Вы тут

Следчы камітэт аб высновах пасля аварыі пад Смалявічамі


Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб ДТЗ у Смалявіцкім раёне. Трагедыя, якая адбылася ў канцы лютага, забрала жыцці 14 чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей — 14-гадовага хлопчыка і 13-гадовай дзяўчынкі. Цяжкія траўмы атрымалі сем пасажыраў маршруткі, якія выжылі, сярод іх дзяўчынкі 11 і 17 гадоў. Пазней адзін з пацярпелых — 51-гадовы мужчына — памёр у бальніцы. Аб расследаванні крымінальнай справы карэспандэнту БелТА расказаў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Алег Шандаровіч.


— Алег Станіслававіч, раскажыце, калі ласка, каму даручылі расследаванне крымінальнай справы аб ДТЗ у Смалявіцкім раёне?

— З-за складанасці механізма ўтварэння ДТЗ расследаванне крымінальнай справы даручылі следчым галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта. Да крымінальнай адказнасці па ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартнага сродку, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб) прыцягнулі кіроўцу філіяла «Аўтамабільны парк № 20» Мінаблаўтатранса. Мужчына прапрацаваў там больш за 40 гадоў.

— Што стала прычынай аварыі?

— Калі вярнуцца да храналогіі здарэння, то можна сказаць наступнае: 20 лютага гэтага года кіроўца грузавога самазвала МАЗ каля 08.00 пачаў перавозку грузаў па маршруце кар’ер «Верасы» — 13-27 км аўтадарогі Р53 Слабада — Навасады ў Смалявіцкім раёне. Раней ён выявіў няспраўнасць хадавой часткі самазвала. Яна была звязаная з разбурэннем ліста правай рысоры пярэдняй падвескі. Гэта аслабіла яе канструкцыю, што, у адпаведнасці з патрабаваннямі правілаў дарожнага руху і тэхнічных рэгламентаў, забараняла эксплуатацыю транспартнага сродку. Ведаючы аб гэтым, кіроўца ад паездак не адмаўляўся, а на працягу рабочай змены зрабіў тры рэйсы па перавозцы грузу.

Каля 14.55 ён рабіў чацвёрты рэйс. Самазвал быў загружаны пяском больш чым на 20 т, што перавышае ўстаноўленую заводам масу грузу. Ён ехаў на 9 км аўтадарогі Р69 Смалявічы — Смілавічы — Праўдзінскі — Шацк з боку вёскі Пекалін у напрамку вёскі Слабада са скорасцю 65-70 км/гадз. Гэта прывяло да разбурэння правай рысоры, з-за чаго кіроўца грузавіка страціў кіраванне і выехаў на паласу сустрэчнага руху. У выніку ён сутыкнуўся з аўтобусам Cіtroen Jumper, які рухаўся ў сустрэчным напрамку і вёз пасажыраў па маршруце Смалявічы — Мінск праз Пекалін. Сваю віну ў інкрымінаваным яму злачынстве кіроўца прызнаў поўнасцю.

Па крымінальнай справе пацярпелымі прызнаныя 34 чалавекі. ААТ «Мінаблаўтатранс» і абвінавачанаму заяўлены іскі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 2 млн 370 тыс.

— Ці перавышаў кіроўца МАЗа скорасны рэжым?

— Ні кіроўца маршрутнага таксі, ні кіроўца МАЗа скорасны рэжым не парушалі. Разам з тым неабходна адзначыць, што пры выбары скорасці руху кіроўца павінен кіравацца не толькі знакамі, якія абмяжоўваюць скорасць, але і ўлічваць стан транспартнага сродку, грузу, а таксама дарожныя ўмовы. У дадзеным выпадку кіроўца разагнаў няспраўны транспартны сродак з перагрузам практычна да максімальна дазволенай скорасці на гэтым участку дарогі.

— Якія яшчэ абставіны трагедыі ўстанавілі следчыя?

