Вы тут

Чым здзіўлялі арганізатары самага маштабнага ў краіне навуковага фэсту?


Ці можа празмернае спажыванне бананаў прывесці да ўнутранага апраменьвання? На чым грунтуецца біялагічная фантастыка? Як робяцца астранамічныя адкрыцці? Чаму выраз «тараканы бегаюць у галаве» не пазбаўлены фізіялагічнага тлумачэння? Пра гэта і многое-многае іншае маглі даведацца ўдзельнікі Фестывалю навукі, які прайшоў у Цэнтральным батанічным садзе ўжо пяты раз.

Арганізатарамі навуковага ўік-энду выступае Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук. Фестываль навукі стаў ужо, так бы мовіць, іх брэндам. Менавіта маладыя навукоўцы падхапілі сусветную тэндэнцыю па папулярызацыі навукі і паставілі мэту — даказаць, што навука можа быць нясумнай, здольна захапіць і доўга не адпускаць. Заняткі навукай — гэта і захапляльна, і перспектыўна…

Каб да мерапрыемства не знікаў інтарэс, арганізатары імкнуцца не паўтарацца і кожны год дадаюць у праграму новыя «іскрынкі». Для прыкладу: сёлета з’явілася новая зона Scі-fі, дзе можна было даведацца, як навука ўплывае на масавую культуру, пра сацыялагічныя прагнозы і лічбавую філасофію, паўдзельнічаць у навуковых майстар-класах у стылістыцы навуковай фантастыкі і коміксаў, сустрэцца з вядомым аўтарам-фантастам — Вольгай Грамыка. Упершыню ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі з Расійскай Федэрацыі: навукова-пазнавальны цэнтр «Запаведнае пасольства» парка «Зараддзе» і Расійскі хіміка-тэхналагічны ўніверсітэт імя Мендзялеева з майстар-класамі і навуковымі шоу. А Усерасійкі фестываль NAUKA 0+ і дзяржкарпарацыя «Расатам» застаюцца нязменнымі гасцямі ў беларускай сталіцы.


Асаблівы свет

Адкрываючы фестываль, Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў падкрэсліў: «Наша задача — не столькі прэзентаваць складаныя навукаёмістыя тэхналогіі, колькі паказаць, наколькі навука цікавая і прывабная. Гэта бясконцы працэс спазнання, а навукоўцы — людзі настолькі захопленыя сваёй справай, што не ўяўляюць іншага ладу жыцця. Гэта асаблівы свет. Вучоныя кожны дзень нешта даследуюць, аналізуюць, ставяць вопыты, адкрываюць новае, ствараюць прыборы, станкі, механізмы. А фестываль — магчымасць расказаць аб гэтым у папулярнай форме ўсім ахвотным. Моладзь імкнецца займацца даследаваннямі: штогод у Нацыянальную акадэмію навук прымаюць каля 300 маладых вучоных. А ў 2023/2024 навучальным годзе вучыцца ва Універсітэце НАН Беларусі будуць 150 магістрантаў, у тым ліку замежныя грамадзяне».

Адным з гасцей фестывалю стаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. Яму прадэманстравалі распрацоўкі ў розных сферах, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, медыцыне, экалогіі, прыродакарыстанні, ахове навакольнага асяроддзя. Ён пагутарыў з многімі маладымі спецыялістамі, прадстаўнікамі акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі. «Самае галоўнае, што аб’ядноўвае ўсіх распрацоўшчыкаў, — апантанасць, гэта рухавік прагрэсу, — падкрэсліў ён. — Упэўнены, што за маладымі хлопцамі і дзяўчатамі — і тымі, што дэманструюць свае першыя крокі ў навуцы, і тымі, хто ўжо нечага дасягнуў, — будучыня».

Кодэкс этыкі для штучнага інтэлекту

Дзве лакацыі — выстава-конкурс «100 інавацый маладых вучоных» і пляцоўка «Універсітэт» будучыні — былі разлічаны найперш на дарослую аўдыторыю. Напрыклад, Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі прадставіў увазе наведвальнікаў макет аўтаматычнай бульбасартавальнай машыны.

