Вы тут

У госці да цара малпаў


Горад Ляньюньган, што ў правінцыі Цзяньсу, — гэта не толькі адзін з найбуйнейшых сусветных партоў (уваходзіць у глабальны топ-20) на ўзбярэжжы Жоўтага мора, але і вялікі маляўнічы горны раён. «Калі б вобраз Сунь Укуна ўвасобіўся ў рэальнасць, ён бы прыняў абрысы Ляньюньгана», — сказаў калісьці старшыня КНР Сі Цзіньпін, зірнуўшы на тутэйшае наваколле. Біяграфія знакамітага героя кітайскага класічнага рамана і яго падарожжа на Захад бярэ свой пачатак тут, на гары Хуагашань, каля партовага горада.


Але аб усім па парадку. «Падарожжа на Захад» — адзін з чатырох класічных раманаў на кітайскай мове. Апублікаваны ў 1590-я гады без указання аўтара. У XX стагоддзі зацвердзілася меркаванне, што напісаў яго кніжнік У Чэн'энь. Фантастычна-сатырычны раман у 100 раздзелах апавядае аб падарожжы манаха Сюаньцзана па Шаўковым шляху ў Індыю па будыйскія сутры. Галоўнай дзеючай асобай, аднак, з'яўляецца не сам Сюаньцзан, які іграе вельмі пасіўную ролю, а яго спадарожнік цар малпаў Сунь Укун. Сярод іншых спадарожнікаў манаха — камічны паўчалавек-паўсвіння Чжу Бацзэ, манах Ша Сэн і белы конь-дракон, які раней быў прынцам.

Гістарычная аснова рамана абрастае самымі фантастычнымі прыгодамі, фальклорны апавядальны пачатак спалучаецца з аўтарскім, народныя словы — з высокім літаратурным стылем, проза перамяжоўваецца шматлікімі вершаванымі ўстаўкамі. Падарожнікам сустракаюцца і супрацьстаяць розныя істоты, якія часта з'яўляюцца пярэваратнямі. Сунь Укун валодае здольнасцю да 72 ператварэнняў і мае чароўны кій. Аднак нягледзячы на гэта і падтрымку спадарожнікаў, яму часта не па сілах адолець пярэваратняў, і тады на дапамогу прыходзяць бадхісатвы.

Вядома ж, з такой багатай фактурай «Падарожжа на Захад» і ўласна Сунь Укун сталі асновай для шматлікіх спектакляў, кінафільмаў, серыялаў, мультфільмаў і відэагульняў. Знаўцы скажуць, што гэта цэлы сусвет, які захоплівае ўяўленне. Аднак, паверце, нават самая прыгожая і даведзеная да дасканаласці спецыялістамі відэаэфектаў карцінка не вартая арыгінала. Мне пашчасціла пабачыць тую самую гару, дзе, паводле старажытных паданняў, з'явіўся і ўладарыў той самы цар малпаў.

Хуагашань з даўніх часоў лічыцца «самым маляўнічым месцам у Дунхаі» і «адной з чатырох боскіх гор Кітая», уражваючы падарожнікаў не толькі прыроднай прыгажосцю, але і помнікамі гісторыі, і міфалагічным каларытам. Гэта турыстычная зона плошчай больш чым 75 кв. кіламетраў, нацыянальны геалагічны парк. Хуагашань можна перакласці як «гара кветак і пладоў». Галоўны ўваход на тэрыторыі гары зроблены вельмі арыгінальна. Каля ўвахода — вялізная каменная скульптура цара малпаў. Непадалёк усталяваны велізарны гарэльеф, які паказвае карціну падарожжа будыйскага манаха Сюаньцзана і яго трох вучняў у Індыю па святыя сутры. Дарогу на гару ахоўваюць чатыры каменныя львы.

Захаваўся і камень, адкуль, паводле паданняў, з'явіўся Сунь Укун. Наведвальнікаў сустракаюць каменныя малпы. Адно з цікавых месцаў — пячора з воднымі «фіранкамі» перад уваходам (Шуйляньдун). Кажуць, што гэтая пячора была выдатным жыллём для самога Сунь Укуна і яго «дзяцей-малпаў». Яе загароджвае вадаспад, як натуральная заслона. А ў самой пячоры, якая знаходзіцца за воднымі «фіранкамі», ціха і самотна. Тут ёсць каменныя сталы, зэдлічкі. Яны зроблены не людзьмі, а самой прыродай. І зараз у пячоры ўзнікае пачуццё, што адсюль толькі-толькі сышлі Сунь Укун і малпы. Кажуць, што аўтар рамана «Падарожжа на Захад» пабываў на гэтай гары ў пошуках натхнення для працы над раманам. Аднойчы, калі У Чэн'энь адпачываў у пячоры, ён заснуў. Яго адразу акружыў натоўп малпаў, якія заўважылі рукапіс пісьменніка. Праглядзелі і раззлаваліся, крыўдуючы на пісьменніка за тое, што ён шмат напісаў, але нічога пра іх у рукапісе няма. Таму малпы разарвалі старонкі рамана. Пісьменнік прачнуўся і не знайшоў ні рукапісу, ні пяра, убачыў толькі жывых малпаў. Сцвярджаюць, што У Чэн'энь не раззлаваўся, а, наадварот, у яго з'явілася сімпатыя да гэтых жывёлін, і ён вырашыў узяць малпаў у якасці герояў свайго рамана. У наш час у гэтай пячоры здымалі знакамітыя кадры для тэлесерыяла «Падарожжа на Захад». На гары Хуагашань шмат гротаў, якія аб'ядналі пад агульнай назвай «72 пячоры». Усе яны сфарміраваліся ў выніку руху зямной кары.  рамане «Падарожжа на Захад» напісана, што ўсе дэманы з 72 пячор здаліся цару малпаў, пасля гэтага яны перайшлі на бок дабра і ў бітве за гару адыгралі галоўную ролю.

