Вы тут

Беларуская дэлегацыя выказала сваю прынцыповую пазіцыю на канферэнцыі МАП


Гэтымі днямі ў Жэневе праходзіць штогадовая сесія Міжнароднай канферэнцыі працы. Прадстаўнікі работнікаў, працадаўцаў і ўрадаў са 187 дзяржаў — членаў МАП (Міжнароднай арганізацыі працы) аналізуюць сітуацыю з умовамі працы, занятасцю, узроўнем сацыяльных гарантый кожнай з краін-удзельніц.


Беларусь на пляцоўцы МАП спрабуюць абвінаваціць у тым, што нібыта людзі не маюць магчымасці аб’ядноўвацца ў прафсаюзы і заключаць калектыўныя дамовы. Пад націскам прадстаўнікоў заходніх краін Міжнародная арганізацыя працы фактычна прапануе ўвесці чарговыя абмежавальныя меры да працоўных Беларусі. У той жа час вялікая колькасць краін выступае і ў падтрымку рэспублікі.

Сваю прынцыповую пазіцыю выказалі на пляцоўцы канферэнцыі і прадстаўнікі беларускай дэлегацыі.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда звярнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства, што яны з’яўляюцца сведкамі неправамерных і незаконных дзеянняў: «Тыя людзі, якія называюць сябе свабоднымі прафсаюзамі Беларусі і якія павінны абараняць работнікаў, патрабуюць увесці санкцыі супраць працоўных сваёй жа краіны, заклікаюць нанесці ім шкоду і ўрон. Гэта не што іншае, як здрада інтарэсам людзей. Прафсаюзы не павінны гэтага рабіць. Калі вы наносіце шкоду людзям, хочаце іх пазбавіць працы і зарплаты, значыць, вы не прафсаюзы. МАП не мае юрыдычнага і маральнага права падтрымліваць гэтыя антычалавечыя патрабаванні».

На гэта, паводле яго слоў, указваў і спецдакладчык ААН у сваім спецыяльным звароце ў адрас канферэнцыі: аднабаковыя абмежавальныя меры парушаюць Статут ААН, і МАП не павінна прымаць рашэнні, якія заахвочваюць санкцыі. «Аднак мы сёння бачым, што пазіцыя кіруючых органаў МАП па беларускім пытанні вельмі прадузятая», — канстатаваў Міхаіл Орда.

«На ўсе краіны аказваецца беспрэцэдэнтны ціск, каб працягнуць рашэнне супраць Беларусі. Прычым робяць гэта тыя, хто павінен быць бесстароннім. Поўнасцю знішчаны прынцып плюралізму», — дадаў кіраўнік ФПБ.

Ён звярнуў увагу, што агульная пазіцыя Групы працоўных МАП падаецца такім чынам, што нібыта работнікі аднагалосна падтрымліваюць прымяненне абмежавальных мер да Беларусі. «Гэта абсалютна не так. На пасяджэннях Групы працоўных 5 чэрвеня прафсаюзы, якія прадстаўляюць розныя краіны і дзясяткі мільёнаў працоўных, выказаліся катэгарычна супраць такіх мер. Аднак усё гэта цалкам праігнаравана кіраўніцтвам групы. На камітэце па агульных пытаннях аб гэтай пазіцыі не было сказана ні слова! Ідзе поўнае скажэнне і маніпуляцыя фактамі», — падкрэсліў Міхаіл Орда.