— Яна прызначана для аддзялення некандыцыйных клубняў бульбы на стадыі перадпродажнай падрыхтоўкі ў аўтаматычным рэжыме з дапамогай сістэм машыннага зроку і аўтаматычнай інспекцыі. На рамянным канвееры клубень робіць поўны абарот вакол сваёй восі для вызначэння знешніх дэфектаў. Сістэма машыннага зроку распазнае на знешняй паверхні клубняў сляды пазелянення, захворванняў, механічныя пашкоджанні, наросты, чарвяточыны і ідэнтыфікуе клубні з гэтымі дэфектамі як некандыцыйныя, пасля чаго выдаляе іх з канвеера струменем сціснутага паветра, — патлумачыў навуковы супрацоўнік навукова-практычныга цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Максім Курыловіч.

Навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі НАН Беларусі Андрэй Суляйкоў пазнаёміў нас з Сістэмай этыка-прававога рэгулявання выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту ў фінансавым сектары. Паўсюднае ўкараненне сістэм штучнага інтэлекту — адзін з найважнейшых сучасных трэндаў. Многія краіны свету ўжо маюць канцэптуальныя дакументы, якія кантралююць штучны інтэлект. Ідзе па гэтым шляху і наша краіна.

Кодэкс этыкі, які прадставіў навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі, уключае чатыры главы: этыку распрацоўшчыка і вытворцаў сістэм штучнага інтэлекту, этыку ўзаемадзеяння штучнага інтэлекту з чалавекам, этыку стваральнікаў праграмнага забеспячэння, сістэм штучнага інтэлекту, этыку прыняцця рашэнняў штучным інтэлектам і прынцыпы адказнасці ў галіне штучнага інтэлекту.

Інтэрактывы і майстар-класы

Медыцына, космас, экалогія, атамныя тэхналогіі, робаты — наведвальнікаў фестывалю чакалі самыя разнастайныя пляцоўкі.

Так, студэнты фізічнага факультэта БДУ ладзілі для малодшай школьнай аўдыторыі майстар-класы, дзе дэманстравалі фізічныя доследы. На занятку «Фізіка цацак» расказвалі аб прынцыпах, якія ляжаць у аснове работы такіх механічных цацак, як кельцкі камень, кітайскі ваўчок і картэзіянскі вадалаз. На майстар-класе «Электрычнасць» маладыя вучоныя праводзілі доследы з пераўтварэннем электрамагнітнай энергіі. Для гэтага выкарыстоўваліся спецыялізаваныя прыборы, напрыклад, трансфарматар Тэсла і электрафорная машына. Мэта — пра складаныя рэчы расказаць даступнай мовай.

Каманда хімічнага факультэта БДУ падрыхтавала для наведвальнікаў 16 відовішчных доследаў, заснаваных на хімічных рэакцыях. Гасцей знаёмілі таксама з дзейнасцю гуртка «Школа юнага хіміка БДУ» і праектам «Віртуозы навукі».

На пляцоўцы «ATOM TEAM» наведвальнікаў чакалі інжынерныя майстар-класы і інтэлектуальныя гульні, навуковыя інтэрактывы і атамныя віктарыны. Любы ахвотны мог запусціць ланцуговую рэакцыю, разагнаць Кола да Вінчы, сабраць радыёпрыёмнік, які працуе без батарэек, і камеру Вільсана, у якой можна ўбачыць радыяцыю.

«Сусвет абавязкова пачуе...»

На пляцоўцы «Космас» была арганізавана серыя лекцый пра касмічныя аб’екты і іх даследаванне, тэлескопы і спадарожнікі. Галоўнымі гасцямі сталі лётчык-касманаўт, Герой Расіі, член атрада касманаўтаў Навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына Алег Навіцкі і кандыдаты на касмічны палёт ад Беларусі Марына Васілеўская і Анастасія Лянкова, якія расказалі аб падрыхтоўцы да палёту і адказалі на пытанні гасцей фестывалю. А пытанняў да іх было шмат. Што адчувае касманаўт, які выходзіць у адкрыты космас? Якія чаканні ад сустрэчы з космасам у дзяўчат? Што самае складанае ў іх падрыхтоўцы да палёту? Якія ў іх любімыя фільмы? Якія спецыфічныя цікавыя словы выкарыстоўваюць касманаўты?

