Вы тут

У будні — студэнтка, на выхадныя — паненка: як сучаснікі ў мінулае падарожнічаюць


Пяць год таму я і не ўяўляла, што такое рэканструкцыя. Толькі некалькі разоў бачыла «рыцарскія турніры» і аднойчы падчас падарожжа ў Харватыі трапіла на «гладыятарскія баі». А аднойчы мае сябры прапанавалі наведаць з імі баль. Нават параілі, у каго ўзяць сукенку для першага выхаду, і дапамаглі вывучыць танцы. З гэтага і пачалося стварэнне майго другога, паралельнага жыцця ў іншым стагоддзі. Дзіўным чынам я нібыта ўвесь час рыхтавалася да яго.


Для наведвання гістарычнага балю-рэканструкцыі неабходна прытрымлівацца дрэс-кода, суадносна з абраным перыядам, а таксама пажадана ведаць танцы. Вывучыць іх мне было зусім не складана, бо рознымі відамі танца я сур'ёзна займалася год з сямі. Аднак нават тыя, хто ніколі не танчыў, могуць без вялікіх цяжкасцяў падрыхтавацца да балю, бо гістарычныя танцы ў асноўным простыя і пабудаваны на ўзаемадзеянні, галоўнае не баяцца. І гэта падцвярджаецца назіраннямі: на балях можна сустрэць нямала людзей ва ўзросце. Я, напрыклад, моцна здзівілася, калі даведалася, што аднаму з кавалераў, які без перапынку запрашаў дзяўчын на танец, ужо 72 гады. А пасля высветлілася, што ён яшчэ і добры вершнік, удзельнік клуба ваеннай рэканструкцыі па кавалерыі! Ёсць сярод удзельнікаў і моладзь, некаторыя прыходзяць ужо ў 14 – 15 год з вялікім жаданнем дакрануцца да гісторыі. Гэта хобі становіцца для большасці удзельнікаў важнай часткай жыцця, яны знаходзяць сяброў, а часам і сапраўднае каханне, будуюць сем'і. Некаторыя аматары наведваюць мерапрыемствы нават з немаўлятамі.

Сям'я Розавых з малымі дзецьмі на рэканструкцыі

Мерапрыемствы бываюць разнастайнымі. Некаторыя буйныя, праводзяцца штогод у пэўным месцы і ў пэўны час, яны прымеркаваны да гістарычных падзей, напрыклад, бітва на Бярэзіне, Бабруйскі кацёл. Ёсць фестывалі, якія паказваюць адразу некалькі перыядаў, напрыклад, «Легендарныя эпохі» у Зельве. На іх збіраюцца гледачы. Людзі, не звязаныя з рэканструкцыяй таксама могуць дакрануцца да яе на так званых «грамадскіх балях», дзе няма вельмі строгага дрэс-коду і патрабаванняў. Але ёсць падзеі і закрытыя, з меншай колькасцю ўдзельнікаў і без гледачоў, затое з большым пагружэннем у гісторыю: там нельга выкарыстоўваць гаджэты і сучасныя прадметы, трэба прытрымлівацца этыкету і гэтак далей.

Для першых выхадаў можна ўзяць сукенку альбо касцюм на пракат. Аднак калі гэта хобі зацягвае, пачынаеш збіраць сваю асабістую вопратку. Рэканструктары заказваюць адзенне і аксэсуары ў майстроў, што пры належнай якасці каштуе не малых грошай, альбо ш'юць самастойна па гістарычных узорах, як зараз раблю і я. Для мужчын лічыцца файным хадзіць амаль на ўсе мерапрыемствы ў адным і тым жа, асабліва для «ваенных», якія абавязаны апранаць форму па ўставе. У дзяўчын і жанчын, як і ў тыя старадаўнія часы, гэта лічыцца дрэнным тонам: прынята хаця б на вялікія балі апранаць новыя сукенкі.

