Вы тут

Дзіцячы «зялёны» намётавы лагер працуе на Чыжоўскім вадасховішчы


Амаль месяц як на беразе Чыжоўскага вадасховішча ў Мінску працуе незвычайны дзіцячы намётавы лагер. Больш за 60 юных натуралістаў атрымліваюць тут веды пра навакольнае асяроддзе і развіваюць навыкі самастойнага жыцця, удзельнічаюць у спаборніцтвах, актыўных і інтэлектуальных гульнях і праводзяць майстар-класы па стварэнні вырабаў з прыродных матэрыялаў, назіраюць за птушкамі і робяць запісы... Адным словам, цікава і з вялікай карысцю бавяць летнія канікулы.


Летні лагер арганізаваны ў рамках гарадскога праекта «Зялёныя класы беларускай сталіцы», што сумесна ладзяць Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і сталічны Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця. Галоўная мэта такіх злётаў — даць школьнікам магчымасць працягнуць назіранне за прыродай на канікулах. Тут дзеці даглядаюць за невялікім агародам, жывым кутком з хатнім трусам, сочаць за птушкамі. Таксама ў лагеры ёсць лабараторыя з інкубатарам для вывядзення залацістых фазанаў і перапёлак, плануецца ўстаноўка акварыума для рачной рыбы.

Руслан Шайкін, дырэктар мінскага Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця і кіраўнік летніх змен зялёнакласнікаў удакладняе:

— Дзеці з 1–5 класаў прыходзяць зранку толькі на дзённы час. Таму мы і называем свой летнік злётам, падчас якога вядзём дзяцей у аднадзённы паход. Да самага вечара паказваем мясцовых птушак, насякомых і расліны. У прыватнасці, на Чыжоўскім вадасховішчы ёсць адкрытая тэрыторыя, дзе жывуць шэрыя курапаткі.

Летнік уключае некалькі міні-праектаў: «Зараджэнне жыцця», «Вырошчванне самоў», «Жыццёвы цыкл божай кароўкі» і інш. Так, «Зараджэнне жыцця» прадугледжвае ўсталяванне аўтаномных інкубатараў для вывядзення птушак — дарэчы, хутка чакаем вывадак перапёлак.

Поспех праекта тлумачыцца тым, што мы ўвесь навучальны год займаемся з дзецьмі ў школах, што маюць зялёныя класы (19 школ і каля 1900 дзяцей. — Заўв. рэд.), праводзім экскурсіі. А злёты — гэта своесаблівая палявая практыка.

У выніку безупыннай дзейнасці Цэнтра экавыхавання і развіцця рух зялёнакласнікаў з кожным годам пашыраецца на новыя школы сталіцы. Верагодна, што такі прыклад мясцовай асветы мог бы знайсці водгук і ў іншых абласцях Беларусі. Забаўляльна-пазнавальны змест праекта робіць яго дастаткова займальным, каб стаць устойлівай з’явай дзіцячага руху краіны.

Кожная змена (адна на месяц) уключае 10 дзён. Апошняя плануецца з 21 па 30 жніўня.

Уладзімір РУСАКОВІЧ

Фота з архіва Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.