Вы тут

Трымаем порах сухім. Як праходзіць комплексная праверка баявой гатоўнасці Узброеных Сіл


Махавік праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл працягвае набіраць абароты. Па распараджэнні Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі адно са злучэнняў Заходняга аператыўнага камандавання прыведзена ў стан поўнай баявой гатоўнасці.


У ходзе цяперашняга кантрольнага зрэзу правяраецца ўвесь комплекс мерапрыемстваў пераводу механізаванага злучэння з мірнага на ваенны час. Завершаны прыём мабілізацыйных рэсурсаў. Колькасць злучэння даведзена да шасці тысяч чалавек. З захоўвання зняты ўзбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка. Падраздзяленні ўжо здзейснілі маршы ў прызначаныя раёны, абсталявалі тылавую інфраструктуру, ажыццявілі падрыхтоўку ўзбраення і ваеннай тэхнікі да выканання задач па прызначэнні і прыступілі да мерапрыемстваў баявога зладжвання, у рамках якіх праходзяць заняткі па баявой падрыхтоўцы.

Цяжка ў вучэнні — лёгка ў мірным жыцці

На палігонах ваеннаабавязаныя ўдасканальваюць навыкі стральбы са стралковай зброі, практыкуюцца ў ваджэнні баявых машын, атрымліваюць навыкі па тактычнай медыцыне, інжынернай падрыхтоўцы і іншых прадметах баявой падрыхтоўкі. Вайскоўцы запасу не хаваюць, што загад устаць у вайсковы строй не стаў для іх нечаканасцю — на тое яна і праверка, каб быць да яе гатовым.

Радавы запасу Аляксандр Шурхай працуе дырэктарам цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства. Калі прыйшла павестка, ён без роздумаў адправіўся ў ваенкамат.

— Дваццаць гадоў таму я праходзіў тэрміновую службу ў 28-й базе захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі, — згадвае Аляксандр. — Для мяне гэты палігон знаёмы, не раз бываў тут на занятках па агнявой падрыхтоўцы. Дзесяць гадоў таму на такія ж ваенныя зборы не трапіў, бо не прайшоў медыцынскі агляд. Нават стала неяк крыўдна, што не ўзялі. Пачаў займацца спортам, заўважна схуднеў. Таму для мяне гэта першыя зборы. Было крыху нечакана, аднак разумею, што ўсё гэта неабходна нашай дзяржаве.

Вядома, «запаснікі» не адразу асвоіліся на новым месцы. Прыйшлося ўспамінаць рытм вайсковага жыцця, уключацца ў распарадак дня. Але ваеннаабавязаныя рвуцца на палігон і ўжо з першых дзён баявой вучобы паказваюць годныя вынікі. Сярод іх — і радавы запасу Аляксандр Сапон.

— Працую вальшчыкам лесу, — расказвае ён. — Тэрміновую службу праходзіў у 38-й асобнай гвардзейскай, тады яшчэ мабільнай брыгадзе, на пасадзе гранатамётчыка. І цяпер выконваю такія ж абавязкі. Для мяне гэта першыя зборы. Уражанні самыя лепшыя. Хутка аднавіў свае навыкі, асвяжыў у памяці тое, што ўжо прызабыў, асвойваю новае. У час заняткаў па агнявой падрыхтоўцы трапіў ва ўсе мішэні. Гэта нядзіўна, бо і раней адрозніваўся трапнасцю. Гранатамёт — грозная зброя, можа эфектыўна выкарыстоўвацца адным чалавекам як супраць танкаў і браніраванай тэхнікі саперніка, так і супраць умацаванняў, агнявых пунктаў. На зборы пайшоў з задавальненнем. Упэўнены, час, праведзены на палігоне, пройдзе з карысцю, і мы будзем доўга ўспамінаць гэтыя вайсковыя дні.

Ва ўсіх вайскоўцаў — адзінае разуменне важнасці выканання пастаўленых задач. «Запаснікі» настроены дабіцца высокіх вынікаў. Па завяршэнні праверкі найлепшыя ваеннаабавязаныя будуць абавязкова заахвочаны.

«Батарэя, цэль...»

На адным з палігонаў дзейнічала мінамётная батарэя ў складзе артылерыйскага падраздзялення, якое прыцягваецца да праверкі. У той жа дзень на пазіцыі выйшлі разлікі 120-міліметровых мінамётаў, якія возяцца, 2С12 «Сані». Стральба вялася з закрытай агнявой пазіцыі па планавых і пазапланавых цэлях. Акрамя таго, неабходна было вырашыць пытанні баявога зладжвання мінамётнай батарэі — аднавіць навыкі ваеннаабавязаных, праверыць тэхніку і ўзбраенне.

