Вы тут

Жамчужына роднай прыроды. Чым цікавы Бярэзінскі біясферны запаведнік


А вы ведалі, што ў Беларусі ёсць два запаведнікі? Бярэзінскі біясферны і Палескі радыяцыйна-экалагічны, але апошні не адносіцца да ліку асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ), таму што быў створаны пасля трагедыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі для вывучэння ўплыву радыяцыі на раслінны і жывёльны свет. Бярэзінскі біясферны запаведнік — гэта частка дзікай прыроды, якая ахоўваецца дзяржавай і мае найвышэйшы прыродаахоўны статус, а таксама ўваходзіць у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА.


Калі запытаць, хто быў дзе ў Беларусі, то большасць пералічыць шмат месцаў, а вось Бярэзінскі запаведнік, на жаль, назавуць нямногія. Хоць тут ёсць, чым уразіць турыстаў: можна, напрыклад, бліжэй пазнаёміцца з некранутай прыродай роднага краю, зрабіць цікавыя і прыгожыя фотаздымкі, прыняць удзел у пешаходных і велаэкскурсіях, сплавах на байдарках і нават святах.

Бярэзінскі запаведнік — самая старая ААПТ Беларусі пасля знакамітай Белавежскай пушчы. Ён быў заснаваны ў 1925 годзе для аховы і павелічэння колькасці баброў, якія на той момант былі амаль што знішчаны, бо з іх меху вырабляліся футра і шапкі. Сёння бабры, дзякуючы намаганням навукоўцаў, — звычайны прадстаўнік беларускага жывёльнага свету.

Бярэзінскі запаведнік знаходзіцца ў 120 км ад Мінска ў паўночна-ўсходнім напрамку і ўяўляе сабой асаблівае спалучэнне лясоў, лугоў, балот і рэк. Тут жыве самая вялікая ў Беларусі частка папуляцыі бурага мядзведзя (каля 75 асобін). А яшчэ на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка бярэ вытокі самая працяглая на нашай зямлі рака — Бярэзіна.

На тэрыторыі запаведніка працуюць некалькі музеяў. У Музеі мёду можна пазнаёміцца з традыцыямі бортніцтва, укладам жыцця і сацыяльнай іерархіяй пчол, пабачыць, як выглядаюць старадаўнія і сучасныя вуллі, медагонкі і інш. У Музеі міфаў — дакрануцца да таямніц і традыцый нашых продкаў, звязаных з уяўленнямі аб уладкаванні Свету. Дарэчы, яго будынак забяспечваецца энергіяй з сапраўднай сонечнай электрастанцыі.

Але самым вялікім з’яўляецца Музей прыроды. Ён багаты панарамамі з чучаламі жывёл, у тым ліку птушак і рыб, якія жывуць на тэрыторыі запаведніка. Вельмі цікава даведацца ад экскурсавода некаторыя звесткі пра жывёл. Так, звычайныя, ці рачныя, бабры — другія па велічыні грызуны на планеце пасля капібары і пры пагрозе здольныя быць вельмі агрэсіўнымі (могуць скокнуць амаль на чалавека!) Алені палігамны, ласі — манагамны, а мядзведзі — гэта адзіночкі, якія не вытрымліваюць канкурэнцыі, таму на пэўнай частцы тэрыторыі можа жыць толькі адна асобіна.

Ёсць у запаведніку і дзе прайсціся пешшу — наведвальнікам прапануецца экалагічная сцежка працягласцю 3,5 км, якая абсталявана яскравымі адукацыйнымі стэндамі. Абапал яе стаяць скульптуры багоў і герояў славянскай міфалогіі — Велеса, Лесавіка і інш.

Калі ісці па гэтай сцежцы, то апынешся ля некранутага торфавырабаткамі Дамжэрыцкага балота — глыбіня торфа на ім дасягае 8 м. Тут можна знайсці драпежную расліну — расянку круглалістую, якая «сілкуецца» насякомымі, і маленькія тонкія, быццам параснік, сосны. Здаецца, што яны зусім маладзенькія, але ім на самой справе па 180 гадоў! Так адбываецца, калі глеба змяшчае мала арганічных злучэнняў, неабходных для росту дрэў. Каля балота знаходзіцца назіральная вышка, з якой адкрываецца велічны выгляд: з аднаго боку — багна, з другога — сасновы бор.

Заканчваецца пешы маршрут заапаркам, дзе ўсе жывёлы знаходяцца ў прасторных вальерах. Тут ёсць і алені, і зубр, і ваўкі, і мядзведзі, і лось. Прычым трапляюць сюды жывёлы не з дзікай прыроды, а тыя, што «апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах»: мядзведзіца Умка ў дзяцінстве засталася адна без маці ў лесе, арлан-белахвост не можа лётаць, бо браканьеры прастрэлілі яму крыло, і інш.

Для адпачынку ў запаведніку ёсць і паркоўка, і кафэ, і гасцініца, дзе жадаючыя могуць набыць сувеніры. Але галоўнае — гэта людзі, якія тут працуюць! Асабліва экскурсаводы, што могуць прысвяціць турыстам цэлы дзень! Яны сапраўдныя майстры сваёй справы, гараць ёй і зараджаюць іншых.
Прыязджайце ў жамчужыну роднай прыроды — Бярэзінскі біясферны запаведнік!

Вольга ЦІШАЛОВІЧ

Фота з архіва Палаца дзяцей і моладзі «Золак» г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.