Вы тут

Расійскі акадэмік сябраваў з беларускім літаратуразнаўцам


У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў фондзе 167, вопіс 1 захоўваюцца матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю беларускага літаратурнага крытыка, літаратуразнаўца Дзмітрыя Антонавіча ПАЛІТЫКІ (1915 — 1965). Сярод карэспандэнцыі, ім атрыманай у розныя гады, — і два пасланні ад члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР Мікалая Кір’якавіча ПІКСАНАВА (1878 — 1969).


Даслаў сваё прывітанне вядомы рускі літаратуразнаўца фактычна ў нікуды — у Выдавецтва Акадэміі навук БССР. Але даслаў на гэты адрас невыпадкова... У акадэмічным выдавецтве выйшла брашура беларускага крытыка — «Пра значэнне савецкай літаратуры ў камуністычным выхаванні працоўных». Выйшла яна ў свет у 1952 годзе. М. Піксанаў даведаўся пра гэта з друку. Верагодна, з нейкага цэнтральнага перыядычнага выдання. І піша ў Мінск: «Шматпаважаны Дзмітрый Антонавіч!

Нядаўна з друку я даведаўся, што вы надрукавалі брашуру: „Пра значэнне савецкай літ-ры ў камуністычным выхаванні працоўных“ — і вельмі засмуціўся, што Вы не даслалі яе мне, і што ўвогуле сувязь паміж намі перарвалася.

Між тым, я памятаю пра Ваас і цікаўлюся Вашым лёсам.

Напішыце мне пра сябе, паведаміце свой асабісты адрас — і я вышлю Вам у падарунак дзве свае брашуры.

З прывітаннем М. Піксанаў. 17. II. 1953

Адрас — на звароце».

Мікалай Кір’якавіч напісаў з Ленінграда. У той час ён жыў у доме нумар 8 у Валынскім завулку. Зараз — Вялікая Канюшанная вуліца, дом 19/ 8. Размова, верагодна, пра жаданне М. Піксанава выслаць свае кнігі, прысвечаныя пралетарскаму пісьменніку, — «М. Горкі і нацыянальныя літаратуры» (1946) і «М. Горкі і музыка» (1950).

Як, калі пазнаёміліся розныя па ўзросту вучоныя-літаратуразнаўцы, можна толькі здагадвацца. Мікалай Кір’якавіч нарадзіўся ў 1878 годзе ў сяле Дзергачы Самарскай губерні. У сям’і дзьякана. Закончыў Самарскае духоўнае вучылішча, а пазней — і Самарскую духоўную семінарыю. У 1898 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Юр’еўскага ўніверсітэта. Яшчэ студэнтам пачаў займацца творчасцю А. С. Грыбаедава. Адначасова вывучаў гісторыю рускага права на юрыдычным факультэце. Удзельнічаў у студэнцкім рэвалюцыйным руху. Быў асуджаны і пасля 5-месячнага заключэння высланы ў Самару. Ва ўніверсітэце адноўлены ў 1903 годзе. З 1906 года — у Санкт-Пецярбургу. Выкладаў літаратуру ў Паўлаўскім інстытуце, у гімназіях, на Бястужаўскіх жаночых курсах. У 1912 — 1917 гг. выкладаў у Санкт-Пецярбургскім універсітэце. У 1921 годзе пераехаў у Маскву, быў прафесарам 2-га МДУ. У 1948 годзе вярнуўся ў Ленінградскі ўніверсітэт. Аўтар кніг, брашур «А. С. Грыбаедаў» (1911), «Грыбаедаў і Мальер (перагляд каштоўнасцяў)» (1922), «У народ!» (1917), «Новы шлях літаратурнай навукі» (1923), «Творчая гісторыя «Гора ад розума» (1928), «Грыбаедаў. Даследванні і характарыстыкі» (1934), «Горкі — паэт» (1940), «Сялянскае паўстанне ў „Вадзіму“ Лермантава» (1967)...

