалай Каляда падарыў 12 тамоў, як ён выказаўся, збору асабістых твораў і п'ес яго вучняў абласной бібліятэцы. «Гэтага дакладна няма ў інтэрнэце, толькі ў кнігах, — заўважыў ён. — Магчыма, нехта захоча пачытаць».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.