Вы тут

«Ветразь», «Іскра». «Дружба». Наведалі лепшыя кніжныя крамы Брэста


«Ветразь», «Іскра». «Дружба». Наведалі лепшыя кніжныя крамы Брэста.


«Ветразь»

Кніжная крама «Ветразь» — найбліжэйшая да чыгункі, і гэта найбольш спрыяльнае месца для наведвання гасцямі горада. Турыстаў прыходзіць шмат: і па сувеніры, і па дзіцячыя кніжачкі, у тым ліку на беларускай мове. Карыстаецца папулярнасцю крама і ў моладзі. Кнігі брэсцкіх аўтараў, а таксама выданні пра Брэстчыну прадстаўлены тут на відным месцы. Шырокі асартымент і школьнай, вучэбнай літаратуры.

— Калі раптам не хапае якога-небудзь дапаможніка, мы бяжым сюды, — дзеліцца старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяна Дземідовіч. — Хацелася б толькі, каб было больш кніг брэсцкіх аўтараў па-беларуску. Тут назіраецца дэфіцыт…

— Сярод найбольш запатрабаваных аўтараў — Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў, — распавядае загадчыца крамы Ірына Стасевіч. — Запатрабаваны і выданні з букіністычнага аддзела: яны адносна недарагія, таму людзі часта набываюць нешта пачытаць у дарозе. Ёсць кола пастаянных кліентаў, якія здаюць кнігі на рэалізацыю.

Крама гэтая адна з найстарэйшых, вядзе свой адлік з 1959 года.


«Іскра»

Кампактненькае, але ўтульнае памяшканне кніжнай крамы «Іскра» сустракае наведвальніка паліцай з выданнямі аўтараў Брэстчыны: Зінаіды Дудзюк, Наталлі Кандрашук, Анастасіі Смілінай, Настассі Нарэйкі, Любові Красеўскай. Шырока прадстаўлена і «Берасцейская скарбніца». З задавальненнем прыходзяць сюды дзеці. Так, на маштабным свяце да Дня беларускай мовы тут выступалі маладыя аўтары Ірына Макарчук і Кацярына Мізерыя, а вучні сярэдняй школы № 9 падрыхтавалі адмысловую праграму, на якой выступалі ў нацыянальных касцюмах, атрымалі ад «Белкнігі» падарункі.

— Калі мы праводзім імпрэзы, стараемся падключыць і выпадковых наведвальнікаў, асабліва калі яны з дзецьмі: каб малыя штосьці прачыталі, адказалі на пытанні, размаўлялі на роднай мове, — дзеліцца Таццяна Дземідовіч. — Пісьменнікаў тут ведаюць у твар і па імені, яны тут частыя госці. Нядаўна крама адзначыла 55-гадовы юбілей.


«Дружба»

Крама адчынілася ў 1981 годзе. Спачатку там прадавалася ў асноўным замежная літаратура. Крама гэтая — адна з узорных, уваходзіць у дзясятку найлепшых па рэспубліцы. Часта там праводзяцца мерапрыемствы з удзелам пісьменнікаў Брэстчыны.

Інтэрактыўная зона паміж паверхамі.

Пакупнік зазвычай хоча зайсці ў краму і купіць усё патрэбнае і адразу. Крама «Дружба» якраз і адпавядае гэтым патрабаванням: па асартыменце яна, бадай, у горадзе найшырэйшая, мае два паверхі.

Дарэчы, паміж паверхамі ў краме ёсць інтэрактыўная пляцоўка, дзе заўжды цікава затрымацца дзіцяці: тут знаходзяцца вялікі «ручны» каляндар і героі папулярных твораў, а таксама «дрэва знічак». Гэта адмысловая фотазона, дзе любы можа сфатаграфавацца на памяць. Праект гэты спрыяў таму, што крама заняла першае месца па ўпрыгожванні да Новага года. Усё гэта — задумы супрацоўнікаў крамы, тое, што яны робяць сваімі рукамі.


«Мастацтва»

Гэтая крама таксама адна з гістарычных: нядаўна адзначалі 60-годдзе ўстановы. Калектыў складае ўсяго тры чалавекі, але якія яны крэатыўныя! Робяць цудоўныя ўпрыгожанні да святаў: і афармленне вітрын, і роспіс вокнаў, і выцінанкі!

Таццяна Дземідовіч з выданнямі аўтараў Брэстчыны.

Усё лепшае тут на першым плане. Асаблівая ўвага — прадукцыі беларускіх выдавецтваў. Ёсць у крамцы і букіністычны аддзел, і асобны закуток, дзе прадаюцца канцтавары і тое, што патрэбна школьніку. Часта сюды прыходзяць і аматары дэтэктыўнага рамана і містыкі, і тыя, хто «палюе» за рэдкай кнігай, зборамі твораў, выдадзенымі ад паўстагоддзя таму і болей, і па адмысловы сувенір са згадкай аб Брэстчыне.

— Пры ўваходзе ў кніжную краму кажуць: адчыніце дзверы, разгарніце кнігу і адкрыйце сэрца, — нагадвае Святлана Худзіцкая, дырэктар брэсцкага аддзялення «Белкнігі», — там — адказы на любое пытанне. А як часта можна назіраць карціну, калі з дарослымі прыходзіць у краму дзіця і, пакуль тыя вырашаюць свае пытанні, бярэ ўпадабаную кнігу, знаходзіць зручнае месца, а то і ледзь не на падлогу можа сесці, і гартае, чытае выданне, пра ўсё забыўшыся! Душа радуецца!

Зусім не наўмысна рэальнасць кніжнай крамы прадэманстравала сітуацыю, пра якую толькі што распавядалі. Мама з маленькімі дзяўчаткамі выбірала штосьці для старэйшай. Малодшая таксама знайшла сабе цікавы занятак: пацягнула з паліцы і разгарнула дзіцячую кніжачку...


«Асвета»

Як і «Дружба», гэтая крама ўваходзіць у дзясятку тых устаноў, што з’яўляюцца аб’ектамі го- нару брэсцкага філіяла «Белкнігі». Святлана Худзіцкая звяртае ўвагу на тое, што ў апошнія гады асабліва моладзь цікавіцца выданнямі па псіхалогіі і філасофіі. Крама мае шырокі асартымент адпаведнай літаратуры, а таксама выданняў на самыя розныя тэмы, навуковыя і навукова-папулярныя.

Шпацыр па крамах атрымаўся цікавым, насычаным. Асабліва парадаваў пазітыўны настрой і супрацоўнікаў устаноў, і спадарожнікаў, якія зрабілі для чытачоў «ЛіМа» невялічкую экскурсію. Па дарозе жартавалі, успаміналі розныя гісторыі, звязаныя з кнігамі, — і з уласнага жыцця, і тыя, што калісьці назіралі ў краме. Так, жанчыны згадвалі, які смешны выпадак аднойчы адбыўся ў адной з рэгіянальных кніжных крам: завітаў выкшталцона, модна апрануты мужчына, падобны да бізнесмена, і папрасіў «Рашэбнік» па матэматыцы для 1-га класа, а калі ў яго спыталі, няўжо ён сам не ў стане рашыць простыя задачкі, сумеўся і не ведаў, што адказаць…

Таша ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.