Вы тут

Хто атрымліваў забойныя пасылкі? З'явіліся даныя аб тэрарыстычнай групе


Адпаведную інфармацыю агучылі ў фільме-расследаванні АНТ «Забойная пасылка» па матэрыялах КДБ Беларусі аб тым, як украінскія спецслужбы рыхтавалі тэракты на тэрыторыі краіны на 9 Мая.


Фота: БелТА.

Збеглага грамадзяніна, які праз сваіх знаёмых у Беларусі спрабаваў арганізаваць тэракты, завуць Валерый Сяргеевіч Водзін. У 2020 годзе ён актыўна ўдзельнічаў у масавых беспарадках, быў заўзятым прыхільнікам «перамен», а далей жыццё ў Беларусі для сябе не знайшоў. Яму 23 гады, нарадзіўся ў Барысаве. Пасля школы працаваў на заводзе і ў краме. Выехаў ва Украіну 5 лютага 2022 года. Цяпер звязаны з украінскімі спецслужбамі, а таксама тэрарыстычным фарміраваннем, якое называюць «каліноўскім».

Як расказалі ў фільме, менавіта ён прасіў сваіх знаёмых забраць замаскіраваную пад настольныя электрапліты ўзрыўчатку. Пасылка была дастаўлена ў Мінск з Украіны ў адзін з пунктаў выдачы міжнароднай кур'ерскай службы па складаным маршруце, які ўключаў некалькі краін.

У Мінску тэрарысту ў рэалізацыі яго задум спачатку дапамагла 29-гадовая ўраджэнка Магілёўскай вобласці Вікторыя Волчак. Цяпер яна з'яўляецца падазронай у здрадзе дзяржаве і падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму. «Ён папрасіў сфатаграфаваць, калі я забрала. Я сфатаграфавала, скінула яму ў закрытым выглядзе проста каробку. Потым, калі я прыехала дадому, ён папрасіў зняць на відэа, што там у ёй знаходзіцца.

Я адкрыла гэтую каробку вялікую, зняла на відэа. Там былі дзве пліткі электрычныя ў каробках, — расказала яна. — У пачатку сакавіка Водзін Валерый Сяргеевіч прасіў, каб на мой адрас даслалі невялікую пасылку. Я ў яго спытала, што будзе ў пасылцы. Сказаў, там будуць электрычныя пліткі».

Вікторыя вучылася ў Нясвіжскім педагагічным каледжы. Апошнія дзесяць гадоў працавала ў салонах сувязі, на аўтазапраўцы, краме. Да затрымання пражывала ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна.

У фільме раскрываюцца ў тым ліку некаторыя інтымныя падрабязнасці з жыцця Валерыя Водзіна. Адзначаецца, што ён нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, і, як вынікае з даных асабістай перапіскі, «у батальёне чацвёра такіх».

Водзін расказвае Волчак шмат падрабязнасцяў: як ідзе служба, якія заданні, дзеліцца літаральна ўсім адкрытым. «Іх сяброўства дастаткова трывалае, і Водзін, атрымаўшы заданне ад Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, ужо ведае, хто забярэ ў Мінску пасылкі», — адзначаецца ў расследаванні.

Аднак зламысніку трэба было не толькі забраць пасылкі. Трэба было, каб іх яшчэ і схавалі да вызначанага моманту. Просьбу закапаць пліткі Вікторыя Волчак выканаць не зможа, і тады Водзін знойдзе іншых памагатых.

Такой памочніцай стала 24-гадовая Ганна Яўгенаўна Савачкіна, якая нарадзілася ў Мінску. Яна таксама цяпер праходзіць як падазроная ў здрадзе дзяржаве і падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму. «Са мной звязаўся Валерый, папрасіў нейкую пасылку забраць і схаваць», — распавядае яна.

Ганна Савачкіна вучылася ў сярэдняй школе, скончыла тры курсы эканамічнага факультэта БДУ, але вучобу не завяршыла. З верасня 2022 года паступіла на першы курс біялагічнага факультэта БДУ, стараста групы.

Як расказала дзяўчына, яе малады чалавек паставіўся да просьбы, якая паступіла ад Водзіна, негатыўна і адмоўна: «Ён палічыў, што гэта неадэкватная просьба, сказаў заблакіраваць, не згаджацца, не размаўляць».

«Аня кажа, што ёй трэба з'ездзіць да нейкага чалавека, узяць... Зноў жа не ведаю, пакет гэта ці каробка. І некуды адвезці. Але зноў жа не памятаю: там альбо закапаць яе трэба было, альбо перадаць трэцяму чалавеку. Зразумеў, што падстава. І кажу, што цяпер тым больш, табе ў гэта лезці нельга», — распавёў у фільме Яўген Багданенка, сябар Ганны.

Але дзяўчына адгукаецца на просьбу. «Яна праўкраінскіх пазіцый, ды і Водзін як-ніяк сябар. Тэракт хочуць ажыццявіць у Дзень Перамогі, 9 Мая. Таму ваенная разведка Украіны прыспешвае Водзіна, прадстаўніка бчб-супольнасці, а той у Беларусі настойліва шукае сваіх людзей. І знаходзіць Савачкіну», — тлумачаць матывацыю ўдзельнікаў і сутнасць таго, што адбываецца, аўтары фільма.

У выніку пасля выканання шэрагу дадатковых тэхнічных інструкцый ужо згаданая Вікторыя Волчак 26 сакавіка аддае адну з плітак Ганне Савачкінай. Каб яе забраць, тая просіць дапамагчы сваю маці.