Амаль два гады таму я трапіла яшчэ і ў клуб ваеннай рэканструкцыі па пачатку XIX ст. у якасці маркітанткі (гэта былі жанчыны пры еўрапейскіх арміях, якія мелі ліцэнзіі на гандаль, гатавалі ежу, мылі і падшывалі вопратку і г.д.). Тут высветлілася, што і мая любоў да прыроды і паходаў, якую з малога дзяцінства прывіваў мне бацька, і тры гады сур'ёзных заняткаў фехтаваннем, і ўменне ездзіць верхам, засвоенае калісці на падворку ў сяброўкі, да якой я раз-пораз ездзіла ў госці на канікулах у шостым і сёмым класе, прыйшліся вельмі дарэчы. Рэканструкцыя ваеннага фарміравання пачатку дзевятнаццатага стагоддзя прыўносіць у жыццё кожны год не менш як 4-5 выездаў удалечынь ад цывілізацыі, у поле альбо лес амаль без сучасных рэчаў, затое з кампаніяй сяброў-аднадумцаў, з імкненнем прачуць жыццё, апынуцца ў стане салдата таго часу. Тут часцей за ўсё не падабаецца дзяўчынкам, якія баяцца мурашак і ніколі не гатавалі на адкрытым вогнішчы, не спалі ў палатцы. Але з бацькам, які прайшоў безліч складаных турыстычных маршрутаў па недасяжных горных рэках Азіі і вазіў з сабою, куды было можна, сваю дачурку, у мяне не было ніякага шанца не прыстасавацца і не палюбіць такое вольнае жыццё на прыродзе.

У межах ваеннай рэканструкцыі не прынята браць жанчын салдатамі, аднак і такое здараецца. Напрыклад, Інга Пеганава, якая ў рэканструкцыі з 2017 года і займаецца адразу трыма перыядамі: XIV ст, XIX ст. і Першай Сусветнай вайной. Дзяўчына распавядае:

– Мне больш за ўсё падабаецца ўдзельнічаць у рэканструкцыі Першай Сусветнай вайны, апошняй «элегантнай» і першай з выкарыстаннем такой колькасці тэхнікі. Аднак пра яе зараз, нажаль, мала хто ўзгадвае. Там я з'яўляюся грэнадзёрам 4 Нясвіжскага палка генерала-фельдмаршала князя Барклая-дэ-Толі. Таксама дзяўчынкі нашага палка рэканструююць Жаночы ўдарны батальён Марыі Бачкаровай і медсясцёр Чырвонага крыжа.

Наша мэта ўшанаваць памяць тых, хто абараняў нашыя землі, і паказаць як вайна губіць жыцці і як моцна нам трэба шанаваць гэты крохкі свет.

Інга Пеганава на рэканструкцыі падзей Першай сусветнай вайны

Па кожным больш-менш глыбока раскрытым гістарычным перыядзе, ад антычнасці і да ХХ стагоддзя стварыліся шырокія суполкі, дзе ў кожнага ёсць свой пэўны статус, ёсць сябры і ворагі. Часам здараюцца такія канфлікты, якія прыводзяць да роспуску і раздзялення клубаў, зрываюць мерапрыемствы і ледзь не выліваюцца ў сапраўдную дуэль (хаця і дуэлі ў межах руху здараліся некалькі разоў). У ваеннай рэканструкцыі існуе строгая іерархія, і званні даюцца за кіраванне клубам, арганізацыю добрых мерапрыемстваў, узнагароды – таксама за пэўныя дасягненні. А ў свецкай усё яшчэ больш тонка (мабыць, таму, што запраўляюць тут жанчыны?..) Тут фарміруюцца групоўкі, якія супернічаюць паміж сабой, а скандалы і інтрыгі здараюцца такія, што сапраўды адчуваеш сябе ў грамадстве дзвесце гадоў таму. 

Аднойчы адзін выкладчык сказаў мне, што, здаецца, мне лепей было б жыць за дзвесце гадоў да свайго нараджэння. Мабыць, яно і так, але падумаўшы пра гэта сур'ёзна, я скажу – не. Мне падабаецца маё сучаснае жыццё на два сусветы.

Ганна РОВІНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.