Дзмітрый Палітыка нарадзіўся на Віцебшчыне, у Чашніцкім раёне, 15 мая 1915 года. Вучыўся ў Мінскім і Лепельскім педагагічных тэхнікумах. Настаўнічаў у пачатковай школе ў вёсцы Копцевічы. У 1935 годзе закончыў літаратурны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута. Выкладаў у Полацкім педвучылішчы. У 1936 — 1937 гг. служыў у Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, атрымаў спецыяльнасць авіятэхніка. У час Вялікай Айчыннай вайны быў залічаны ў рэзерв як авіяцыйны спецыяліст. Знаходзіўся ў эвакуацыі ў Башкартастане. Працаваў дырэктарам школы, загадчыкам раённым аддзелам адукацыі. У 1950 годзе Дзмітрый Антонавіч заканчвае Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК УКП (б). І абараняе дысертацыю — «А. І. Ганчароў і літаратурная барацьба 1860-х гг.» Тэма актуальная і прахадная і па тым часе піка сталінскага будаўніцтва, сталінскага бачання ва ўсіх сферах развіцця, у гуманітарнай сферы — перш-наперш. Мікалай Кір’якавіч з’яўляўся аўтарытэтам па тэме рускай дэмакратычнай літаратуры XIX стагоддзя... Не выпадкова і высокімі ўрадавымі ўзнагародамі праца члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР была адзначана — двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, званнем заслужанага дзеяча навукі РСФСР... Пра тое, што творчасць І. Ганчарова хвалявала М. Піксанава, сведчыць і выдадзеная ім у 1968 годзе манаграфія «Раман Ганчарова „Абрыў“ у святле сацыяльнай гісторыі»... Праўда, Дзмітрыя Палітыкі ўжо да гэтага часу не стала — беларускі літаратуразнаўца памёр у 1965 годзе, ледзьве перасягнуўшы паўвекавы рубеж жыцця.

... А пакуль што, пасля абароны дысертацыі, кандыдат філалагічных навук Д. Палітыка ў 1950 годзе становіцца загадчыкам кафедры рускай і беларускай мовы і літаратуры (у хуткім часе — кафедра літаратуры і журналістыкі) Рэспубліканскай Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК Кампартыі Беларусі. Дзмітрыя Антонавіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У другой палове 1950-х гг. калегі па творчаму аб’яднанню даверылі Палітыцы кіраўніцтва секцыяй крытыкі Саюза піьсменнікаў Беларусі. Адна за другой выходзяць кнігі літаратуразнаўца — «Вялікі пісьменнік-сатырык М. Я. Салтыкоў-Шчадрын» (1955), «Янка Купала — перакладчык» (1959), «Беларуская пасляваенная проза» (1958), «Раман І. А. Ганчарова «Абрыў» (1962)...

29 лістапада 1964 года (мяркую па паштоваму штэмпелю месца адпраўлення — з Ленінграда; у тэксце на паштоўцы даты няма) Мікалай Кір’якавіч Піксанаў піша ў Мінск: «Дарагі Дзмітрый Антонавіч!

У мяне няма да Вас ніякага дзелавога пытання. Проста, Марыя Іванаўна і я, у размове, узгадалі Вас і Вашу мілую жонку, Соф’ю Міхайлаўну, і нам захацелася паслаць Вам сяброўскае прывітанне. Ад Вас даўно няма вестак. Напішыце, як Вы і ваша сям’я жывеце. Я працягваю перажываць сваю бяду: моцнае пагаршэнне зроку з-за катаракты на кожным воку. Але пры дапамозе Марыі Іванаўны і сакратара працую літаратурна. Заканчваю дыктаваць кнігу: „Раман Ганчарова „Абрыў“ у святле сацыяльнай гісторыі“.

Шлём вам абодва абодвум Прывітанне. М. Піксанаў».

... Так, «Абрыў», сам Ганчароў — усё гэта, відаць, у значнай ступені аб’ядноўвала гэтых двух людзей, двух вучоных-літаратуразнаўцаў з розных пакаленняў. Чаму іх ліставанне то перарывалася, то ўзнаўлялася — складана адказаць. Для гэтага трэба зазірнуць у мінулыя часіны, што ўжо зрабіць немагчыма... А можа быць, нешта яшчэ раскажуць архівы, якія, як правіла, падоўгу захоўваюць тыя ці іншыя дэталі, падрабязнасці ці, магчыма, таямніцы?..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.