Вы тут

Кітайска-беларускія адносіны бесперапынна дасягаюць новых вышынь


Кітайскі народ, як і беларускі, на працягу гісторыі спазнаў беды і пакуты, выкліканыя спусташальнымі войнамі, таму яшчэ больш імкнецца да міру і шануе мір. Важнасць гэтага адзначыў аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве КНР у Беларусі старшы палкоўнік Лю Чжэ на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 96-годдзя з дня стварэння Народна-вызваленчай арміі Кітая.


«Пад цвёрдым кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Кітая народная армія смела ўступіла на шырокі шлях, які накіраваны на незалежнасць і адраджэнне кітайскай нацыі, — адзначыў Лю Чжэ. — Народна-вызваленчая армія Кітая прайшла праз дым бітваў і пажар вайны, прабівала дарогу праз мноства перашкод, несла вялікія ахвяры і атрымлівала адну бліскучую перамогу за другой. У імя росквіту краіны і шчасця народа, у імя абароны міру ва ўсім свеце і садзейнічання прагрэсу чалавецтва дабілася вялікіх гістарычных поспехаў і подзвігаў, стала сусветна вядомай сілай магутнасці, цывілізацыі і міру».

Як падкрэсліў аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве КНР, «моцная краіна перш за ўсё павінна мець моцнае войска, толькі моцнае войска можа забяспечыць нацыянальную бяспеку». Ён таксама паведаміў, што распрацаваны шэраг стратэгічных планаў і мер, накіраваных на паскарэнне мадэрнізацыі нацыянальнай абароны і ўзброеных сіл. «У выніку „трох буйных бітваў“ за пераарыентацыю сістэмы кіраўніцтва і камандавання, аптымізацыю маштабнай структуры і фармавання сіл, а таксама прасоўванне рэформы сістэмы ваеннай палітыкі Народна-вызваленчая армія Кітая набыла новае аблічча, а нацыянальная абарона і мадэрнізацыя ўзброеных сіл выйшлі на новы ўзровень сусветнага класа», — заявіў Лю Чжэ.

Аташэ адзначыў, што «ісці шляхам мірнага развіцця — непахісная нацыянальная воля і стратэгічны выбар Кітая. Краіна бесперапынна праводзіць незалежную і самастойную мірную знешнюю палітыку. Рост ваеннай моцы КНР — гэта рост міратворчых сіл у свеце і рост сіл міжнароднай справядлівасці. Як паведаміў Лю Чжэ, за апошнія 30 гадоў Кітай накіраваў больш за 50 тысяч міратворцаў у больш як 20 краін і рэгіёнаў для ўдзелу ў міратворчых аперацыях ААН, стаўшы ключавой сілай арганіўацыі ў падтрыманні міру. Цяпер КНР з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком войскаў для міратворчых аперацый сярод пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН.

Як адзначыў аташэ, «у апошнія гады пад стратэгічным кіраўніцтвам лідараў дзвюх дзяржаў кітайска-беларускія адносіны бесперапынна дасягаюць новых вышынь». У прыватнасці, у ходзе сёлетняга візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай «кіраўнікі дзвюх дзяржаў падпісалі сумесную заяву аб далейшым развіцці ўзорных адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Кітая і Беларусі ў новую эпоху, што надало новы і магутны імпульс развіццю адносін паміж Кітаем і Беларуссю і ўзброенымі сіламі дзвюх краін».

Як падкрэсліў аташэ, «у далейшым абмены і практычнае супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі Кітая і Беларусі, грунтуючыся на ўжо дасягнутым узроўні, прынясуць яшчэ больш вынікаў і сумесна ўнясуць вялікі ўклад ва ўмацаванне міру ва ўсім свеце і рэгіянальнай стабільнасці».

Кітай у знешняй палітыцы працягвае ісці курсам на ўмацаванне рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, адзначыў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. «Армія Кітая — надзейны гарант міру і працвітання дзяржавы. Яна з гонарам вытрымала ўсе нягоды, якія выпалі на долю кітайскага народа. Зараз у НВАК працягваецца маштабнае рэфармаванне. Пры гэтым упор робіцца на распрацоўку новых відаў узбраенняў і ваеннай тэхнікі, шырокае ўкараненне лічбавых і інтэрнет-тэхналогій, усебаковае навучанне і падрыхтоўку ваеннаслужачых да вядзення баявых дзеянняў з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў», — заявіў Віктар Хрэнін.

Як адзначыў Віктар Хрэнін, «у знешняй палітыцы Кітай прадаўжае ісці курсам на ўмацаванне рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі. «Супрацоўніцтва з Кітаем у цэлым, як і яго ваенны складальнік у прыватнасці, з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам знешняй палітыкі. Надзейным фундаментам для яго развіцця застаюцца адносіны дружбы паміж дзяржавамі, якія склаліся гістарычна», — лічыць міністр абароны.

Як падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн, кітайска-беларускае супрацоўніцтва дынамічна развіваецца ва ўсіх сферах. Дыпламат звярнуў увагу, што ў верасні мінулага года кіраўнікі дзвюх дзяржаў прынялі сумеснае рашэнне ў Самаркандзе аб павышэнні ўзроўню кітайска-беларускіх адносін да ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, дзякуючы чаму ўзаемадзеянне ў чарговы раз здзейсніла гістарычны скачок. Падчас сёлетняга дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай кіраўнікі дзвюх краін падпісалі сумесную заяву аб далейшым развіцці адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства ў новую эпоху, якая, на думку пасла, з’яўляецца новым маштабным планам паглыблення супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі ў розных галінах.

Па выніках мінулага года Кітай стаў другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі. Тавараабарот пабіў рэкорд і дасягнуў 5,8 мільярда долараў. «Сёлетнія паказчыкі яшчэ больш уражлівыя. У першыя пяць месяцаў тавараабарот паміж нашымі краінамі склаў 3,7 мільярда долараў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 127 працэнтаў. Гэта проста неверагодны вынік, які стаў магчымым дзякуючы сумесным намаганням нашых краін».

Як бачым, Мінск і Пекін пакараюць новыя вяршыні і дасягаюць вынікаў, якія раней здаваліся немагчымымі.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота аўтара і пасольства КНР

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.