Вы тут

Наватарства ў вывучэнні літаратурных сувязяў


У Маскве ў Міжнароднай выдавецкай кампаніі «Шанс» пабачыла свет кніга ЛІ Мінь-бінь і ЧЖА Сяо-янь «Гісторыя літаратурных сувязяў Кітая і Расіі». Пераклад з кітайскай мовы І. А. Алімава. Тыраж — 1000 экзэмпляраў. Адразу трэба заўважыць, што без гэтага 742-старонкавага выдання не абыйсціся ў вывучэнні міжнародных сувязяў кітайскай літаратуры ніводнаму даследчыку ў гэтым накірунку. У тым ліку — і тым, хто працуе ў Беларусі, хто спрабуе разгледзець стасункі паміж беларускай і кітайскай літаратурай. 


З выдавецкай анатацыі чытач даведаецца, што ЛІ Мін-бінь і ЧЖА Сяо-янь — вядомыя кітайскія вучоныя, спецыялісты па рускай літаратуры і кітайска-рускаму параўнальнаму літаратуразнаўству. У 2015 годзе яны прадставілі сумесную кнігу, прысвечаную гісторыі літаратурных сувязяў паміж Кітаем і Расіяй. Гэтая кніга сталася чсткай масштабнага праекта, закліканага паўнавартасна вывучыць і апісаць культурныя ўзаемаадносіны Кітая і розных краін і рэгіёнаў свету. «Гісторыя літаратурных сувязяў Кітая і Расіі» — гэта буйная праца, якая ахоплівае амаль чатыры стагоддзі цесных адносін паміж двума краінамі: ад першых дыпламатычных кантактаў і вывучэння моў да літаратурных перакладаў і ўзаемных навуковых даследванняў. 

Выданне ўключае шырокі даведачны апарат і адрасавана сінолагам, літаратуразнаўцам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй культурных узаемадносін паміж Кітаем і Расіяй. 

Звернем увагу на некаторыя штрышкі, якія маюць дачыненне ў кнізе «Гісторыя літаратурных сувязяў Кітая і Расіі» да гісторыі і культуры Беларусі. Як перакладчык (адзін з перакладчыкаў!) «Сівой дзяўчыны», аўтарамі якой з’яўляюцца ХЭ Цзін-чжы і ДЗІН І, згадваецца Сямён Міхайлавіч Бытавой (1909 — 1985), які нарадзіўся ў Жлобіне Рагачоўскага павета, на Гомельшчыне. Рускі паэт, празаік, перакладчык, журналіст, працаваў у даваенныя гады на Далёкім Усходзе. Акрамя арыгінальнай творчасці займаўся перакладамі з кітайскай мовы. У звязку з размовай пра выдавецтва «Жэньмінь вэньсю чубвэньшэ» гаворыцца пра кнігу народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава — «Выбраная проза В. У. Быкава». 

Ёсць у кнізе і згадка пра рускага і савецкага арабіста, усходазнаўцу Ігнація Крачкоўскага (1883 — 1951), які нарадзіўся ў сям’і дырэктара Віленскага настаўніцкага інстытута Юліяна Крачкоўскага, ураджэнца вёскі Азяты Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. У кнізе —і інфармацыя пра даследчыка і пісьменніка Восіпа Сянькоўскага (1800 — 1858), ураджэнца Віленскага павета (рускі і польскі ўсходазнаўца некаторы час вучыўся ў Мінскім калегіўме). 

Даволі часта ў даследванні ідзе размова пра легендарнага перакладчыка вялікіх кітайскіх раманаў «Троецарствие» і «Сон в красном тереме» Уладзіміра Панасюка (1924 — 1990), які нарадзіўся ў Полацку, на Віцебшчыне. Дадзена і бібліяграфія іншых яго перакладаў. Дарэчы, сёлета, 28 лютага — 100 гадоў з дня нараджэння гэтага ўнікальнага творчага чалавека, мовазнаўца, перакладчыка. Масштаб здзейсненага Уладзімірам Панасюком патрабуе шырокага асэнсавання і вартага ўшанавання. Мо з часам у Полацку ці ў Віцебску з’явіцца вуліца, названая ў гонар Уладзіміра Панасюка?.. Будзем на гэта спадзявацца. Такая адзнака стане годным актам дружбы адразу трох краін — Беларусі, Кітая і Расіі. 

У Мінску кнігу ЛІ Мін-бінь і ЧЖА Сяо-янь «Гісторыя літаратурных сувязяў Кітая і Расіі» можна набыць у кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72. Выданне з’яўляецца часткай цэлай праграмы даследванняў, якія раскрываюць сувязі кітайскай літаратуры з прыгожым пісьменствам іншых краін і рэгіёнаў — да ўвагі чытачоў наступныя выпускі серыі: кітайска-арабскі том; кітайска-усходнееўрапейскі том; кітайска-карэйскі; кітайска-нямецкі; кітайска-паўднёва-усходнеазіяцкі том; кітайска-французскі; кітайска-канадскі;, кітайска-амерыканскі, кітайска-партугальскі; кітайска-японскі; кітайска-грэка-яўрэйскі; кітайска-іспанамоўны; кітайска-італьянскі; кітайска-індыйскі; кітайска-англійскі; кітайска-цэнтральна- і ўсходнееўрапейскі том. 

Галоўныя рэдактары серыі ЦЯНЬ Лінь-сэнь і ЧЖОЎ Нін адзначаюць: «Наша кніжная серыя заклікана мабілізаваць калектыўны розум вучоных, якія працуюць у дадзенай галіне, дэталёва разабраць і засвоіць ужо атрыманыя рэзультаты, пераасэнсаваць і наноў ацаніць існуючыя даследчыцкія парадыгмы, метады, тэорыю, раней напісаныя даследванні і вопыт, адфільтраваць і выбраць патрэбнае, выдаліць сумніўнае і пакінуць сапраўднае — у надзеі правесці глыбокія вышукі і ўсебакова развіць тэму літаратурных сувязяў Кітая з замежнымі краінамі, надаўшы ёй наватарскае аблічча». 

Шырыня ахопленай у кнізе «Гісторыя літаратурных сувязяў Кітая і Расіі» прасторы ўражвае, з’яўляецца прыкладам для іншых краін і іншых навуковых школ. Праз выданне паказаны прыклад, як у межах аднаго творчага і навуковага праекта можна выбудаваць грунт для будучых навуковых і практычных памкненняў. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.