Вы тут

Караткевіч не застаўся на апусцелай сцэне — «Карней. Гісторыя аднаго дома»


Амаль чатыры дзесяцігоддзі няма з намі Уладзіміра Караткевіча, але ён па-ранейшаму застаецца найулюбёнейшым аўтарам многіх суайчыннікаў. Тыя, хто хоць раз судакрануўся з яго творчасцю, не застаюцца абыякавымі да асобы пісьменніка — ён расказаў беларусам праўду пра іх саміх. І нездарма папулярнасць Караткевіча ўзрастае ад пакалення да пакалення: сэнс, прыхаваны ў яго творах, універсальны — ён раскрываецца па-рознаму ў залежнасці ад самаўсведамлення чалавека, ад таго, чым ёсць для яго Бацькаўшчына і якое месца ў ягонай душы займаюць думкі пра яе. Цяпер, калі Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай і сама вырашае свой лёс, як ніколі важна памятаць мінулае і цяжкі шлях, поўны выпрабаванняў, які давялося прайсці нашым папярэднікам у барацьбе за права мець уласны дом на ўласнай зямлі, дыхаць вольным паветрам і ні ў кога не пытацца дазволу размаўляць на роднай мове. Таму кожнае пакаленне беларусаў пераасэнсоўвае спадчыну У. Караткевіча, знаходзячы ў ёй штосьці ўнікальнае, адрасаванае ўсім і кожнаму асабіста.


Што ёсць для цябе ўласны дом? Як ты яго адчуваеш? Дзе ты ўдома? І што рабіць, калі дом твой апаганьваюць альбо адбіраюць у цябе? Глыбока паразважаць над гэтымі пытаннямі запрашае прэм’ера пад назвай «Карней. Гісторыя аднаго дома», пастаўленая рэжысёрам Аленай Зміцер па апавяданні У. Караткевіча «Карней — мышыная смерць». Пастаноўка адбылася ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Дзея пачынаецца раней, чым заслона адкрывае тэатральную сцэну: у фае гучыць аўдыёпраект «Насіць сэрца дома з сабой». І гэта арыгінальная задума натхняе на спасціжэнне сутнасці самых важных у жыцці кожнага чалавека рэчаў.

Як працяг — тое, што самым першым бачаць гледачы на сцэне: Дом. З вялікай літары, таму што ён — галоўны герой дзеі і перадусім — галоўны прадмет даследавання. Сімвал самага дарагога, алегорыя сувязі чалавека з зямлёй, з радзімай — малой і вялікай, «уцялесненасці» яго пачуццяў, мар, найлепшых памкненняў і дасягненняў. А таксама і злучальнае звяно ў непарыўным ланцужку пакаленняў, досведу, які яны мусяць назапасіць і перадаць наступным маладым, у бясконцай (без пачатку і без завяршэння) хадзе часу, кожны этап якога прыносіць выпрабаванні, кідае чалавеку выклік і патрабуе неадкладнага адказу...

Дом умоўна раздзелены на два паверхі — як два планы, два ўзроўні, на якіх адбываюцца падзеі. Так, на адным з іх людзі высвятляюць адносіны, будуюць планы і здзяйсняюць мары. Потым гледачы становяцца сведкамі дыялогаў у мышыным сямействе, што адбываюцца на іншым, — і паўстае пытанне: а хто больш чалавечны — людзі ці мышы? Адразу ж згадваеш аўтара твора, па якім пастаўлены спектакль, і разумееш: Караткевіч настолькі любіў Радзіму — свой Дом, што нават мышы і пацукі ў ім ачалавечаныя, не выклікаюць ніякай агіды, а толькі замілаванне іх няхітрай дзелавітасцю, гаспадарлівасцю, любоўю, дабрынёй, клопатамі пра сваіх маленькіх.

Гэтыя «ўтульныя» пачуцці, калі ты быццам адплываеш у салодкіх алюзіях-успамінах, пачуваючыся ў казачным свеце, радуючыся за галоўнага героя, які, спакутаваны і заблукалы на бясконцых сцежках родных мясцін, урэшце атрымлівае як падарунак і ўзнагароду і адначасова як належнае, як тое, чаго ён варты, і кропельку чалавечай цеплыні побач з мясцовай удавой, і прытулак у яе сценах, і нават паразуменне і сяброўства з яе дарослым сынам, — уступ, прэлюдыя да чагосьці грандыёзнага, глабальнага ў сваёй сутнасці…