Ён указаў на гучныя заявы, якія пастаянна гучаць, што нібыта работнікі Беларусі асуджаныя за прафсаюзную дзейнасць, і пры гэтым свядомае ўтойванне таго, што іх дзеянні насамрэч не мелі нічога агульнага з прафсаюзнай дзейнасцю і абаронай правоў працоўных. Па гэтым пытанні ў чэрвені на паседжанні Групы працоўных МАП Беларусь прасіла прадставіць канкрэтныя факты, але гэтага так і не было зроблена. «Значыць, іх няма , што яшчэ раз пацвярджае, што інфармацыя мае непраўдзівы, скажоны характар», — сказаў кіраўнік ФПБ. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з небяспечнымі правакацыямі на адным з прадпрыемстваў Беларусі: «Тыя, каго тут называюць „нявіннымі ахвярамі“, каб дабіцца сваіх палітычных мэт, спрабавалі парушыць тэхналагічны працэс на небяспечнай тэхнічнай вытворчасці сваімі правакацыйнымі дзеяннямі, што непасрэдна вяло да тэхнагеннай катастрофы. У выніку магло быць знішчана не толькі прадпрыемства, але і цэлы горад. І гэта дакладны факт». З гэтай нагоды Міхаіл Орда адрасаваў рытарычнае пытанне МАП: ці гатова арганізацыя апраўдваць і заахвочваць такія і такія незаконныя дзеянні ва ўсіх краінах свету?

Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч у сваім выступленні адзначыла: «Краінам Захаду і асобным прафсаюзным аб’яднанням не патрэбна праўда. Іх задача — апраўдаць свае беззаконныя і несправядлівыя дзеянні па палітычнай ізаляцыі і эканамічнай блакадзе Беларусі. Вельмі шкада, што МАП аказалася ўцягнутая ў гэтую знешнепалітычную гульню».

Разам з тым міністр звярнула ўвагу, што сёння ўсё больш краін разумеюць сутнасць антыбеларускай павесткі, якую прасоўвае Захад у міжнародных арганізацыях, і выступаюць у падтрымку Беларусі.

Ірына Касцевіч адзначыла, што беларускі бок яшчэ некалькі гадоў таму паспяхова ўзаемадзейнічаў з МАП. Меры, што прымаюцца ўрадам рэспублікі, не раз з цікавасцю адзначалі ў арганізацыі. Дыялог паміж бакамі развіваўся ў пазітыўным рэчышчы. «Так што заявы асобных выступоўцаў, што ўрад сістэматычна не рабіў захадаў, — хлусня. Толькі пасля прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года органы МАП, як па загадзе, змянілі свае ацэнкі, рэзка павысіўшы градус крытыкі», — падкрэсліла Ірына Касцевіч.

Ключавы аргумент для ціску на Беларусь заключаецца ў тым, што асобныя «прафсаюзныя дзеячы прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, а іх арганізацыі спынілі працу». «У Беларусі прафсаюзы — гэта значная частка грамадзянскай супольнасці. Прафсаюзныя правы замацаваны ў заканадаўстве і выконваюцца на практыцы. Пры гэтым прафсаюзы павінны заставацца прафсаюзамі, — сказала міністр. — Так, некаторыя грамадзяне сапраўды адбываюць пакаранне. Але гэта ніякім чынам не звязана з прафсаюзнай работай. Яны толькі выкарыстоўвалі статус прафсаюзнай арганізацыі для прыкрыцця дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на змену законнай улады, што не суадносіцца з задачамі, якія павінны вырашаць сапраўдныя прафсаюзы».

Па словах Ірыны Касцевіч, апаненты Беларусі спрабуюць рукамі МАП рэалізаваць сваю мэту — дыскрэдытаваць Беларусь на міжнароднай арэне, узмацніць палітычны ціск на ўладу, запусціць чарговую хвалю санкцый на падставе рашэнняў МАП.

«У мяне два пытанні да лабістаў рэзалюцыі. Першае: хіба прафсаюзны статус дае карт-бланш на парушэнне законаў? І другое: няўжо ізаляцыя Беларусі і ўшчамленне інтарэсаў яе грамадзян — гэта прыдатныя інструменты для дасягнення высокіх мэт, якія стаяць перад МАП? Я ўпэўнена, што ў зале няма ніводнага чалавека, які б не разумеў, што гэта супярэчыць філасофіі МАП і мэтам яе дакументаў. Што гэта негатыўна адаб’ецца на эканамічных і сацыяльных правах усіх беларусаў, найперш уразлівых — дзяцей, інвалідаў і старых», — падкрэсліла міністр.

Паводле БелТА

Фота: МАП

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.