Лётчык-касманаўт, Герой Расіі, член атрада касманаўтаў Навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына Алег НАВІЦКІ і кандыдаты на касмічны палёт  ад Беларусі Марына ВАСІЛЕЎСКАЯ і Анастасія ЛЯНКОВА

Нагадаем, што палёт экіпажа з беларускай дзяўчынай-касманаўтам запланаваны на сакавік наступнага года. Марына Васілеўская ўключана ў асноўны склад каманды, у якую таксама ўвайшлі Алег Навіцкі (камандзір) і Трэйсі Дайсан (астранаўт NASA). Прадугледжваецца, што экіпаж будзе знаходзіцца на МКС 12 сутак. Беларуска Анастасія Лянкова ўвайшла ў дублявальны састаў.

— Мае чаканні ад палёту самыя касмічныя, — прызналася Марына Васілеўская. — Вельмі хочацца ўбачыць нашу планету зверху, адчуць бязважкасць. Фізічная падрыхтоўка ў нас вельмі сур’ёзная, шэсць гадзін на тыдзень: гэта і плаванне, і скачкі ў ваду, і бег, і батуты... Плаваць мы павінны на адлегласць у 800 метраў. Для дзяўчат ніякіх скідак не робіцца. Нарматывы агульныя і для мужчын, і для жанчын, паколькі ў расійскім атрадзе касманаўтаў цяпер толькі адна жанчына. Даводзіцца выстаўленым патрабаванням адпавядаць. Для мяне асабіста вельмі складана было запомніць усе абрэвіятуры, якія выкарыстоўвацца на касмічнай станцыі.

— Нас рыхтуюць да няштатных сітуацый, расказваюць, як працуюць сістэмы жыццезабеспячэння, вучаць, як з імі працаваць. Тое, што тут, на Зямлі, бачыцца нам стандартным, у космасе надзвычай важнае, — расказала Анастасія Лянкова. — Мы не задумваемся, адкуль бярэцца кісларод, як утылізаваць вуглякіслы газ. А ў касмічнай прасторы гэта неабходныя ўмовы выжывання. Яшчэ разбіраемся з аварыйнымі сістэмамі…

— На караблі «Саюз» па дарозе да станцыі і назад мы карыстаемся рускай мовай і маскоўскім часам. Пасля стыкоўкі з міжнароднай касмічнай станцыяй экіпаж пераходзіць на час па Грынвічу, а афіцыйнай мовай лічыцца англійская. Насамрэч мы выкарыстоўваем змешаную мову, бо мы не паліглоты, — усміхаецца Алег Навіцкі. — Робім выгляд, што размаўляем на англійскай мове, а нашы замежныя калегі — што на рускай (яны яе таксама вывучаюць). Галоўнае — адзін аднаго разумеем.

«А што трэба зрабіць, каб стаць касманаўтам?» — пацікавіліся ўдзельнікі сустрэчы ў спікераў.

— Трэба добра вучыцца і моцна верыць у сваю мару. Сусвет усё чуе і дасць магчымасць. Галоўнае — яе не прапусціць, — упэўнена Анастасія Лянкова.

— Неабходна сачыць за сваёй фізічнай формай, бо ў касманаўта здароўе павінна быць касмічным, — дадае Марына Васілеўская. — Важныя таксама мэтанакіранасць, трэба рушыць у кірунку асваення фізікі, біялогіі, матэматыкі, ставіць мэту і дасягаць яе.

— На касмічнай станцыі вітаюцца людзі самых розных спецыяльнасцяў: гэта могуць быць біёлагі, хірургі, выкладычыкі, — кажа Алег Навіцкі. — Мы, ваенныя, якія засталіся ў касмічным атрадзе, таксама займаемся навукай, як гэтага патрабуюць ад нас арганізатары эксперыментаў. Абавязковая якасць — прыстойнасць, нельга ісці па галовах, у атрадзе павінна быць здаровая канкурэнцыя…

Дарэчы, Марына Васілеўская па прафесіі бортправадніца «Белавія», а Анастасія Лянкова — дзіцячы хірург.