У той дзень у ліку найбольш ініцыятыўных на пазіцыі мінамётнай батарэі аказаўся зараджальнік радавы запасу Юрый Далідовіч. «Мінамёт «Сані» прызначаны для паражэння навясным агнём жывой сілы і агнявых сродкаў саперніка, размешчаных у інжынерных збудаваннях і цяжкадаступнай мясцовасці, — растлумачыў бывалы «запаснік». — Марыў хутчэй ізноў папоўніць вайсковыя рады і ўспомніць былое».

Як адзначыў камандзір мінамётнай батарэі гвардыі капітан Дзмітрый Янчэўскі, на завяршальным этапе баявога зладжвання батарэі праходзіла стральба з закрытай агнявой пазіцыі. «Стралялі на далёкасць у чатыры кіламетры, — заўважыў ён. — Ваеннаабавязаныя праяўлялі ініцыятыву, вырашалі складаныя тактычныя задачы. Навыкі ў іх трывалыя, таму многія гатовы страляць проста без падрыхтоўкі. Няхай дзесьці мы не ўклаліся па часе, але разлікі адпрацавалі годна, трапілі амаль ва ўсе цэлі».

Хлеб — усяму галава

У ходзе комплекснай праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл разгорнуты і рухомы механізаваны хлебазавод. Прызначаны ён для выпечкі хлеба ў палявых умовах. Гэта прадпрыемства здольна на працягу сутак выдаць амаль шэсць тон гатовага прадукту. Хлебазавод забяспечвае свежым хлебам увесь асабовы склад, які ўдзельнічае ў праверцы баявой гатоўнасці. Дарэчы, усе спецыялісты механізаванага хлебазавода — ваеннаабавязаныя. Яны альбо дзеючыя кандытары і кухары, альбо прафесійныя пекары і тэхнолагі харчовай галіны ў мінулым.

Зазіраю ў палатку. У гэтым цэху вельмі горача ад добра прапаленай перасоўнай пякарнай печы. Сам жа працэс вырабу хлеба пачынаецца з падрыхтоўкі хлебапякарнай сыравіны, а гэта вада, соль, дрожджы, мука, цытрынавая кіслата. Цеста вымешваецца, затым адпраўляецца ў фармовачную машыну, а пасля ў формах для выпечкі — у шафу, дзе павінна падысці да патрэбнай кандыцыі.

Пакуль яно «падрастае», можна «разаграваць печ», дакладней — запускаць перасоўны механізаваны хлебазавод. На палігоне ён можа працаваць нават без саляркі і электрычнасці — на дровах. Калі цеста паднялося, формы адпраўляюцца ў печ. Поўная загрузка — больш за сотню боханаў. Пекар кантралюе працэс. Праз паўгадзіны выпечка гатова. Прадукт раскладваецца па латках, затым трапляе на склад для астывання.

Радавы запасу Віктар Ненадовіч прыкметна захоплены тым, што адбываецца. «Мая задача — падзяліць цеста ў пэўныя формы, — расказвае ён. — Калі цеста вымешана, яго змяшчаюць у дзяжу з нержавеючай сталі, дзе яно падыходзіць у цяпле. Улетку яно гатова да выпечкі праз 30—35 хвілін, зімой чакаць гэтага моманту давядзецца каля гадзіны. Калектыў у нас падабраўся добры, усе адзін аднаму дапамагаюць, ніякіх цяжкасцяў не ўзнікае. У такой камандзе і хлеб атрымліваецца смачным».

Як прызнаецца радавы запасу Віталь Радко, з выпечкай хлеба эксперыментаваць не варта. «Дзесьці перабярэш — цеста не падымецца: салёны хлеб выйдзе або маленькі, — удакладняе ён. — Лепш па рэцэпце: 300 грамаў дражджэй, паўтара кілаграма солі — і атрымаецца найлепшы хлеб».

Віталь ведае, што гаворыць: пасля заканчэння тэхнікума некаторы час ён працаваў пекарам на Пінскім хлебазаводзе. Ваенны хлебазавод здольны працаваць у механізаваным рэжыме, а ў выпадку ўзнікнення непрадбачаных сітуацый — у паскораным тэмпе. Усё дзеля таго, каб вайскоўцы на сняданак, абед і вячэру заўсёды мелі на стале свежы хлеб.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.