Вы тут

Гусакоў расказаў аб распрацоўках беларускіх вучоных


Аб распрацоўках і навацыях у нацыянальнай навуцы ў эфіры СТБ расказаў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА

Уладзімір Гусакоў адзначыў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю айчыннай навукі. «Кіраўнік дзяржавы сказаў, што хацеў бы бачыць больш прыкметную ролю навукі і больш шырокае ўкараненне. У сувязі з гэтым мы выставілі кластары ў Акадэміі навук, скразныя кластары і пошукавыя, і навукова-даследчыя, і практычныя разам з прадпрыемствамі. Мы працуем са многімі прадпрыемствамі і галінамі, пачынаючы ад БЕЛАЗа і заканчваючы многімі прыборамі, абсталяваннем для розных галін народнай гаспадаркі. Калі навука адсутнічае, адразу відаць яе неабходнасць. А калі яна прысутнічае і працуе сумесна з галінамі, прадпрыемствамі і ўсё добра, распрацоўкі выконваюцца, тады яе ролі і не відаць», — сказаў старшыня Прэзідыума НАН.

Ён дадаў, што вучоныя апошнім часам канцэнтруюць намаганні на практычных распрацоўках. «Што датычыцца фундаментальных даследаванняў, у нас гэта вельмі вялікая частка — 12 праграм фундаментальных даследаванняў. Магутныя праграмы, вялікія. Але гэта фундамент, залог, базіс для будучых даследаванняў. Народную гаспадарку і эканоміку краіны вельмі цікавяць прыкладныя даследаванні, распрацоўкі і ўкараненні. Ёсць група навукова-тэхнічных праграм, дзяржаўных праграм, асобных праектаў, дзе гэтыя распрацоўкі выконваюцца ва ўсіх сферах», — расказаў Уладзімір Гусакоў.

Адным з маштабных і амбіцыйных праектаў айчынных вучоных, асабліва ў сферы імпартазамяшчэння, з’яўляецца стварэнне свайго спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. «Калі раней мы маглі з Расіяй яго рабіць, то цяпер маем магчымасць свой распрацаваць поўнасцю. Вось гэта імпартазамяшчэнне. Гэта з нашым бліжэйшым партнёрам. Пастаўлена задача дзве групоўкі да 2028 года зрабіць. Што датычыцца беларускай, то мы можам быць гатовы ў 2024-2025 гадах, мы такую задачу ставім. Больш таго, нават пілатуемы палёт бліжэйшы намячаецца», — падзяліўся старшыня Прэзідыума НАН.

Адносна падрыхтоўкі беларускіх касманаўтак Уладзімір Гусакоў адзначыў, што яны цяпер праходзяць папярэдняе навучанне. «Паколькі гэта касманаўты-даследчыкі, у нас распрацавана праграма іх падрыхтоўкі ў Акадэміі навук. Яны павінны добра асвоіць методыкі, што яны павінны даследаваць у розных галінах, — адзначыў ён. — У галіне біятэхналогій у іх будзе заданне, у медыцыне і ў іншых. Яны павінны вывучыць гэтыя методыкі, каб выканаць работы вельмі аператыўна. А так усё ідзе па праграме, як мы дамовіліся. У бліжэйшы час яны паедуць у Расію, ужо будуць займацца на трэнажорах, будзе арганізавана падрыхтоўка вельмі дасканала, грунтоўна».

У Пасланні беларускаму народу і парламенту Прэзідэнт выказаў ідэю па стварэнні лінейкі акумулятарных батарэй да электракараў. «Мы працуем над гэтым радам. Ад малога транспарту, ад веласіпедаў (там невялікія акумулятарныя батарэі будуць, накапляльнікі) да буйных, як БЕЛАЗ. Такая лінейка адпрацоўваецца. І не толькі на базе прызнаных у сусветным плане такіх элементаў, як літый. Мы спрабуем адпрацоўваць свае тэхналогіі, элементы і прапановы на базе натрый-графенавых акумулятараў, накапляльнікаў. Гэта паказвае нядрэнныя вынікі, але пакуль гэта стэндавыя выпрабаванні», — расказаў аб распрацоўках вучоных Уладзімір Гусакоў, дадаўшы, што кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача стварыць дзеючыя мадэлі да гэтага лета.

Акадэмік расказаў і пра крыніцы фінансавання навукі. Паводле яго слоў, акрамя бюджэтных сродкаў каналаў фінансавання навукі шмат. «Ёсць яшчэ сродкі прадпрыемстваў, дагаворы вучоных з прадпрыемствамі, галінамі, міністэрствамі, рэгіёнамі. У нас добрая крыніца — замежныя паступленні. Ёсць праекты, па якіх мы атрымліваем дзясяткі і сотні тысяч долараў. Сувязі прадаўжаюцца, і добрыя. І сувязі, і кантакты, і праекты, нягледзячы на ўсе санкцыі. Вядома, мы акцэнтуем больш увагі на Расію, Кітай, з В’етнамам працуем. Цяпер актывізавалі работу з Індыяй, Егіптам, іншымі краінамі, але прадаўжаем супрацоўніцтва і з заходнімі краінамі», — дадаў Уладзімір Гусакоў.

Таксама ён адзначыў, што ва ўрад навуковай супольнасцю ўносяцца прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы навукі, рэгуляванні, пытаннях фінансавання, кіравання, пры гэтым рэвалюцыйных і радыкальных змяненняў не чакаецца, таму што за апошнія гады беларуская навука ўжо аптымізавана, сістэматызавана і адпрацавана.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.