Штучны інтэлект «адстае»

Фота аўтара

«Рэальныя нерэальныя нейратэхналогіі» — так гучала тэма навукова-папулярнай лекцыі, з якой выступіла на пляцоўцы «Медыцына» загадчыца лабараторыі нейрафізіялогіі Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Святлана Пашкевіч.

Вучоны агучыла шмат цікавых фактаў, якія тычацца дзейнасці нашага мозгу. Штучны інтэлект, сцвярджае яна, нельга нават параўноваць з нашым розумам: гэта толькі адна функцыя апрацоўкі даных. Мозг — перш за ўсё біялагічная сістэма, і яна не працуе аналагічна тэхніцы.

Калі мы ўсвядомлена канцэнтруемся на нейкай задачы, то можам дасягнуць значна большага, чым з дапамогай тэхнічных прылад. Людзі, якія ўмеюць дакладна фармуляваць свае думкі, дасягаюць большага.

Чытанне і пісьмо — самы складаны від дзейнасці мозгу, які дазваляе кампенсаваць і павялічыць колькасць нейронаў у кары вялікіх паўшар’яў. Таму чытанне і пісьмо, не звязаныя з работай на камп’ютары, а звязаныя з абменам інфармацыяй, будуць аднаўляць нашы рэсурсы.

«У любой незразумелай сітуацыі — спіце! — сцвярджаюць навукоўцы. — Гэты жарт мае права на жыццё, таму што ў сне мозг латае, чыніць, аздараўляе не толькі сам сябе, але і ўвесь арганізм у цэлым. Што вы робіце звычайна, калі не ведаеце выйсце з сітуацыі? Вы губляеце энергію! Каб знайсці найлепшае рашэнне выхаду з тупіка і дакладны адказ на ваша жыццёвае пытанне, дайце мозгу дастаткова сну. Адказ прыйдзе хутка, і вы абавязкова знойдзеце выйсце».

А яшчэ вучоныя раяць: не лжыце, беражыце мозг! Даследаванне, праведзенае псіхолагам Робертам Фельдманам з Масачусецкага ўніверсітэта, паказала, што 60 працэнтаў людзей хлусяць хаця б адзін раз за 10 хвілін размовы. У сярэднім за гэты прамежак часу чалавек хлусіць ад двух да трох разоў. Даследчы праект Універсітэта Нотр-Дам у Індыяне вывучаў наступствы паталагічнай хлусні. У даследаванні прынялі ўдзел 110 добраахвотнікаў, палова з якіх пагадзіліся перастаць хлусіць, а іншая палова не атрымала ніякіх інструкцый. Пасля дзесяці тыдняў у групы, якая радзей ілгала, назіралася на 54 працэнты менш псіхічных скаргаў (на стрэс або неспакой) і на 56 працэнтаў менш праблем з фізічным здароўем (такіх як галаўныя болі ці праблемы са страваваннем).

А гэты факт проста не можа застацца незаўважаным: карыстальнікі сігналізуюць пра імклівую дэградацыю папулярнага чат-бота ChatGPT, створанага на аснове штучнага інтэлекту. Як раней гучна заяўлялася, гэты ўніверсальны чат-бот ужо здольны сапернічаць з чалавекам у інтэлектуальных і камунікатыўных задачах. Яго можна прымяняць для стварэння тэкстаў і вершаў, напісання тэхнічных артыкулаў, правядзення фінансавага аналізу, прагназавання і гэтак далей. Але нядаўняе даследаванне выявіла значнае зніжэнне «інтэлектуальнай» прадукцыйнасці моўнай мадэлі, якая ляжыць у аснове GPT-4. У чэрвені 2023 года ў параўнанні з паказчыкамі сакавіка таго ж года дакладнасць адказаў скацілася з 97,6 працэнта да 2,4 працэнта. Акрамя таго, чат-бот стаў дапускаць больш памылак пры выкананні праграмавання і не так «спагадліва» адказваць на далікатныя пытанні. Выказваюцца здагадкі, што штучны інтэлект дэградаваў пасля пастаянных стасункаў з чалавекам. А яшчэ ён навучыўся ад людзей ілгаць…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.