Вы тут

У Мінпрацы абазначылі задачы на 2024 год


На выніковай калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падвялі вынікі работы за мінулы год і абазначылі задачы на 2024-ы па дэмаграфічнай і сямейнай палітыцы, рынку працы, заработнай плаце, здаровых і бяспечных умовах працы, сацыяльным абслугоўванні пажылых людзей, абароне правоў інвалідаў, пенсіённым забеспячэнні. Як адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, па кожным з гэтых кірункаў, бясспрэчна, ёсць вынікі, але ёсць і задачы, якія патрабуюць далейшага вырашэння.


Фота: БелТА

Зарплаты выраслі на 11%

Адной з важных задач з’яўляецца рост даходаў насельніцтва.

— У рэальным сектары, бясспрэчна, зарплата расла. У цэлым па краіне тэмп росту рэальнай заработнай платы склаў 111 працэнтаў, — адзначыла міністр.

Паводле яе слоў, рос заробак і ў бюджэтным сектары. А гэта, між іншым, датычыцца 20 працэнтаў работнікаў, якія выконваюць дзяржаўныя паслугі: у адукацыі, ахове здароўя, культуры, сацыяльным абслугоўванні. У бюджэтнай сферы рэальны заробак па выніках мінулага года вырас больш чым на 11%.

Паводле слоў Ірыны Касцевіч, гэта з’яўляецца пацвярджэннем таго, што якасная і эфектыўная работа эканомікі дае магчымасць у поўным аб’ёме з адпаведным ростам павышаць даходы і тых катэгорый грамадзян, перад якімі ў дзяржавы ёсць абавязацельствы. Размова ідзе аб гарантыях для пенсіянераў і работнікаў бюджэтнай галіны.

Кажучы пра сітуацыю на рынку працы, Ірына Касцевіч звярнула ўвагу, што шэраг наймальнікаў узнімае пытанне аб дэфіцыце працоўных рэсурсаў, перш за ўсё кваліфікаванай рабочай сілы.

— На рынку працы назіраецца самы нізкі ўзровень беспрацоўя. Ён сёння складае 3,5 працэнта, — падкрэсліла яна.

Сёння ў краіне амаль 135 тысяч свабодных працоўных месцаў. Паводле слоў Ірыны Касцевіч, іх колькасць узаемазвязана з развіццём эканомікі.

Міністр заўважыла, што сітуацыя на рынку працы карэлюе з патрэбай наймальніка для забеспячэння партфеля заказаў, каб забяспечыць адпаведны рост дабаўленай вартасці, выручкі і прыбытку.

— Што датычыцца здаровых і бяспечных умоў працы, гэта сур’ёзны кірунак, і тут ёсць добрыя вынікі. Скарачаецца колькасць рабочых месцаў са шкоднымі ўмовамі працы. За тры гады пяцігодкі, а ў нас пяцігадовы цыкл развіцця краіны, на 7,8 працэнта скарацілася колькасць такіх месцаў. Каля 60 тысяч рабочых месцаў са шкодных перайшлі на здаровы ўзровень. Гэта сапраўды добрае дасягненне, — расказала Ірына Касцевіч.

Гаворачы аб бяспечных умовах працы, міністр адзначыла добрыя вынікі па зніжэнні траўматызму са смяротным зыходам. Паводле яе слоў, сістэмныя, комплексныя меры далі свой эфект. Зрэшты, застаюцца праблемы па траўматызме ў цэлым.

— Калі мы зрабілі дэталізаваны аналіз, убачылі прычыну, якая сёння займае каля 20 працэнтаў, — нізкае самазахаванне самога чалавека, — адзначыла Ірына Касцевіч, дадаўшы, што гэта пытанне таксама патрабуе вырашэння.

Больш за 23 тысяч беларусаў назапашваюць «другую пенсію»

— Мы думаем не толькі пра дзейных пенсіянераў, а ў нас у краіне кожны чацвёрты беларус — гэта пенсіянер, вядома, мы думаем і пра будучых пенсіянераў. Таму ўжо амаль паўтара года, як запусцілі праект «3 плюс 3» — гэта добраахвотнае назапашвальнае пенсіённае страхаванне, — сказала міністр.

Больш за 23 тысячы беларусаў, якія ўключыліся ў сістэму, — гэта толькі старт, мяркуе Ірына Касцевіч.