Па парадзе Водзіна плітку было вырашана закапаць на адных з могілак. Савачкіна прапанавала «Калодзішчы». Па дарозе туды яна з маці заехала ў садовую краму, купіла лапатку, пальчаткі і прыехала на месца. «Там прыпаркаваліся. Была другая палова дня, цямнела. Аня дастала пакет з багажніка. Я выйшла, пайшла з ёй», — расказала цяпер ужо яшчэ адна падазроная Таццяна Русак.

Пры гэтым, са слоў Савачкінай, яе сябар, у інтарэсах якога яна дзейнічала, «сказаў, што дапаможа захаваць мір паміж Беларуссю і Украінай». Дзяўчыну не збянтэжыла, што фактычна захаваць мір яны спрабавалі з дапамогай тэрору, і яна слепа верыла Водзіну.

Цікава, што зламыснік спрабаваў з дапамогай знаёмых атрымаць і іншыя звесткі — з вобласці разведданых. «Ён сказаў, што там нічога страшнага няма, запэўніў мяне, што ўсё ў парадку. Таксама, пакуль мы з ім размаўлялі, ён перыядычна цікавіўся ў мяне, як наогул абстаноўка ў Беларусі, ці не відаць нейкай ваеннай тэхнікі, якая перамяшчаецца па горадзе, ці не відаць людзей у форме нейкіх незвычайных, вайскоўцаў беларускіх, расійскіх. І ўвесь час пра гэта пытаўся, яшчэ цікавіўся, ці ёсць у мяне знаёмыя вайскоўцы. З усіх гэтых дыялогаў у мяне склалася меркаванне, што ў каробцы, магчыма, нейкая прылада для адсочвання, для збору інфармацыі, магчыма, нейкая праслухоўка», — распавяла Ганна Савачкіна.

Дарэчы, адзначаюць аўтары фільма, таксама думала і расіянка Дар'я Трэпава, якая 2 красавіка ў Санкт-Пецярбургу прынясе статуэтку на творчы вечар загінулага блогера Уладлена Татарскага. Гэты тэракт таксама арганізавалі ўкраінскія спецслужбы. Іх агентура рыхтавала Трэпаву — тая па заданні збірала інфармацыю, фатаграфавала і здымала відэа розных аб'ектаў. Пасля выканання чарговай «замовы» куратары патрабавалі фота і пісьмовую справаздачу.

Такую ж справаздачу Савачкіна адашле і Водзіну — геалакацыю і маршрут, фатаграфіі, як яна закапала плітку, падрабязнае месца, як знайсці схованку.

Калі першая плітка была ўжо закапана на могілках у Калодзішчах, другая працягвала знаходзіцца ў кватэры ў Вікторыі Волчак у Ждановічах. Яе забралі пазней, 15 красавіка. Зрабіў гэта яшчэ адзін падазраваны Андрэй Грыгор'еў. Яму 29 гадоў, нарадзіўся ў Мінску. Скончыў сталічную сярэднюю школу і медыцынскі каледж. Да затрымання неафіцыйна працаваў зубным тэхнікам у прыватным стаматалагічным цэнтры.

«На веласіпедзе ехаў да Вікторыі Волчак, у якой знаходзіўся пакет з плітой. Мы пагутарылі крыху там. Не бачыліся, можа, год-паўтара. Я забраў пакет і паехаў на маладзечанскі напрамак да станцыі «Аляхновічы», — расказаў малады чалавек.

Плітку Андрэй схавае на тэрыторыі садовага таварыства «Аўтарамонтнік 124». «Грыгор'еў з Водзіным пазнаёміліся пару гадоў таму ў інтэрнэце. Спачатку зблізіліся на фоне ўзаемных пратэсных настрояў. Перапісваліся, слалі адзін аднаму спасылкі. Потым пачалі адпраўляць пікантныя фота і да сустрэч таксама дайшло. Увогуле, былі партнёрамі, — расказалі ў фільме. — Калі Водзін з'едзе ва Украіну, камунікаваць у інтэрнэце стануць пастаянна. У сакавіку Грыгор'еў не адмовіць сябру ў паслузе — забраць электраплітку. Па дарозе ў Аляхновічы ён шле падрабязную фота- і відэасправаздачы і геалакацыю. Водзіну гэта трэба, каб даць справаздачу па заданні перад украінскімі куратарамі. Ніякай дабрачыннасці. За перакідку ўзрыўчаткі і звесткі плацяць».

Як і Савачкіна, Грыгор'еў разумеў, што ён вязе і для чаго. «Навошта хаваць электраплітку ў лясным масіве або на могілках? Каб аднойчы дастаць яе. І выканаць заданне», — падкрэсліваюць аўтары фільма.

Начальнік галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі Уладзімір Атрашкоў расказаў пра вынікі праведзенай экспертызы канфіскаваных аб'ектаў, якія паступілі з КДБ і былі ў электраплітках: «Нашы спецыялісты ўстанавілі, што ўнутры знаходзіліся рэчывы, гатовыя да зборкі адразу некалькіх выбуховых прылад. Экспертыза паказала, што пластычным рэчывам з'яўлялася С4 амерыканскай вытворчасці. Яго часта выкарыстоўваюць для тэрактаў. Вага рэчыва — каля двух кілаграмаў, і такой колькасці хопіць, каб пусціць пад адхон адразу некалькі цягнікоў».

Усе фігуранты па гэтай справе затрыманы і змешчаны ў СІЗА. Прызналі віну, супрацоўнічаюць са следствам і даюць паказанні. Абвінавачваюцца па артыкуле 289 і артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса. Ім пагражае пакаранне аж да смяротнага. Хоць маглі быць вызваленыя ад адказнасці, калі б
паведамілі і аказалі садзейнічанне. Яны не ўлічылі таго, што іх жаданне дапамагчы стала злачынным. А Водзін, атрымаўшы заданне ад украінскай разведкі, іх проста выкарыстоўваў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.