— З заключэння аўтатэхнічнай экспертызы вынікае, што ў аўтамабілі МАЗ няспраўнасць у выглядзе разбурэння аднаго з лістоў правай рысоры пярэдняй падвескі ўзнікла задоўга да здарэння. Такая няспраўнасць магла прывесці да перакосу кузава з рамай і зводу яго з траекторыі. У час расследавання ўстаноўлена, што дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху МАЗ скончыўся задоўга да ДТЗ. На лінію транспартны сродак выпусцілі ў няспраўным выглядзе без праверкі яго тэхнічнага стану.

— Што паказала праверка аўтамабільнага парка, грузавік якога выйшаў на лінію ў няспраўным стане?

— З правераных 60 транспартных сродкаў, якія знаходзяцца на балансе ў аўтамабільным парку, 42 таксама эксплуатаваліся без дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Яшчэ дзесяць транспартных сродкаў дапускаліся на лінію без заключанага дагавора абавязковага страхавання.

Пытанні эксплуатацыі транспартных сродкаў камунальнымі аўтатранспартнымі арганізацыямі выклікаюць сур’ёзную заклапочанасць. Па даручэнні Следчага камітэта супрацоўнікі транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый прааналізавалі інфармацыю па 8207 транспартных сродках, якія выкарыстоўваюцца аблаўтатрансамі. Пацвердзіліся 4014 фактаў удзелу ў дарожным руху 2071 транспартнага сродку без допуску да ўдзелу ў дарожным руху.

Акрамя таго, праверка выявіла 195 транспартных сродкаў, якія эксплуатаваліся без заключэння дагавора абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці. Фактычна 25% транспартных сродкаў, якія стаяць на балансе аблаўтатрансаў, не праходзілі тэхнічны агляд і не атрымлівалі допуск да ўдзелу ў дарожным руху.

— Вы адзначылі, што грузавік выпусцілі на лінію ў няспраўным выглядзе без праверкі яго тэхнічнага стану асобай, якая адказвае за бяспеку. Гэта значыць, што нехта, акрамя кіроўцы, таксама павінен быў правяраць яго тэхнічны стан?

— У філіяле «Аўтамабільны парк № 20» спецыялісты, якія адказваюць за выкананне транспартнай бяспекі, работу па правядзенні кантролю за тэхнічным станам рухомага саставу, што знаходзіцца ў камандзіроўках і захоўваецца за межамі аўтапарка, не праводзілі. Такім чынам, няспраўны самазвал дапусцілі да работы.

Таксама адзначу, што раней у аўтапарку «Мінаблаўтатранс» былі выяўлены факты адсутнасці кантролю за тэхнічным станам аўтамабільных транспартных сродкаў пры выпуску на лінію і прыёмцы з лініі. Але, як паказала расследаванне, кіраўніцтва аўтапарка належных мер па выпраўленні сітуацыі, якая склалася, не прыняло. Пры гэтым пасля ДТЗ кіраўнікам аўтапарка спатрэбілася толькі трое сутак для арганізацыі работы дадзенага напрамку.

— Акрамя кіроўцы, кагосьці з супрацоўнікаў аўтапарка, якія выпусцілі на лінію няспраўны самазвал, прыцягнулі да адказнасці?

— З улікам сабраных доказаў у чэрвені бягучага года ў дачыненні да аднаго з кіраўнікоў філіяла «Аўтамабільны парк № 20» распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 428 КК (невыкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека або іншых цяжкіх наступстваў). Мужчына прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме.

— У якім стане знаходзілася дарога?

— Аўтадарожная экспертыза ўстанавіла, што пакрыццё праезнай часткі на ўчастку ў раёне 9 км дарогі Р69 Смалявічы — Смілавічы — Шацк на момант правядзення экспертнага агляду не адпавядае нарматыўным патрабаванням. Трэба разумець, што гэта дарога актыўна выкарыстоўваецца для перавозкі самазваламі грузаў з двух кар’ераў «Верасы». Гэта прыводзіць да яе хуткага зносу. Штодзень самазвалы ажыццяўляюць каля 550 рэйсаў. Праектны тэрмін здабычы пяску з гэтых кар’ераў — больш за дзесяць гадоў. Улічваючы што шырыня палос каля 3 м, інтэнсіўны рух грузавога транспарту павышае рызыку небяспечных сітуацый.

