Вы тут

Ураджэнец Беларусі адзіны займаў пасады прэзідэнта і прэм'ер-міністра Ізраіля


2 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Шымона Перэса

Шымон Перэс (Сямён Перскі) нарадзіўся ў вёсцы Вішнёва Валожынскага раёна Мінскай вобласці 2 жніўня 1923 года. Яго першым духоўным настаўнікам быў рабін Гірша Мельцэр. Для апошняга Шымон адначасова быў і вучнем, і ўнукам. Праз шмат гадоў ураджэнец вёскі Вішнёва ўспамінаў: «Ён быў для мяне скарбніцай мудрасці. Менавіта ён пазнаёміў мяне з Торай і гісторыяй яўрэйскага народа. Па меры таго як я рос, я разам з дзедам вывучаў Талмуд».


Сіянісцкі стрыжань ў светапоглядзе Шымона Перэса становіцца яшчэ больш моцным пасля таго, як у 1934 годзе ён пераязджае ў Палесціну, якая была тады пад брытанскім мандатам. Нашага земляка па праву можна лічыць адным з айцоў-заснавальнікаў Дзяржавы Ізраіль.

Шымон Перэс унёс вялікі ўклад у перамогу Дзяржавы Ізраіль у вайне за Незалежнасць. Ужо тады праявілася яго выбітная якасць: вырашаць ураўнанні са шматлікімі невядомымі. Для таго, каб супрацьстаяць войскам пяці арабскіх дзяржаў, якія напалі на Ізраіль, неабходна было звыштэрмінова вырашыць кадравае пытанне па наборы вайскоўцаў, у разы павялічыць колькасць узбраенняў з цалкам здавальняючымі тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі. І Шымон Перэс, які нягледзячы на ​​маладосць, займаў высокую пасаду ў абаронным ведамстве, бліскуча справіўся з пастаўленай задачай.

Пасля вайны за Незалежнасць было пастаўлена пытанне аб стварэнні ізраільскага ваенна-прамысловага комплексу (ВПК). Шымон Перэс, які ўпэўнена працягваў кар’ерны рост у міністэрстве абароны, быў па многіх напрамках ўцягнуты ў гэты працэс. Менавіта дзякуючы яму з’явіўся авіяцыйны сегмент ВПК. Будучы бліскучым перамоўшчыкам, ён наладзіў вельмі эфектыўную кааперацыю паміж ВПК Ізраіля і Францыі, умудрыўся цалкам бясплатна атрымаць прадукцыю заходнегерманскага ВПК, заклаў базіс для рэалізацыі арыентаванай на патрэбы абароны ядзернай праграмы. Шымон Перэс выступіў адным з генератараў ідэй, якія выдатна спрацавалі пры прад’яўленні Тэль-Авівам ваенных аргументаў падчас Суэцкага крызісу 1956 году.

У 1959 годзе адбыўся дэбют нашага земляка ў якасці парламентарыя. Новаспечаны дэпутат пісаў: «Тэрыторыя Ізраіля ў даўжыню здабытая яго салдатамі і сялянамі. Сваёй тэрыторыі ў шырыню ён пазбаўлены з-за наяўнасці арабскіх краін. Вышыня Ізраіля — ў дасягненнях яго навукоўцаў і інжынераў, сістэме адукацыі і агульным інтэлектуальным узроўні». Ад сябе заўважым, што ўся палітычная кар’ера Перэса была звязана з імкненнем па максімуму выкарыстоўваць гэтую вышыню.

З 1967 года ён рабіў гэта ў якасці сакратара маладой партыі «Авода» («Партыі працы»), з 1969 года — у якасці міністра. Першы міністэрскі вопыт доўжыўся восем гадоў. Затым знаходжанне ў апазіцыі будзе чаргавацца з урадавай адказнасцю. Ён пабудзе не толькі міністрам, але і віцэ-прэм’ерам, двойчы будзе сядзець у крэсле прэм’ер-міністра.

Сярод ізраільскіх палітыкаў Перэс вылучаўся гатоўнасцю пайсці на вельмі відавочныя кампрамісы з мэтай блізкаўсходняга мірнага ўрэгулявання. Добра вядомая формула Перэса — «мір у абмен на тэрыторыі». Менавіта гэтай формулай кіраваўся наш зямляк, выступаючы адным з архітэктараў двух пагадненняў, датаваных адпаведна 1993 і 1994 г.г. Бакі першага пагаднення — Ізраіль і Арганізацыя Вызвалення Палесціны, другога — Ізраіль і Іарданія. За гэтыя пагадненні Перэс быў удастоены Нобелеўскай прэміі міру.

Апошні этап у палітычнай біяграфіі гэтага чалавека — пасада прэзідэнта ў 2007-2014 г.г. На гэтай пасадзе Перэс успрымаўся як агульнанацыянальны маральны аўтарытэт.

Варта сказаць, што пасля смерці Перэса ў ізраільскім грамадстве захоўваецца раскол на прадмет ацэнак вышэйзгаданых пагадненняў 1993 і 1994 г.г. Прыхільнікі гэтых пагадненняў, якія вызначыліся ў сярэдзіне 1990-х гадоў, абавязкова будуць звяртацца да наступнага выказвання Перэса: «Кожны палітык павінен аддаваць сабе справаздачу ў суадносінах прагнозаў і рэальнасці. Мяне лічаць аўтарам ідэі новага Блізкага Ўсходу. Прызнаю сябе „вінаватым“. Я сапраўды мару аб новым Блізкім Усходзе, дзе не будзе варожасці паміж арабамі і габрэямі. Мяне называлі шарлатанам, заяўлялі, што я гандлюю белымі сланамі. Сёння мяне ўжо не цікавіць, што пра мяне кажуць. Я ведаю сваю задачу і выканаю яе да канца».

Смерць гэтага чалавека 28 верасня 2016 года азначала шматгранную страту. Ён быў не толькі выбітным палітыкам, але і бліскучым паэтам, яркім публіцыстам.

У 90-я гады Шымон Перэс некалькі разоў наведваў малую радзіму. У Вішнёве ён адшукаў нават калодзеж з былой сваёй сядзібы. Захаваліся цёплыя ўспаміны Перэса пра вёску дзяцінства. Пазней Вішнёва наведвала дачка палітыка.

Міхаіл СТРАЛЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.