— Задача — далей максімальна папулярызаваць праграму, выбудаваць такую інфармацыйную палітыку, каб сапраўды максімальна, асабліва тыя, каму засталося 5-7 гадоў да пенсіі, уваходзілі ў гэту сістэму, каб сабе сфарміраваць «другую пенсію» на яшчэ вельмі цікавы этап жыцця, — адзначыла міністр.

Нагадаем, дадатковы від пенсіённага страхавання — добраахвотнае страхаванне дадатковай назапашвальнай пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы — уведзены з 1 кастрычніка 2022 года. Праграма пашырае магчымасці фарміравання дадатковых зберажэнняў на старасць. Дзяржава дае важкія фінансавыя стымулы — дзяржаўнае суфінансаванне, магчымасць атрымання ў спадчыну пенсіённых зберажэнняў і гарантыю іх захаванасці, падатковыя льготы.

Старэнне каля хатняга ачага

Міністр адзначыла, што высокая дысцыпліна работадаўцаў па выплаце ўзносаў у Фонд сацабароны насельніцтва дазволіла ўзняць пенсіі з 1 лютага (нагадаем, яны выраслі на 10 працэнтаў).

Яна падкрэсліла, што развіццё эканомікі дае магчымасць фарміраваць даходы Фонду сацыяльнай абароны з тым, каб забяспечваць збалансаваную, своечасовую і ў поўным аб’ёме выплату пенсій.

Клопат пра пажылых людзей ажыццяўляецца і па іншых кірунках. У краіне больш за паўмільёна людзей, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў. Актыўным пажылым будуць цікавыя такія праекты, як «Універсітэт трэцяга ўзросту», валанцёры сярэбранага ўзросту, лічыць міністр. Для адзінокіх пажылых дзейнічае сетка дамоў-інтэрнатаў, якія з 1 ліпеня будуць называцца сацыяльнымі пансіянатамі. Калі ў пажылога чалавека няма родных, яму дапамагае камфортна пражываць дзяржава. Ірына Касцевіч нагадала, што ў заканадаўстве, якое датычыцца сацыяльнага абслугоўвання, нядаўна быў зроблены чарговы крок. Адпаведны закон уступіць у сілу з 1 ліпеня бягучага года.

— Вядома, умовы сацыяльнага абслугоўвання павінны мяняцца. Новы час, новыя выклікі, новыя тэхналогіі, новыя падыходы. Наша задача ў тым, каб, калі чалавек мае патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, дапамозе з боку дзяржавы, забяспечыць гэтыя паслугі дома. Як мы гаворым, старэнне каля хатняга ачага. Гэта сапраўды выдатна, таму што і сцены родныя лечаць, — падзялілася Ірына Касцевіч.

Разам з гэтым камфорт і бяспека — сярод ключавых патрабаванняў да бізнесу, які зацікаўлены ў аказанні сацыяльных паслуг насельніцтву.

— Дзяржаўна-прыватнае партнёрства для нас вельмі важнае. Бясспрэчна, калі побач ёсць партнёр у выглядзе бізнесу, які ўваходзіць у сацыяльную сферу, нас гэта радуе. Ключавое — каб гэтыя сацыяльныя партнёры былі адказнымі. Якасць паслуг, камфортныя ўмовы па аказанні сацыяльных паслуг для людзей сталага ўзросту, для інвалідаў, — сказала Ірына Касцевіч.

Яна заўважыла, што дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сацыяльнай сферы развіваецца. Дзейнічаюць прыватныя пансіянаты, якія з’яўляюцца, па сутнасці, міні-дамамі па доглядзе людзей сталага веку або інвалідаў. У заканадаўства ўнесена адпаведная норма, дзе дакладна вызначаны правілы ўваходжання ў галіну. У сувязі з гэтым міністр абазначыла якасць паслуг, патрабаванні пажарнай бяспекі, эпідэміялагічныя патрабаванні.

Гаворачы аб дзяржаўным сацыяльным заказе, Ірына Касцевіч прывяла ў прыклад аказанне паслуг па доглядзе дома. У прыватнасці, людзей, якія маюць патрэбу, наведваюць псіхолагі.

Цяпер, паводле слоў міністра, рыхтуецца шэраг нарматыўных прававых актаў па ўдасканаленні адпаведных норм, што з’яўляецца вынікам сустрэч з людзьмі, бізнесам і грамадскімі аб’яднаннямі, якія абазначаюць новыя кірункі, што патрабуюць удасканалення.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.