— Якія меры былі прынятыя для паляпшэння стану дарогі?

— У сувязі з даручэннем Следчага камітэта Мінтранс разгледзеў пытанне аб рэканструкцыі і ліквідацыі дэфектаў дарожнага пакрыцця з улікам інтэнсіўнасці руху велікагрузнага транспарту. Прынята рашэнне адрамантаваць найбольш схільныя да разбурэння ўчасткі дарогі з пашырэннем асфальтабетоннага пакрыцця.

— ДТЗ з удзелам маршрутак заўсёды выклікаюць вялікі грамадскі рэзананс. Гэта часта звязана з небяспечнай манерай ваджэння і перавозкай пасажыраў звыш нарматываў. Як ідуць справы з бяспекай эксплуатацыі маршрутак?

— Па даручэнні следчых Міністэрства транспарту і камунікацый правяло шырокамаштабную праверку выканання заканадаўства і правілаў бяспекі пры ажыццяўленні перавозак пасажыраў маршрутнымі транспартнымі сродкамі. Супрацоўнікі транспартнай інспекцыі з удзелам ДАІ правялі 123 рэйды і праверылі 1884 аўтобусы катэгорыі М2. Яны выявілі 724 парушэнні ў галіне транспартнай дзейнасці. Было разгледжана 425 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама накладзена штрафаў на перавозчыкаў на суму каля Br84 тыс. Канфіскавана 15 транспартных сродкаў, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекі.

— Якія парушэнні выяўляліся часцей за ўсё?

— Найбольш частымі парушэннямі з’яўляюцца перавозка пасажыраў звыш нормы ўмяшчальнасці, наяўнасць няспраўнасцяў, пры якіх эксплуатацыя транспартнага сродку забароненая, адсутнасць допуску да ўдзелу транспартнага сродку ў дарожным руху. Практычна 25 працэнтаў аўтобусаў катэгорыі М2, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў, эксплуатуюцца з парушэннямі. Па віне кіроўцаў маршрутных таксі ў 2023 годзе адбылося 14 ДТЗ.

— Ці парушаліся правілы тэхнічнай эксплуатацыі аўтобуса Cіtroen Jumper?

— Гэты аўтобус абсталяваны аўтамабільнымі сядзеннямі, якія не адпавядаюць названым катэгорыі і класу транспартнага сродку. Такія сядзенні выкарыстоўваюцца для ўстаноўкі ў аўтобусах іншай катэгорыі. Таксама на момант ДТЗ рамяні бяспекі ў салоне для пасажыраў адсутнічалі. Акрамя таго, трэба звярнуць увагу на той факт, што кіроўца мікрааўтобуса перавозіў 19 пасажыраў, хоць прадугледжана толькі 15 месцаў.

Па выніках ініцыіраваных следствам і праведзеных транспартнай інспекцыяй мерапрыемстваў тэхнічнага характару ў эканамічны суд Мінскай вобласці накіраваны матэрыялы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні арганізацыяй, якой належаў мікрааўтобус, які ўдзельнічаў у ДТЗ, умоў ліцэнзуемай дзейнасці, па якой прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення дзейнасці на ажыццяўленне пасажырскіх перавозак.

— Якая работа вядзецца цяпер па ўстараненні парушэнняў з боку перавозчыкаў пасажыраў?

— Цяпер па даручэнні ўрада працягваецца разгляд прапаноў Следчага камітэта аб унясенні змяненняў у тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты па пытаннях трываласці мацавання пасажырскіх сядзенняў. Рэгістрацыйныя дакументы дапаўняюцца звесткамі аб катэгорыі і класе аўтобусаў для магчымасці забеспячэння належнага кантролю з боку кантралюючых органаў. Акрамя таго, распрацоўваюцца і прымаюцца дзейсныя меры па абмежаванні ўдзелу ў дарожным руху аўтобусаў, якія не адпавядаюць патрабаванням.

Аб устаноўленых абставінах, прычынах і ўмовах, што садзейнічалі здарэнню, а таксама прапановах па іх устараненні праінфармаваны прэм’ер-міністр Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.