Хуагашань адметная не толькі прыгожай прыродай, але і багатымі культурнымі каштоўнасцямі. Ансамбль старажытнай архітэктуры на гары прыцягвае ўвагу турыстаў, не саступаючы прыгажосці прыроды. На гары захаваліся старажытныя архітэктурныя збудаванні, руіны старых пабудоў і надпісы на камені, пакінутыя літаратарамі розных часоў. Тут былі ўзведзены храмы і пагады пры дынастыях Тан, Сун, Юань, Мін і Цын. У 1691 годзе Кансі, імператар дынастыі Цын, зрабіў надпіс, чым выказаў сваю глыбокую павагу перад бажаством гары Хуагашань.

Вежа князя А Юя, што знаходзіцца каля падножжа гары, была ўзведзена тысячу гадоў таму — яшчэ ў 1023-м. Пабудова васьмігранная з 9 прыступкамі вышынёй 10 метраў. Яна ўзведзена цалкам з цэглы. Вежа, выкарыстоўваючы сучасную тэрміналогію, сейсмаўстойлівая — яна некалькі разоў вытрымала землятрусы і не разбурылася. Палац Саньюаньгун знаходзіцца ў цэнтры аднайменнага архітэктурнага комплексу на гары Хуагашань. Згодна з наяўнымі запісамі, ён быў заснаваны пры дынастыі Тан, перабудаваны пры дынастыі Сун і пашыраны пры дынастыі Мін. У часы праўлення дынастыі Цын яго шмат разоў рамантавалі. У 1938 годзе палац пацярпеў падчас бамбардзіроўкі японскімі захопнікамі, і ў 1939-м яго падпалілі японцы. Пасля будынак пачалі рэстаўрыраваць паводле архітэктурнага стылю дынастыі Мін. І цяпер тут сфарміраваны храмавы комплекс, галоўнай пабудовай якога з'яўляецца храм Хайнін. Юйхуан — даоскі храм. Да 1587-га ён быў самай высокай пабудовай архітэктурнага комплексу Саньюаньгун. Гэты храм умела ўпісаны ў горны рэльеф.

Хвоя, якая расце з правага боку ад галоўнага ўваходу ў палац Саньюаньгун, памятае яшчэ часы дынастыі Сун. А двум дрэвам гінкга ва ўнутраным дворыку палаца ўжо больш чым 1100 гадоў. Вяршыня Юйнюй (624,4 метра) — найвышэйшы пункт правінцыі Цзяньсу. Яна названа ў гонар міфічнай нефрытавай жанчыны, якая жыла ў Нябесным палацы (Цяньгун), які апісаны ў «Падарожжы на Захад». Яна прыляцела на Зямлю, каб знайсці сваё каханне. Кажуць, калі гара ахутана туманам, з'яўляецца казачная вытанчаная постаць Юйнюй. Нам пашчасціла: калі ўзабраліся на Хуагашань, легендарную гару ахінуў рамантычны вэлюм. І, здаецца, сярод велічных шатаў тысячагадовых дрэў з'явілася Юйнюй.

На гары кветак і фруктовых садоў збіраюць багаты ўраджай садавіны і ягад. Напрыклад, добра растуць кітайская актынідыя (усім вядомая ківі), белы абрыкос, кітайскі каштан. Ёсць на гары і незвычайны бамбук, які называецца «золата з нефрытамі». Гэта адзін з чатырох вядомых відаў дэкаратыўнага бамбука ў Кітаі. Сам ён залацісты, але з зялёнымі выемкамі ў каленцах, якія вельмі падобныя на зялёныя нефрыты. Акрамя як на гары кветак і пладоў, гэты від не выжывае нідзе ў свеце. Таму ён вельмі шануецца. На гары таксама расце чай, які называецца «юньу» (у перакладзе «аблокі і туманы» — назва адпавядае наваколлю). Знаўцы сцвярджаюць, што яго варта піць менавіта тут і заварваць вадой з горнай крыніцы. Кажуць, толькі такім чынам можна насамрэч адчуць унікальны смак напою.

На вяршыні — тэатралізаванае дзейства: гасцей сустракае... сам Сунь Укун уласнай персонай. З ім можна сфатаграфавацца на памяць. А крыху ніжэй, на аўтамабільнай стаянцы, з дрэў чарадой спускаюцца малпы, якія, быццам вавёркі ў мінскіх парках, ласуюцца рознымі прысмакамі непасрэдна з рук турыстаў. Дзіўныя мясціны, што і казаць...

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота аўтара

Ляньюньган.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.