Галоўны герой, пацукалоў Карней (цудоўны вобраз, створаны Дзянісам Аўхарэнкам) — заварожвае адразу. І гэта нягледзячы на тое, што ён — не як усе, не ад гэтага свету: непрыстасаваны да жыцця, зусім не адпавядае штампаваму ўяўленню пра поспех: усё яго багацце — яго замовы, мары, травы і, натуральна, яго душа. Ён як квінтэсенцыя беларускай душы, нашага светапогляду — у ім сканцэнтравана ўсё найлепшае, што ёсць на гэтай зямлі. Ён нават з мышамі і пацукамі размаўляе па-добраму, па-чалавечы, яны для яго не ворагі, а неад’емная частка карціны свету. Нездарма гучыць характэрная цытата з твора Уладзіміра Караткевіча: «Пацукалоў, які не забіў ніводнага пацука…» Дзеці, якія інтуітыўна адчуваюць сапраўднае хараство гэтага свету і самае вартае ў дадзеным жыцці, любяць пацукалова і ходзяць за ім гужам… Асабліва кранае наіўнасць чулай душы, калі пацукалоў, адзін супраць усіх (прыхадні забралі ў Карнея святая святых — яго выпакутаваны дом, які ён давёў да ладу, упарадкаваў і адрамантаваў), спрабуе пераканаць захопнікаў (сцэна пакарання смерцю яўрэяў): нельга павесіць чалавека, бо яму не будзе чым дыхаць… Згадваецца Караткевічава: і адзін у полі воін…

Па сюжэце, Карней удае сабою дзівакаватага прастака. Ён гаворыць пра сябе: п’янею з першага кілішку, не разумею патрэбных рэчаў, блытаюся ў тлумачэннях. Між тым гледачы адчуваюць, што гэтая самахарактарыстыка хутчэй спрацоўвае як аўтапрэзентацыя: не чакайце ад мяне шмат… Тым больш глядач па-добраму здзіўлены, калі пераконваецца: усё з Карнеем у поўным парадку! Найсвятлейшая мара яго — сядзець пад ігрушаю побач з жонкай ды піць гарбату з варэннем, і каб дзіцятка мела ўсё неабходнае для жыцця і не ведала нястач праз галечу. Ну што яшчэ, па вялікім рахунку, патрэбна для душэўнага спакою, кім бы ты ні быў — пацукаловам ці высокім начальнікам… А калі спатрэбілася разабрацца ў складаным механізме пры закладцы бомбы, то і тут разабраўся «на раз» (але гэта забягаючы наперад)…

Адчуванне драматызму нарастае і выглядае як нешта непазбежнае пасля двухсэнсоўнай фразы аднаго з герояў: «Я — пацук!»… Прыходзіць вайна, і ў новай страшэннай дадзенасці чалавек атрымліваецца зусім безабаронным, яго жыццё нічога не вартае. І разам з тым любая складаная сітуацыя, хай яна непадымна цябе прыціскае і размазвае, пакідае ўсё ж прастору для выбару, як бы ні было цяжка і непамысна. Так, Карней адчувае ўсёй сваёю істотай лёсавызначальнасць моманту, але гэта не кідае яго ў непраходнае балота сумненняў і разваг…

У аснове спектакля — не толькі згаданае апавяданне Уладзіміра Караткевіча. Там гучаць цытаты і са шматлікіх іншых яго твораў. Калі на фоне тусоўкі выгаленых дагледжаных захопнікаў у чорных ботах, што пачуваюцца гаспадарамі ў забраным краі з яго няхітрымі палеткамі і хацінкамі мірных жыхароў, чуеш: кожнае пакаленне бліжэй да свабоды на ўзровень магіл продкаў, — успрымаеш гэта не кропкава, датычна толькі канкрэтнага гістарычнага моманту, а ўвогуле як стрыжань, які ўтрымлівае і лучыць тое, што было, з тым, што будзе… Як маналог Караткевіча, звернуты да нас з мінуўшчыны — часоў, калі ён пісаў свае шэдэўры, і з часоў, пра якія ён пісаў… Найвышэйшы момант кульмінацыі — жывы голас пісьменніка ў запісе на завяршэнні дзеі, словы глыбокай падзякі і пашаны беларускаму народу, выказаныя пісьменнікам на яго апошнім юбілеі. Прэм’ера адбылася, шмат разоў артысты выходзілі «на біс», покуль у глядзельнай зале не пралунала негалосная прапанова адпусціць іх, стомленых, дадому…

Надзвычай удалая работа рэжысёра Алены Зміцер зрабіла мажлівым тое, што Караткевіч не застаўся на апусцелай сцэне: кожны носіць сваё неба з сабою. Кожны быў з Караткевічам у вечар прэм’еры і пасля…

Яна БУДОВІЧ

Фота з архіва Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.